Старт летняга сезона

СОНЦА, лета, возера, пляж, Нарач… Гэтыя словы дапаўняюць адно аднаго, нагадваюць, што наступіла пара адпускоў, адпачынку, падарожжаў. Возера Нарач здаўна прыцягвала да сябе людзей сваёй прыгажосцю. А хваёвы лес, які расце па яго берагах, — прыродная лабараторыя найчысцейшага паветра. Усё гэта разам стварае спрыяльныя ўмовы для лячэння і адпачынку.
Стала добрай традыцыяй у пачатку лета ладзіць урачыстае адкрыццё курортнага сезона. Праводзіцца гэта мерапрыемства ў «зялёным тэатры» курортнага пасёлка Нарач. Вось і ў мінулую нядзелю тут было асабліва мнагалюдна. Уздоўж вуліцы Ленінскай гандляры расставілі свае палаткі і сталы. Сувенірную прадукцыю прапаноўвалі не толькі прыватнікі, але і арганізацыі. У палатцы санаторыя «Сосны» можна было бачыць шалікі, сурвэткі, ручнікі, майкі і многае іншае з лагатыпам гэтай здраўніцы, з выявамі непаўторных краявідаў Мядзельшчыны.
Тут можна было купіць сукенку ці сарочку, капялюш ці хусцінку беларускіх вытворцаў. Асабліва вабіла прадукцыя УП «Скарбніца», прадстаўленая вырабамі ў беларускім стылі.
Як заўсёды, тоўпіліся людзі ля ганчара з Пастаў Сяргея Шчэрбы. Ён не толькі цікава расказваў пра старажытнейшую прафесію, але і паказваў, як кавалачак гліны ператвараецца ў цудоўную вазу ці гаршчок. Жадаючыя маглі праверыць свае здольнасці ў ганчарнай справе.

Вабілі да сябе работы майстроў з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў, народнага клуба самадзейных майстроў «Крывічы». Прывезлі сюды вырабы, якія стварылі наведвальнікі аддзялення прабывання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.
Сувенірную прадукцыю прапаноўвалі шматлікім гасцям курорта прадстаўнікі НДЦ «Зубраня», Дзягільскага і Лацвянскага Дамоў майстра, многіх устаноў культуры. Яны праводзілі таксама майстар-класы, паказвалі, расказвалі, як працаваць з тым альбо іншым прыродным матэрыялам. Прыцягвалі ўвагу сталы, застаўленыя рознымі вырабамі з бісеру, карзінкамі і кошыкамі. У многіх месцах арганізавалі і бяспройгрышную латарэю. Словам, кожны жадаючы меў магчымасць выбраць для сябе сувенір па густу.
Прапаноўвала сваю прадукцыю ЗАТ «БелАсептыка». Спецыялісты расказвалі пра зборы траў, як рыхтаваць настоі, калі і як іх лепш прымаць. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзілі акцыю «Забі на цыгарэту».
— Мэта акцыі — падштурхнуць грамадзян адмовіцца ад курэння. Патрэбна забіць цвік у імітаваную цыгарэту, а за гэта атрымаць цукерку, — расказвае ўрач-гігіеніст Кацярына Курачкіна. — Было б вельмі добра, каб многія пасля гэтага сапраўды кінулі курыць, пачалі актыўна займацца фізкультурай і спортам.
А ў «Дзіцячым арт-квартале» чуўся гоман хлопчыкаў і дзяўчынак. Атракцыёны, надзіманыя горкі, батут, стралковы цір. Працавалі пляцоўкі бодзі-арту, «Лето книжного цвета», дзе было шмат кніг, «Спартыўная хваля» і іншыя. Непадалёку працавала пляцоўка «Бяспечнае лета», дзе супрацоўнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 курортнага пасёлка знаёмілі з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай. Тут можна было прымераць «баёўку» (адзенне, у якім выратавальнікі выязджаюць на тушэнне пажараў) і многае іншае. А вось работнікі выратавальнай станцыі «Нарач» праводзілі гутаркі на тэму бяспечных паводзін на вадзе, раздавалі памяткі. А хіба не рамантыка пакатацца вярхом на кані, адчуць сябе джыгітам?!
Безумоўна, карысталася попытам пляцоўка «Курорт смак». Вабілі да сябе водар шашлыку, гарачыя бліны. Акрамя гэтага, можна было пачаставацца салодкай ватай, папкорнам, марожаным, сокамі і напіткамі. Ва ўсіх быў прыўзняты настрой.
А тым часам вядучыя запрашаюць прысутных бліжэй да сцэны «зялёнага тэатра». Пачынаецца ўрачыстае шэсце прадстаўнікоў здраўніц. Першай запрашаецца старэйшая з іх — санаторый «Нарач». Сюды едуць адпачываючыя з 1963 года. А летась тут адпачылі і ўмацавалі сваё здароўе амаль 5000 чалавек.
За ім выходзяць каманды санаторыяў «Нарачанскі бераг», «Прыазёрны», «Сосны», «Спадарожнік», «Жураўка». Шэсце працягваюць прадстаўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», а замыкае яго санаторый «Нарачанка». Пакуль крочаць каманды, з дынамікаў гучыць інфармацыя пра тое, калі была створана здраўніца, колькі людзей адначасова можа прыняць, якія накірункі ўмацавання здароўя і лячэння і многае іншае.
Для адкрыцця свята да мікрафона запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яна шчыра прывітала прысутных: жыхароў курортнага пасёлка і шматлікіх гасцей Нарачанскага краю.
— Мядзельскі раён — гэта ўнікальны раён. Тут многа здраўніц, якія гатовы прыняць дзяцей і дарослых, дапамагчы ім умацаваць здароўе, — падкрэсліла Іна Іванаўна. — Толькі ў нас самае яркае сонца, самая цёплая вада і непаўторныя краявіды. Тут створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага адпачынку.
Для ўзняцця сцяга «Нарачанскае лета-2018» запрашаюцца юныя адпачываючыя з НДЦ «Зубраня» — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Іларыя Крывічова і Аляксандр Руткоўскі. Свята, прысвечанае адкрыццю курортнага сезона, аб’яўляецца адкрытым.
Распачынаецца прэзентацыя здраўніц. Першыя на сцэне — прафсаюзныя санаторыі «Нарач», «Нарачанскі бераг». Гучаць аповеды пра ўмовы аздараўлення, пражывання ў той альбо іншай здраўніцы. Цікавую прэзентацыю сваёй здраўніцы падрыхтавалі каманды санаторыяў «Прыазёрны», «Сосны», «Спадарожнік», «Жураўка», «Нарачанка». Паслухаўшы кожную з іх цяжка вырашыць, дзе лепш адпачываць, каму аддаць перавагу. Парадавалі прысутных сваёй прэзентацыяй прадстаўнікі НДЦ «Зубраня».
У здраўніцах адпачываюць шмат адораных, таленавітых людзей. Менавіта ім была прадстаўлена магчымасць падзяліцца сваім талентам з прысутнымі падчас «Мінуты славы». Першай на сцэну выйшла адпачываючая з санаторыя «Нарачанка» Марыя Ганчар. Яна прачытала жартоўны вершык «Дзед на курорце». Яе змянілі адпачываючыя з іншых санаторыяў. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні дзяцей з НДЦ «Зубраня».
Непадробную цікавасць у многіх выклікаў паказ дэфіле русалак «Арыэль-2018». Падчас урачыстасці гучалі песні ў выкананні Вольгі Буянавай, Аляксандры Бабровіч, Анжэлікі Кароль, Вікторыі Багінскай.
Урачыстасць закончылася, але свята працягвалася яшчэ доўга. Летні курортны сезон адкрыты. Прысутным была прапанавана канцэртная праграма самадзейных артыстаў Мядзельшчыны «Мелодыі лета», а затым дыскатэка «У рытмах лета».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 возера Мястра Царква ў Крывічах на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси