ДЫМ ЦЫГАРЭТЫ З МЕНТОЛАМ… | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

ДЫМ ЦЫГАРЭТЫ З МЕНТОЛАМ…

АКАЗВАЕЦЦА, для здароўя чалавека дым цыгарэты надзвычай шкодны. І зусім не выпадкова ўсе цывілізаваныя краіны вядуць барацьбу з тытунёвай эпідэміяй. Яго спажыванне ўяўляе пагрозу для любога чалавека, незалежна ад яго полу, узросту, культуры ці адукацыі. Больш за тое, цягне за сабой пакуты і цяжкія хваробы. Штогод, вы толькі ўдумайцеся, у выніку курэння ў свеце памірае каля шасці мільёнаў чалавек. Заўзятыя аматары тытуню губляюць каля васямнаццаці гадоў патэнцыяльнага жыцця. Вучонымі ўстаноўлена, што пры выкурванні аднаго пачка цыгарэт чалавек атрымлівае дозу радыяцыі ў сем разоў большую за тую, якая прызнана максімальна дапушчальнай. А радыяцыя тытунёвага паходжання разам з іншымі канцэрагеннымі рэчывамі — галоўная прычына ўзнікнення каля двух дзясяткаў анкалагічных захворванняў: лёгкага, стрававода, гартані, падстраўнікавай залозы… Курэнне таксама адзін з асноўных фактараў развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Так, рызыка сардэчнага прыступу, а часам і спынення сэрца,узрастае да 10 разоў. Прагрэсіруюць курыльшчыкі і па інфаркту міякарда, інсульту. Кожны сёмы з іх сутыкаецца з захворваннем, ад якога церпяць сасуды ніжніх канечнасцей.
Нікацін уцяжарвае цячэнне гіпертанічных хвароб, гастрыту. А пры язвавай хваробе, тромбафлебіце, інфакце міякарда выздараўленне без адмовы ад курэння і наогул немагчыма. Сінільная кіслата, якая знаходзіцца ў тытуне, выклікае кіслароднае галаданне тканкавага тыпу, парушэнне цэнтральнай нервовай сістэмы. Асабліва шкодна курэнне ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Яно выклікае затрымку росту, прыводзіць да зніжэння фізічнай і разумовай працаздольнасці. У выніку парушэння абмену рэчываў узрастае стамляльнасць, адбываецца агульнае аслабленне арганізма.
Цыгарэты шкодзяць здароўю курыльшчыка. Гэта вядома, бадай, усім. Аднак не ўсе разумеюць, што тытунёвы дым небяспечны і для тых, хто знаходзіцца паблізу. Выяўлены дастаткова высокі ўзровень распаўсюджанасці пасіўнага курэння сярод насельніцтва рэспублікі. Больш за палавіну апытаных вымушаны знаходзіцца побач з курыльшчыкамі ў розных месцах: дома, у гасцях, на працы… І таму самі аказваюцца ў ролі пасіўных курыльшчыкаў. Найбольш часта гэта адбываецца на прыпынках грамадскага транспарта — 40 працэнтаў апытаных, на працы/вучобе — 39,4 і ў гасцях — 32,2 працэнта. Асабліва церпяць маленькія дзеці ў сем’ях курыльшчыкаў. Рэгулярнае знаходжанне разам з бацькамі, якія кураць, часцяком выклікае прыхільнасць да нікаціну, бо ён з дзяцінства знаходзіцца ў іх крыві. Плюс да гэтага — значны пералік негатыўных наступстваў: расстройства сна і апетыту, парушэнне работы ўнутраных органаў, павышаная раздражняльнасць, кепская паспяховасць і адставанне ў фізічным развіцці. Такія дзеці часцей хварэюць і атрымліваюць меншы запас здароў яна дарослае жыццё.
Непапраўная шкода наносіцца будучаму дзіцяці, калі курыць цяжарная жанчына. Тытунёвы дым можа аказаць як маментальнае, так і аддаленае ўздзеянне на арганізм. У прыватнасці, затрымку росту і зніжэнне вагі пры нараджэнні — так званы “тытунёвы сіндром плода” па аналогіі з “алкагольным сіндромам”. Пры гэтым зусім не выключаецца і раптоўная смерць малечы. Падагульняючы ўсё вышэйсказанае так і напрошваецца вывад: шаноўныя людцы, падумайце пра ўласнае здароўе і сваіх блізкіх, кідайце курыць!

Т. АЎСЯНІК.
Урач-валеолаг
цэнтральнай раённай бальніцы.



08 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 1-12 Касцёл у Шэметава   dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси