Зробім горад прыгожым разам!

Мядзел актыўна рыхтуецца да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Літаральна на кожнай вуліцы можна сустрэць тэхніку, будаўнікоў, наладчыкаў. Як паведамілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, добраўпарадкаванне вядзецца на дзевятнаццаці дваровых тэрыторыях. Ахоплены шырокі фронт работ: перакладаюць тратуарную плітку, мяняюць бардзюры і асфальтавае пакрыццё.
Каб ацаніць размах падрыхтоўкі, адправіліся на экскурсію па гораду. Заходзім у двор дома № 13 па вуліцы 1 Мая. Работнікаў не бачна, але і без гэтага зразумела, што рамонт дома і двара ў самым разгары. У доме часткова заменены падвальныя і ўваходныя дзверы, на месцы старых драўляных цяпер металічные. Пляцоўкі перад пад’ездамі падрыхтавалі для ўкладкі пліткі, а ўздоўж дарожак устаноўлены новыя бардзюры і заменены асфальт. Тут жа прыводзіцца ў парадак стаянка для аўтамашын.
Яшчэ адну дарожку зрабілі з вонкавага боку дома замест пратаптанай, бо пасля дажджу даводзілася абыходзіць лужыны. Цяпер людзі ходзяць па дарожцы, якая выкладзена пліткай.
Выходзім па ёй да вуліцы Юбілейнай. Тут зусім нядаўна паставілі ахоўны плот, праз кожныя некалькі метраў вісяць таблічкі “Небяспечная зона”, “Староннім уваход забаронены”. Тут вядуцца фасадныя работы.
— Мы з “Нарачпрафбуда”. Шпатлюем і фарбуем сцены, — распавядае брыгадзір Генадзь Малец. — Там, дзе ўчасткі з пліткай, таксама фарбуем або, калі недзе пашкоджаная і крышыцца, збіваем і рамантуем. На суседнім доме пачаліся работы на даху, адсюль можаце ўбачыць, як укладваюць цагляны перыметр. Потым прыступім да бардзюраў і тратуараў. Двор будзе добраўпарадкаваны цалкам.
Працягваем прагулку па вуліцы Юбілейнай і даходзім да Школьнай. Тут дамы новыя і не патрабуюць рамонту, двары акуратныя, абсталяваныя дзіцячымі пляцоўкамі, сметніцамі і лаўкамі. Але і тут знайшлася праца — якраз дафарбоўваюцца бардзюры. Праз дарогу, на падыходзе да Мядзельскай
СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі перакладваецца плітка.
А крыху далей, на скрыжаванні з вуліцай Ленінскай, разраўноўваюць участак зямлі. Раней тут быў стары дом, па перыметры цягнуўся каменны бардзюр і драўляны крывы плот, іх знеслі.
— Гэтым участкам займаецца Мядзельская ЖКГ, рыхтуем пляцоўку пад сквер, — тлумачыць Іван Чухлей, які ў гэты час якраз працуе на экскаватары. — Зараз пракапалі траншэі для дарожак, пазней іх выкладуць пліткай, і разраўняюць зямлю пад газоны і клумбы. А затым ужо зоймуцца афармленнем. Наколькі ведаю, тут плануюць паставіць альтанку, каб прыемна было прысесці адпачыць.
На Ленінскай работы па добраўпарадкаванні праходзяць у дварах з 8 па 23 дом. Там таксама мяняюць тратуарную плітку і ўкладваюць бардзюры.
Завяршаем абход на вуліцы 17 верасня, дзе супрацоўнікі Мядзельскай ЖКГ якраз мянялі плафоны на ліхтарах. Старыя жалезныя “клеткі” ляжалі на зямлі, на іх месцы з’яўляліся шкляныя белыя шары. Электрыкі правяралі “начынне”, па неабходнасці ўкручвалі новыя лямпачкі, ладзілі праводку.
На гэтай вуліцы асабліва прыкметна, што жыхары дамоў не застаюцца ўбаку і таксама імкнуцца зрабіць свае двары больш ўтульнымі і прыгажэйшымі. Іх сіламі афармляюцца клумбы. Дарэчы, рашэннем райвыканкама ад 22 сакавіка 2018 года № 260 быў аб’яўлены конкурс на лепшую арганізацыю работы па добраўпарадкаванні і санітарным стане сярод прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый раёна і шматкватэрных жылых дамоў.
— Пра конкурс, вядома, ведаем, — распавядае Лідзія, жыхарка аднаго з дамоў. — Што скажу: справу задумалі добрую. Праўда, мы не збіраемся ўсім домам, каб абмеркаваць, што пасадзіць. Кожны прыдумляе нешта для клумбы пад сваімі вокнамі, высаджваем, каму што падабаецца. А хто, калі не мы? Наўрад ці ёсць людзі, якім было б прыемна, гледзячы ў акно, бачыць крапіву і зараснікі травы. А так і самім прыемна, і мінакі любуюцца.
Кветнікі высадзілі з густам. Жыхаркі камбінуюць расліны ў залежнасці ад часу квітнення, ствараюць арыгінальныя кампазіцыі. І ўсё гэта не з жадання перамагчы, а для душы.
Як бачыце, праца па добраўпарадкаванні Мядзела ідзе поўным ходам. І асабліва прыемна, што на “твар” горада працуюць не толькі ўпаўнаважаныя службы, але і звычайныя людзі. Бо годнага выніку можна дабіцца толькі сумеснымі намаганнямі.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 img_4257 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси