Зносіны без межаў

— Прывітанне! Як у цябе справы? — пытаецца ў мяне маленькі ўсмешлівы хлопчык, як толькі заходжу ў корпус “Азёрны прычал” Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.
— Проста выдатна! — адказваю і бачу, што ён мяне не разумее. — А ў цябе як справы?
— Добра, — зноў радасна адказвае хлопчык, а я цяпер чую ледзь прыкметны акцэнт. — Як цябе завуць?

Так я пазнаёмілася з Мухамедам, адным са ста пяцідзесяці дзяцей, якія прыехалі ў “Зубраня” з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Яны будуць адпачываць тут да 11 чэрвеня. А затым пачнецца другая змена, якую наведаюць яшчэ сто пяцьдзесят хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта — навучэнцы школ, дзеці загінуўшых герояў, дзеці-сіроты — тыя, хто пацярпеў ад вайны.
Запрашэнне дзяцей з Сірыі ў Беларусь — адзін з этапаў рэалізацыі дамоўленасцей па супрацоўніцтве ў гуманітарна-адукацыйнай сферы паміж нашымі краінамі. Распараджэнне аб аздараўленні было падпісана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Сірыйскіх дзяцей чакаюць не толькі санаторна-аздараўленчыя працэдуры, але і экскурсіі, спартыўныя мерапрыемствы, паездкі ў сталіцу і іншыя рэгіёны краіны. Сродкі на гэта выдзяляюцца з прэзідэнцкага Рэзервовага фонду…
Мухамед любіць купацца ў возеры, ніколі не прапускае дыскатэку і бянтэжыцца, калі прапануеш сфатаграфавацца. Яму падабаецца весяліцца разам з сябрамі і знаёміцца з новымі людзьмі. Гэта ў яго выдатна
атрымліваецца. Жонка яго дзядзькі — руская, і яна навучыла хлопчыка некалькім фразам перад паездкай. Набор невялікі, але, як у лепшых традыцыях любога вандроўніка, хопіць, каб даведацца, як завуць суразмоўцу, дзе ён жыве і як у яго справы, а астатняе — прыкладзецца.
— Нейкіх сур’ёзных праблем у зносінах мы не адчуваем. Вядома, ёсць моўны бар’ер. Але гэта ўсё не адмяняе факту, што мы маем зносіны з дзецьмі. А дзеці, няхай гэта будуць беларусы або сірыйцы, выдатна разумеюць мову жэстаў, — распавядае Марыя Шалуха, важатая трэцяга “Азёрнага” атрада. — Таму важна ўмець знаходзіць нейкі невярбальны кантакт. У нас атрымліваецца гэта выдатна.
— Звычайна дзеці, калі прыязджаюць у лагер, праходзяць перыяд адаптацыі. Хтосьці плача, хтосьці хоча дадому. А як справы ідуць з гэтай зменай?
— Дзеці ўліліся ў наша вірлівае жыццё адразу. Адзінае пытанне ўзнікла, калі сяброў рассялілі ў розныя пакоі, а ім хацелася жыць разам. Але не было слёз і істэрык. Мяркую, гэта таму, што яны адзін аднаго ведаюць, і атрымліваецца, што прыехалі не проста ў незнаёмае месца да незнаёмых людзей, а на адпачынак разам з сябрамі. Нашмат прасцей прывыкнуць, калі вакол шмат сваіх.
— Ці прызнаюць аўтарытэт важатых? Бо цяжка слухацца чалавека, якога ты не разумееш.
— Мы працуем разам з кіраўнікамі дзяцей праз перакладчыкаў, і яны вельмі нам дапамагаюць, калі трэба нешта растлумачыць. Але ўвогуле ў юных сірыйцаў вельмі моцная дысцыпліна, яны дружна і арганізавана ўсё робяць. Таму для нас у гэтым пытанні няма праблем. Калі трэба расказаць пра планы на дзень, вывесці атрад у сталовую або на возера, звяртаемся да кіраўнікоў.
— Зразумела, што дзеці нічым не адрозніваюцца, але можа ёсць нейкія асаблівыя “фішкі” іх цяперашняга жыцця?
— Хіба што не спяць на ціхай гадзіне, але будзем сумленныя, нашы таксама не спяць. Толькі сірыйскія дзеці праводзяць гэты час у зносінах, шмат размаўляюць, абменьваюцца ўражаннямі.
Мы прыехалі ў цэнтр якраз напрыканцы ціхай гадзіны. Адразу пасля яе атрады павялі на аздараўленчыя працэдуры, а затым іх чакала возера, дзе на пляжы ўжо ўключылі музыку.
Паміж карпусамі атрады ішлі калонамі па двое, роўна, не адстаючы і не абганяючы важатых. На працэдурах, пакуль чакалі сваёй чаргі, не спынялі размоў, але варта было медсёстрам звярнуцца да іх праз перакладчыкаў, тут жа ішлі, куды трэба. Нягледзячы на адчуванне мітусні з-за колькасці людзей, нейкіх “пробак” не ўзнікала. Усё выконвалася зладжана і хутка.
Пасля працэдур мне ўдалося пагутарыць з адной з кіраўніц. Хамда Аль Хусэйн прыехала з Сірыі разам з групай.
— На вашу думку, што значыць гэтая паездка для дзяцей?
— Гэта вялікі шанц пазнаёміцца з новымі людзьмі, сустрэць сяброў, далучыцца да новай культуры. Лагер дапаможа адвесці ўвагу ад жыццёвых трагедый і забыць пра вайну. Важна, што тут дзеці могуць і адпачываць, і весяліцца. І яшчэ прыемна, што падчас адпачынку яны праходзяць аздараўленчыя працэдуры.
— Што ім больш за ўсё падабацца ў “Зубраня”?
— З першага моманту дзевяноста дзевяць працэнтаў нашых дзяцей былі вельмі рады апынуцца ў Беларусі. Для іх тут усё незнаёма і таму цікава. Яны вельмі актыўныя, з задавальненнем прымаюць удзел у мерапрыемствах, гуляюць у спартыўныя гульні. Але, вядома, самая любімая забава ў дзяцей — дыскатэка. Там цалкам знікае моўны бар’ер, яны разумеюць адзін аднаго без слоў, знаёмяцца, весяляцца разам з беларускімі дзецьмі.
Хлопцы з атрада слухаюць свайго кіраўніка і ківаюць. Слова “дыскатэка” выклікае смех. Наогул, за ўсю прагулку па лагеры мне не сустрэлася ні адно сумнае дзіця, а значыць, галоўная мэта супрацоўніцтва была дасягнута.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



11 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах        Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-178

Пабрацімы Мядзела