За плячамі — добрая школа жыцця

ЗНАЁМСТВА з Паўлам Перадрэевым адбылося хутка пасля яго звальнення ў запас. Хлопец ахвотна дзяліўся сваімі ўражаннямі пра вайсковую службу, расказваў пра сяброў, якіх там займеў, пра камандзіраў.
Павел — карэнны жыхар азёрнага краю. Родам з засценка Брылі Нарацкага сельсавета. Прызываўся на службу ў лістападзе 2016 года. А праходзіў яе ў элітным родзе войск — сілах спецыяльных аперацый, а гэта ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску.

— Як прызвычайваліся да новых абставін?
— Вядома, складана было на першым часе. Памятаю, як нас прывезлі ў часць, выдалі форму, рассялілі, пазнаёмілі з камандзірамі. І пачалося жыццё па распарадку: ад пад’ёму да адбою, дзе кожная хвіліна распісана. Але гэта і дысцыплінавала. Пасля прызвычаіліся, і ўсё пайшло сваім шэрагам.
— Ці памятаеш дзень прысягі?
— Так. Гэта быў увогуле і радасны, і хвалюючы дзень. Мы ж давалі клятву на вернасць Радзіме, беларускаму народу. І сёння ў вушах тыя словы. Напэўна, яшчэ доўга іх не забуду. Было прыемна бачыць на ўрачыстасці знаёмыя твары. У той дзень прыехалі ў часць матуля, сястра, пляменнікі і мая дзяўчына. Рэштку дня правялі разам. Усё ніяк не маглі нагаварыцца. Назаўтра нас, навабранцаў, размеркавалі па падраздзяленнях, і пачалося сапраўднае армейскае жыццё.
— Ці даводзілася скакаць з парашутам?
— Канечне. Страшнавата было, але ўсё атрымалася, гэта галоўнае.
— Што яшчэ ўзгадваецца пра армейскую службу?
— Найперш дэсантнае братэрства. Тыя, хто служыў у паветрана-дэсантных войсках, ганарацца гэтым і падтрымліваюць між сабой сувязі. Толькі добрае магу сказаць пра камандзіраў, якія нас і навучалі, і апякалі. Словам, былі нам за бацькоў. Шмат падказвалі, асабліва на першым часе, і старэйшыя саслужыўцы. Сярод дэсантнікаў няма дзедаўшчыны. Гэта такі род войск, дзе ўсе даражаць адзін адным, дапамагаюць.
— А як падтрымлівалі сувязь з роднымі?
— Праз пісьмы. Дасылаў іх і сваёй дзяўчыне Марыне, і родным. Мабільнікаў нам не дазвалялася мець пры сабе. Праўда, калі штосьці было патрэбна, камандзір даваў тэлефон, каб маглі звязацца з бацькамі.
— Напэўна і ў вучэннях даводзілася ўдзельнічаць?
— Так. Памятаюцца вучэнні “Захад-2017”, сумесныя з расійскімі войскамі. Праходзілі яны каля Пскова. Тры тыдні мы жылі ў палявых умовах. Няпроста было, асабліва напачатку, але разам з тым і цікава. Даводзіліся ўсім канкрэтныя задачы, якія патрэбна было выканаць. Сваё камандаванне мы не падвялі: справіліся з заданнем выдатна.
— Ці была магчымасць сустрэцца на прывале з саслужыўцамі з братняй Расіі?
— Так, была магчымасць і пагаварыць, і падзяліцца ўражаннямі ад сумесных вучэнняў. Калі ў нас у паветрана-дэсантных войсках пераважаюць юнакі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, то ў Расійскай Федэрацыі — гэта ў асноўным кантрактнікі. Узбраенне ў беларускай арміі сучаснае…
— Ты тады адзін прызываўся з Мядзельшчыны ў сілы спецыяльнага прызначэння, ці былі яшчэ іншыя хлопцы?
— Разам са мной сем чалавек патрапілі ў 103-ю Віцебскую асобную паветрана-дэсантную брыгаду. Служылі ўсе ў адной часці, толькі ў розных падраздзяленнях. Быў і хлопец з Лотвы. Ён, дарэчы, застаўся там служыць па кантракце.
— Не шкадуеш, што пайшоў служыць?
— Ніколькі. Мне асабіста армія шмат дала: у плане выхавання вынослівасці, вытрымкі. Менавіта там усвядоміў, што магу, што сабой уяўляю. Цяпер цяжкасцей ніякіх не баюся. Дзякуючы армейскай дысцыпліне, стаў больш адказным, навучыўся цаніць час.
— Што будучым прызыўнікам пажадаеш?
— Раю хлопцам не баяцца службы. Бо армія загартоўвае характар, што трэба і ў мірным жыцці. А ўвогуле быць абаронцам — спрадвечны абавязак кожнага мужчыны.
— Што збіраешся рабіць далей?
— Зараз праходжу медыцынскую камісію і збіраюся ўладкавацца на службу ў Дэпартамент аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
— Ну што ж, зычу табе, Павел, поспехаў і ўсяго самага добрага ў жыцці.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Павел Перадрэеў.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



12 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка         возера Мястра  возера Мястра wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела