Лету звонками – ура!

Штогод 1 чэрвеня ўрачыста адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, прайшлі і на Мядзельшчыне.
Асноўная дзея распачалася роўна ў 11 гадзін у Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, з урачыстай цырымоніі адкрыцця раённага Цэнтра бяспекі дарожнага руху. Такі цудоўны падарунак зрабілі дзецям у іх свята Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) сумесна з кампаніяй “АртитекМультима” “АДрайв”. А гэта якраз і ёсць праяўленне клопату пра здароўе і бяспеку падрастаючага пакалення — будучыні Беларусі.
Слова мае старшыня арганізацыйнай структуры ДТСААФ г. Мінска і Мінскай вобласці Сяргей Лучына. Сяргей Міхайлавіч нагадаў пра тую вялікую работу, якую праводзіць таварыства па падрыхтоўцы аўтамабілістаў і навучанні іх бяспечным паводзінам на дарозе. Разам з тым, гэта структура, у якой шырока развіты ваенна-тэхнічныя віды спорту: падводнае плаванне, авіяцыя, радыётэлеграфія, стральба і гэтак далей. Ёсць розныя гурткі і для падлеткаў, у тым ліку па мадэліраванні суднаў, ваеннай тэхнікі, якія хлопчыкі з задавальненнем наведваюць. А што датычыць Цэнтра бяспекі дарожнага руху, то ён, па меркаванні прамоўцы, будзе для школьнікаў выдатным месцам, дзе яны змогуць падчас вучобы ва ўстанове адукацыі атрымаць пасведчанне, а пасля дасягнення 18 гадоў — правы на кіраванне аўтамабілем. І гэта, вядома, пры грунтоўных ведах правілаў дарожнага руху, устройства аўтамашыны, што будзе для іх зусім не лішнім у дарослым жыцці.
А яшчэ пярвічная арганізацыйная структура ДТСААФ Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі ў якасці падарунка атрымала дзве пнеўматычныя вінтоўкі для спартыўнай секцыі па кулявой стральбе.
Да мікрафона запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна павіншавала ўсіх з Міжнародным днём абароны дзяцей.

Прадстаўніца раённай улады падкрэсліла, што невыпадкова ў гэту дату адкрываецца раённы Цэнтр бяспекі дарожнага руху, які будзе несці дзецям і дарослым новыя веды, бяспеку, садзейнічаць захаванню іх жыцця. Прамоўца выказала спадзяванне, што Цэнтр дапаможа рэалізоўваць на практыцы адукацыйныя праграмы па навучанні школьнікаў правілам бяспечных паводзін на дарогах, а таксама стане свайго роду каардынатарам дзейнасці і метадычнага суправаджэння адукацыйных устаноў раёна па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Карыстаючыся выпадкам, яна ўручыла Сяргею Міхайлавічу шалік з гербам нашага раёна.
Выступіў і старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Міхаіл Чаркасаў. Адразу Міхаіл Уладзіміравіч павіншаваў усіх са святам. Разам з тым, выказаў удзячнасць кіраўніцтву арганізацыйнай структуры ДТСААФ г. Мінска і Мінскай вобласці, райвыканкаму за адкрыццё Цэнтра дарожнага руху.
Словы ўдзячнасці гасцям выказала ад імя дзяцей і дарослых намеснік дырэктара Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Алена Паршута. Алена Вячаславаўна пажадала, каб не толькі на дарогах роднай Мядзельшчыны, але і ўсёй Беларусі было бяспечна. Дапоўніла педагога выступленне атрада юных інспектараў дарожнага руху “Фарсаж”, неаднаразовага пераможцы раённага і ўдзельніка абласнога злёту.
Затым усе накіраваліся ў раённы Цэнтр бяспекі дарожнага руху.

З яго праграмным забеспячэннем азнаёміў прысутных намеснік дырэктара кампаніі “АртитекМультима” “АДрайв” Васілій Камароў. Васілій Дзмітрыевіч падрабязна расказаў пра новыя інавацыйныя праграмы, якія можна актыўна выкарыстоўваць падчас навучання вучняў правілам дарожнага руху. Напрыклад, комплекс уключае ў сябе інфармацыю, сабраную з выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў розных сітуацый на дарогах Беларусі і Заходняй Еўропы. У базе даных 2400 пытанняў па правілах дарожнага руху, якія можна нават агучваць. Акрамя таго, кабінет аснашчаны новым трэнажорам “Перекрёсток”, які дагэтуль у падобных праектах не прымяняўся. Яго выкарыстанне, па меркаванні прадстаўніка кампаніі, дазволіць навучэнцам наглядна пераадольваць складаныя сітуацыі, якія ўзнікаюць падчас праезду скрыжаванняў дарог. Станоўчым момантам праграм з’яўляецца тое, што матэрыял можна сістэматызаваць, папаўняць і захоўваць.
А тым часам свята, прысвечанае Міжнароднаму Дню абароны дзяцей, працягваецца. Гучыць музыка, працуюць розныя тэматычныя пляцоўкі. Напрыклад, ва ўнутраным дворыку ўстановы адукацыі можна было паўдзельнічаць у рабоце творчай інтэрактыўнай пляцоўкі “Васільковы край”, а таксама майстар-класаў: “Хуткая фенечка”, “Солюшкі”, “Танцавальная карусель”.

Карысталася попытам у дзятвы і майстэрня бодзі-арту “Часцінкі сонечнага лета і пырскі вясёлкі каляровай”. Вялікую цікавасць у падлеткаў выклікалі выставы Вілейскай і Маладзечанскай раённых арганізацыйных структур ДТСААФ, дзе былі прадстаўлены спартыўныя матацыклы, пнеўматычная зброя, судна-, авія-, аўтамадэлі, мадэлі танка і іншай ваеннай тэхнікі, а таксама ракеты, касмічнага карабля “Буран”.
Валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа праводзілі акцыю “Кропелькі дабрыні і сардэчнасці”. Падчас яе можна было ахвяраваць грашовыя сродкі на паслугі таварыства, прагнаць смагу пітной вадой. Шмат цікаўных заўважыла на пляцоўцы “Бяспечнае лета”, арганізаванай супрацоўнікамі АДАІ РАУС, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах.

Некаторыя хлопчыкі нават прымерылі касцюм выратавальніка. І пры гэтым не ўтойвалі радасці, якая перапаўняла іх сэрца.
Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на асфальце, у пленэры юных мастакоў “Дзяцінства ў колеры”. Акрамя таго, працавалі фотазона, атракцыёны. Можна было з’есці марожанае, булачку, папіць вады, квасу, паласавацца салодкай ватай і папкорнам, набыць сувенір.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



07 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi _dsc1133-3 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси