Больш за два вядры ад каровы! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Больш за два вядры ад каровы!

На першай прыступцы ў аператыўнай зводцы аб надоях малака ў гаспадарках раёна знаходзіцца ААТ “Сваткі”. Вось і пацікавілася ў галоўнага эканаміста таварыства, намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Алы Тарасёнак, пра якую з фермаў можна расказаць.
— Лепш напішыце пра “Новікі”, — паведаміла Ала Іванаўна. — Гэта ферма ўпэўнена ў нас трымае лідэрства. Асноўнае малако тут дае, вядома, даільны блок. Але і ў старым кароўніку справы ладзяцца. А лепш давайце з’ездзім туды, на свае вочы ўсё і пабачыце.
Даведалася, што на ферме разам з цялушкамі, маленькімі цяляткамі ўтрымліваецца звыш тысячы галоў, у тым ліку ў малочным даільным блоку — 327 кароў. Усе працэсы механізаваны, таму працуюць толькі тры даяркі: сёстры Святлана Герасімовіч і Ірына Бабровіч, а таксама Марыя Субач. Усе, як адна, руплівыя, добрасумленныя. З душой адносяцца да даручанай справы, жывёлу любяць. Напрыклад, Святлана з 2002 года з’яўляецца аператарам машыннага даення кароў. Пачынала ў “Няверах”, а калі ўвялі ў дзеянне сучасны малочны даільны блок, перайшла ў “Новікі”. Не адзін раз была правафланговай не толькі па сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Ды і на старонках раённай газеты пра яе неаднойчы пісалі. Ірына на комплексе амаль паўтара года. Таксама вызначаецца стараннасцю, адказнасцю. Што датычыць Марыі, то яна — старажыл жывёлагадоўчай галіны таварыства, чалавек шчыры, неабыякавы.
— У даільнай зале ўсё малако ідзе ў агульную капілку, — працягвае мая суразмоўца. — Таму паказчык у дзяўчат аднолькавы. Дарэчы, нядрэнны. За 5 месяцаў бягучага года яны атрымалі 1104 тоны малака, а гэта 48,1% ад усяго надоенага ў таварыстве. За гэты ж перыяд 51% малака, прададзенага дзяржаве, таксама даў малочны даільны блок.
— Чым растлумачыце такія вынікі? — пытаюся ў галоўнага эканаміста таварыства.
— Складаемых поспеху шмат, — чую ў адказ. — Добра адладжаны тэхналагічны працэс. Даенне трохразовае. Не ўзнікае ніякіх пытанняў па дысцыпліне. Нядрэнная і кармавая база. У рацыёне рагуль канцэнтраты, зялёная падкормка. Адпаведная работа праводзіцца па ўзнаўленні дойнага статка. Выдатным спецыялістам з’яўляецца тэхнік-асемянатар Вольга Усовіч. Дарэчы, у Вольгі за мінулы год выхад цялят на 100 кароў склаў 104%. Стараецца малады ветэрынарны ўрач Тадэвуш Страла. На месцы тут і загадчыца Таццяна Субач — неабыякавая, адказная, якая ва ўсім любіць парадак. У сукупнасці гэта ўсё і дае нядрэнныя вытворчыя вынікі. А хочаце ў людзей яшчэ запытайцеся. Вунь сёння сёстры-даяркі працуюць.
— Сапраўды, калектыў у нас дружны, — дадае Святлана Герасімовіч. — Пры набходнасці замяняем адзін аднаго, дапамагаем. Не дзелім работу на сваю і чужую. Кожны перажывае за даручаную справу, з любоўю адносіцца да жывёлы. Той жа слесар Віктар Свірыда. Ведаем яго як шчырага, адказнага, безадмоўнага чалавека. Ён тут з пачатку адкрыцця даільнай залы. Акрамя абавязкаў слесара, а сочыць за работай усяго абсталявання, дапамагае таксама і жывёлу ў залу заганяць.
Ад Алы Іванаўны даведалася, што цялятак ад кароў з малочнага даільнага блока з першых дзён з’яўлення на свет да перыяду перадачы на дарошчванне на ферму “Рудзевічы” даглядае цялятніца Зоя Купрэвіч, таксама старанная, добразычлівая жанчына. Маленькіх гадаванцаў у яе зараз 83 галавы. Дзякуючы адказным адносінам да даручанай справы захаванасць цялят 100%. Стараюцца таксама даглядчыкі жывёлы Андрэй Місуна, Андрэй Свірэпаў, Аляксей Сташкевіч, якія не толькі кормяць жывёлу, але і заганяюць яе ў даільную залу. Прывозіць “зялёнку” з поля на ферму на кормараздатчыку Дзмітрый Герасімовіч.
На старым кароўніку таксама штат укамплектаваны. Там працуюць чатыры асноўныя даяркі і адна падменная, слесар, тры пастухі, дзённы і начны вартаўнікі. Даенне кароў тут двухразовае. Жывёла знаходзіцца на пашы з 8 гадзін раніцы да 8 вечара. Пасьба — франтальная, з выкарыстаннем электрапастуха. Пастухі Сяргей Бічун, Аляксандр Баўтруковіч і Васілій Захаранка пастаянна сочаць за тым, каб былі соль, вада. Вядома ж, паказчыкі ў старым кароўніку ніжэйшыя, чым у малочным даільным блоку, тым не менш таксама важкія. Практычна на адным узроўні надоі малака ад каровы ва ўсіх даярак, якія тут працуюць, — у Аксаны Швайкоўскай, Вольгі Густамясавай, Наталлі Дзьяканчук, Ганны Баўтруковіч.
Як паведаміла Ала Іванаўна, за суткі рагуля з фермы “Новікі” дае ў сярэднім па 26,1 кілаграма малака. Валавы надой малака па ферме за студзень-май бягучага года склаў 1481 тону, а гэта 66,4% ад усёй прадукцыі, атрыманай па таварыству. Амаль 70% малака, якое прададзена за гэты ж час дзяржаве, менавіта з Новікаў. Высокая і яго таварнасць — 93,3%. У сярэднім за дзень паступае адсюль на Нарачанскі ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” 11 тон малака.
Даяркі дадалі, што часта на ферме бываюць кіраўнік таварыства, спецыялісты, якія цікавяцца справамі, даюць слушныя парады. Вось і стараюцца адказваць на ўважлівыя да сябе адносіны паўсядзённай стараннай працай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



12 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 0-178 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси