У Вузле рэалізаваны гуманітарны праект

Нямала добрых спраў на рахунку Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія”, спонсарам якога з’яўляецца Гуманітарная служба Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, мецэнатаў прадастаўляецца дапамога людзям, якія маюць у ёй патрэбу, у розных краінах свету. На працягу 2017-2018 гадоў названае грамадскае аб’яднанне ажыццяўляе гуманітарныя праекты ў многіх установах сацыяльнага тыпу Мінскай вобласці. Прыемна, што ў гэтым спісе і аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, размешчанае ў вёсцы Вузла. А атрымала яно ў якасці спонсарскай дапамогі дзве пральныя машыны і сушыльны аўтамат, разлічаныя на 8 кілаграмаў бялізны, электранагравальнік, 6 крэслаў і 4 прыложкавыя тумбачкі. Днямі гуманітарныя валанцёры Пол і Уэндзі Дотсаны разам з выканаўчым дырэктарам Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія” Сяргеем Зубовічам пабывалі ў Вузле, каб пабачыць на свае вочы, як выкарыстоўваецца там прадастаўленае імі абсталяванне (гарантыя на яго 10 гадоў).
З размовы з амерыканскімі гасцямі даведалася, што самі яны са штата Юта. Прыехалі на два гады ў Беларусь для ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці. За гэты час рэалізавалі звыш 30 розных праектаў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў пражывання ва ўстановах сацыяльнага тыпу пажылых грамадзян, дзяцей-інвалідаў, маладых інвалідаў. Акрамя таго, асобныя праекты закранаюць і сферу медыцыны. Напрыклад, летась з карысцю для прысутных прайшла канферэнцыя, прысвечаная дзецям, хворым на аутызм: па ранняй дыягностыцы захворвання, лячэнні і абслугоўванні такіх пацыентаў. У Віцебску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Гродне прайшлі праекты-трэнінгі з удзелам неанатолагаў для навучання мясцовых спецыялістаў першаснай рэанімацыі нованароджаных. Восенню такі праект будзе рэалізаваны для спецыялістаў Мінскай вобласці.
У ходзе гутаркі адчувалася неабыякавасць Пола і Уэндзі да праблем, якімі яны бескарысліва займаюцца. Увогуле было прыемна з імі размаўляць. Прычым, не толькі наконт дзейнасці, якой прысвяцілі значную частку свайго жыцця, але і на розныя іншыя тэмы. Напрыклад, пра тое, як яны перанеслі зімой вялікія маразы, бо на іх радзіме слупок тэрмометра ніжэй за нуль градусаў па Цэльсію не апускаецца, як упершыню ў Беларусі ўбачылі снег, які зіхацеў на сонцы, прыгожыя дрэвы, пакрытыя інеем, пра гасціннасць і шчырасць жыхароў нашай краіны і пра многае іншае. Дарэчы, у сямейнай пары Дотсанаў пяцёра дзяцей і 13 унукаў, самаму малодшаму з якіх толькі адзін год. Уэндзі паведаміла, што некаторыя дзеці пабывалі ўжо ў Беларусі, а адзін з сыноў са сваёй сям’ёй у хуткім часе прыедзе сюды на канферэнцыю.
Дырэктар ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Валянцін Місуна шчыра падзякаваў Дотсанам за адчувальную дапамогу, якую яны аказалі аддзяленню ў Вузле. Затым госці разам з кіраўніком цэнтра, загадчыкам аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Мядзельскага ТЦСАН Аленай Яновіч, загадчыцай гаспадаркі аддзялення ў Вузле Аленай Уліцкай прайшліся па памяшканнях, паглядзелі ўстаноўленае абсталяванне. Падчас агляду будынкаў, тэрыторыі з кветкавымі кампазіцыямі, дэкаратыўным кустоўем, садам, цяпліцай, агародам валанцёры з ЗША выказвалі задавальненне ад убачанага. Яны адзначылі добрыя ўмовы для пражывання састарэлых грамадзян і інвалідаў, кампетэнтнасць і ўважлівасць абслугоўваючага персаналу, чысціню і ўтульнасць, якая створана навокал. З замілаваннем гаварылі і пра прыгажосць прыроды нашых мясцін. Асабліва парадавала сямейную пару Дотсанаў, што гуманітарны праект рэалізаваны, і дапамога, якую яны бескарысліва аказалі аддзяленню ў Вузле, будзе служыць людзям, якія па волі лёсу вымушаны тут праводзіць пэўную частку свайго жыцця.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



12 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          Царква ў Крывічах на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела