У добры час, у добры шлях!

Вось і надышоў час развітання з дзяцінствам, са школай. Наперадзе ў выпускнікоў новае, невядомае жыццё — з радасцямі і хваляваннямі, клопатамі і чарговымі перамогамі. І падчас традыцыйнага раённага балю, які адбыўся на плошчы Шаранговіча ў мінулую суботу, менавіта яны — галоўныя героі.

Прыгажуні-дзяўчаты — у модным убранні, з прычоскамі, якія ім вельмі пасавалі да твару, і юнакі — элегантныя, не па гадах сур’ёзныя, крышку заклапочаныя. Навакольныя з захапленнем і замілаваннем пазіралі на прадстаўнікоў маладога пакалення — будучыню Беларусі і радаваліся разам з імі — і цёпламу сонечнаму вечару, і незабыўнаму святу юнацтва.
Вядучыя — Іван Нехвядовіч і Вольга Фешчанка шчыра вітаюць прысутных. Затым называюць установы адукацыі, расказваюць пра поспехі і дасягненні юнакоў і дзяўчат, якія пад дружныя апладысменты бацькоў, родных, знаёмых заходзяць на плошчу. Пачынае шэсце выпускнікоў гімназія-інтэрнат г. Мядзела. Затым ідуць выпускнікі Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі, Занарацкай СШ, Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ, Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Мядзельскага ВПК яслі-сад-СШ, Нарацкіх сярэдніх школ №1 і №2. Ганарацца сваімі ўжо былымі адзінаццацікласнікамі таксама Сваткаўскі ВПК дзіцячы сад-СШ імя Максіма Танка, Свірскі ВПК дзіцячы сад-СШ, Слабадская СШ імя Адама Гурыновіча, Старлыгскі ВПК дзіцячы сад-СШ імя Івана Аніські.
Выпускны баль аб’яўляецца адкрытым. Да мікрафона запрашаецца старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка:
— Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства! Дарагія выпускнікі! Так склалася, што своеасаблівыя “дажынкі” ў адукацыі святкуюцца нашмат раней, чым у сельскай гаспадарцы. Чэрвень завяршае першую палову года каляндарнага і адначасова падводзіць рысу пад годам вучэбным. Сёння 202 выпускнікі атрымаюць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, 7 з іх — атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджваннем залатым медалём. Пахвальныя лісты будуць уручаны 38 вучням. Прыемна, што па выніках удзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы раёна тры дыпломы. Адзін з іх, дыплом першай ступені, атрымала выпускніца гімназіі-інтэрната г. Мядзела Наталія Роўда. Па выніках конкурсаў даследчых работ дыплом першай ступені рэспубліканскага ўзроўню — у выпускніцы Нарацкай СШ №2 Анастасіі Вінаградавай. Выпускніца Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Максіма Танка Вікторыя Кайко — прызёр XI міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа”, Кацярына Калеснік, выпускніца гэтай жа ўстановы адукацыі, — пераможца абласнога конкурсу літаратурных музеяў. Мядзельшчына славіцца творчымі людзьмі. Сярод выпускнікоў таксама ёсць юныя таленты.

Гэта — Таццяна Касцюк, Вераніка Вайнілка са Свірскага ВПК дзіцячы сад-СШ, Вадзім Рослік з Занарацкай СШ, Вікторыя Гурыновіч з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі і многія іншыя. Спартыўнымі дасягненнямі праслаўляюць наш родны край выпускнікі спартыўнага класа Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Антон Смолка, Мікіта Малько, Сяргей Азарка, Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі — Марыя Масевіч. Паважаныя юнакі і дзяўчаты! Хачу пажадаць, каб душэўны пад’ём, які вы зараз перажываеце, натхніў вас на жыццё яркае, асэнсаванае, жыццё дзеля самых блізкіх і дарагіх вам людзей, на карысць роднай Мядзельшчыны, якая благаслаўляе вас у добры шлях!
Затым старшыня райвыканкама ўручыў залатыя медалі выпускнікам. У шэразе самых дастойных — Алёна Вяршыла, Оскар Усціновіч са Свірскага ВПК дзіцячы сад-СШ, Аляксандр Мартысюк, Надзея Сіськевіч, Яна Фалевіч з Нарацкай СШ №2, Наталія Роўда з гімназіі-інтэрната г. Мядзела, Вадзім Рослік з Занарацкай СШ.
Ад імя выпускнікоў выступіў Вадзім Рослік. Ён падзякаваў настаўнікам за самаадданую працу, за мудрасць, неабыякавасць, анёльскую дабрыню, бацькам — за разуменне, падтрымку і цярпенне. Запэўніў, што выпускнікі 2018 года не падвядуць. Яны пастараюцца знайсці сваё месца ў жыцці, каб прыносіць карысць роднай Мядзельшчыне. У пацвярджэнне гэтых слоў прагучала песня “Гісторыя майго жыцця”, якую выканала выпускніца Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Вікторыя Гурыновіч.
Наступны прамоўца — начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава. Яна падкрэсліла, што
сёння закрываецца апошняя старонка адзінаццацітомніка пад назвай “Школьнае жыццё”, напоўненага многімі падзеямі, якія застануцца ў памяці юнакоў і дзяўчат. Падзякавала настаўнікам за мудрасць, дабрыню, цярпенне. Параіла выпускнікам знайсці сябе ў дарослым жыцці, упэўнена ісці да пастаўленай мэты. Пажадала поспехаў і ўдачы на гэтым няпростым шляху. А самае галоўнае — з набытымі прафесіямі вярнуцца на сваю малую радзіму, дзе ім заўсёды рады. Таццяна Генадзьеўна ўручыла падзячныя пісьмы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама бацькам выпускнікоў, якія найбольш вызначыліся ў вучобе, грамадскай дзейнасці.
Ад імя бацькоў выступіў Віктар Сіськевіч. Віктар Міхайлавіч падзякаваў настаўнікам за іх руплівую працу на ніве адукацыі азёрнага краю, а выпускнікам пажадаў выбраць прафесію, якая б прыносіла радасць і задавальненне. Заклікаў любіць сваю зямлю і ганарыцца тым, што нарадзіліся і жывуць у Беларусі. У знак любові і ўдзячнасці бацькам музычнае прывітанне ім даслалі выпускніцы гімназіі-інтэрната г. Мядзела Валерыя Купрэвіч і Вікторыя Мадэкша, якія праспявалі песню “Белая лодка”.
Па традыцыі дэлегацыя выпускнікоў накіравалася да брацкай магілы, дзе пахаваны воіны-вызваліцелі, якія загінулі, абараняючы нашу Радзіму, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць герояў. А тым часам свята прадоўжылася. Хораша песню “Апошні званок” выканала выпускніца са Свіры Таццяна Касцюк. Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства стаў вальс у выкананні дзіцячага ўзорнага танцавальнага калектыву, які адпачывае зараз у НДЦ “Зубраня”. У віхуры танца закружыліся па плошчы прыгажуні-дзяўчынкі ў беласнежных сукенках са сваімі статнымі кавалерамі. Мяркую, не адну мяне пакарыла грацыёзнасць юных танцораў, якіх змянілі пад гукі вальса выпускнікі. Імгненні гэтыя, вядома, ніколі больш не паўторацца ў іх жыцці, але яны застануцца ў памяці назаўсёды.
Па добрай традыцыі хлопчыкі і дзяўчынкі паднеслі старастам класаў устаноў адукацыі раёна сімвалічныя падарункі, каб яны пакінулі іх у сценах роднай школы на добрую памяць аб выпуску-2018. А закончылася свята запускам у неба рознакаляровых паветраных шароў, сімвалізуючых палёт юнацтва.
Пасля агульнай урачыстай часткі выпускнікі раз’ехаліся па школах, дзе свята прадоўжылася…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

***
Забыць нельга,
запомніць!
Пакуль рыхтаваўся газетны нумар, настаўніца гімназіі-інтэрната г. Мядзела Вікторыя Сяклюцкая даслала ў рэдакцыю допісы-разважанні выпускнікоў установы і іх класнага кіраўніка. Яны, вядома, заслугоўваюць увагі, і таму некаторыя з іх прыводзім.
Ксенія РОЎДА: “Развітвацца з гімназіяй — значыць развітвацца з большай часткай майго цяперашняга жыцця. Мне шкада пакідаць гімназію, я буду па ёй сумаваць. Але, з іншага боку, мяне чакаюць новае жыццё, новыя людзі, новыя гарызонты. Невядомая будучыня інтрыгуе і карціць з ёй хутчэй пазнаёміцца”.
Вікторыя МАДЭКША: “Удзячна кожнаму настаўніку, бо яны ўклалі ў нас усё самае лепшае, выхавалі характар, далі падмурак для будучага дарослага жыцця. Час, праведзены ў гімназіі, незабыўны…”
Наталія РОЎДА: “Засёды буду памятаць школьную пару. Гімназію, якая стала другім родным домам, настаўнікаў, якія, хоць і строгія, але прыязныя і вельмі добрыя. А асабліва буду памятаць сваіх аднакласнікаў. Мы сталі сапраўднай сям’ёй. І я спадзяюся, што атрымаецца захаваць нашу дружбу на ўсё жыццё”.
Анатоль МАЦЮШОНАК: “Усе мае аднакласнікі — неардынарныя асобы. Упэўнены, што яны даб’юцца поспеху і будуць памятаць, дзе і хто фармаваў іх жыццёвыя погляды і каштоўнасці. Буду сумаваць і па настаўніках. Яны дапамагалі ажыццяўляць нашы мары, і, гледзячы на гэта, хацелася вучыцца і працаваць”.
Кірыл ЛЁТКА: “ Часам здавалася, што вучоба ў гімназіі будзе доўжыцца вечна. Але вось ужо і фініш. Сумна ад думкі пра тое, што ўжо не будзеш кожны дзень бачыць настаўнікаў, якія навучалі не толькі свайму прадмету, але і жыццю… Трымайцеся, выпускнікі! У добры шлях!”
Ірына СКУРКО: “ Мне падабалася вучыцца ў гімназіі: у мяне былі выдатныя настаўнікі, самыя крутыя аднакласнікі, бацькі ўсяляк апекавалі і клапаціліся, а мая задача была — проста вучыцца. Дзякую настаўнікам за цярпенне, веды і падтрымку”.
Надзея НЫРЦОВА: “Мы стаім на парозе дарослага жыцця. Гэта хвалююча, бо давядзецца развітвацца са сваім ранейшым жыццём і пачынаць з чыстага аркуша. Ззаду столькі прыемных успамінаў: урокі, перапынкі, сустрэчы, паездкі… Родная гімназія, любімыя настаўнікі, сябры назаўжды будуць жыць у маім сэрцы”.
Алеся МІХАЙЛОЎСКАЯ: “Як бы хацелася ўсё вярнуць назад. Але трэба рухацца наперад. Я ўдзячна кожнаму настаўніку, свайму класнаму кіраўніку Наталлі Анатольеўне Клімовіч за ўсё, што для нас рабіла. Гімназія — другі дом! Бывай! Я цябе ніколі не забуду”.
Ілья ХВАЛЬКО: “За час вучобы знайшоў лепшых сяброў, навучыўся цаніць дробязі. Хачу сказаць дзякуй настаўнікам, якія дапамагалі ўдасканальвацца і не давалі падаць духам. Жадаю сваім сябрам-аднакласнікам вызначыцца ў жыцці, займацца тым, да чаго ляжыць душа. Не забывайце таго месца, дзе выраслі”.
Лізавета СЯКЛЮЦКАЯ: “Мне страшна, але так цікава! Новы свет, які тоіць у сабе столькі новага і захапляльнага! А ведаеце, я не веру, што нам прыйдзецца развітацца. Столькі ўсяго было за гэтыя гады! Дрэннае сыдзе, у памяці застанецца толькі добрае. І гэта добрае будзе вельмі доўга грэць нас знутры (магчыма, усё жыццё), нагадваючы аб цудоўнай пары дзяцінства…”
Наталля Анатольеўна КЛІМОВІЧ, класны кіраўнік: “Мае выпускнікі сталі блізкімі мне людзьмі, і, вядома, мне іх будзе не хапаць. Спадзяюся, што шмат чаму навучыла дзяцей, шмат чаму навучылі і яны мяне. А зараз адным назоўнікам паспрабую вызначыць тую якасць, якую б запазычыла ў сваіх вучняў. Крысціна — Мудрасць, Ілья Д. — Ветлівасць, Яўген — Дабрыня, Валерыя — Стыль, Ксенія Р. — Душэўнасць, Анатоль — Надзейнасць, Лізавета — Запал, Юрый — Разважнасць, Павел — Майстэрства, Ірына — Мэтанакіраванасць, Надзея — Настойлівасць, Ілья Х. — Клопат, Кірыл — Знаходлівасць, Дзмітрый — Зухаватасць, Цімафей — Бяскрыўднасць, Наталія — Цвёрдасць, Алеся — Пакорлівасць, Вікторыя — Пераборлівасць, Алёна — Бойкасць, Ксенія Т. — Адказнасць, Анастасія — Адоранасць, Уладзіслаў — Непахіснасць. На маіх вачах дзеці сталі самастойнымі і дарослымі. Праводзячы сваіх птушанят у свабодны палёт, жадаю ім дабра, удачы, шчасця, любові і моцных крылаў. У маім сэрцы выпускнікі 2018 года пакідаюць добры след”.



13 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Касцёл у Шэметава   dsc_5774-3 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела