Студатрады клічуць

Лета — добрая пара. У школьнікаў пачынаюцца канікулы. Здавалася б, ляжы сабе на сонейку, купайся ў возеры ды гуляй. Але не, знаходзяцца і тыя, хто не толькі адпачывае, а выкарыстоўвае вольны час з карысцю і шукае падпрацоўку. Спецыяльна для такіх падлеткаў створаны студэнцкія атрады.
Іх дзейнасць рэгулюе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 181 ад 16 красавіка 2012 года “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Згодна з ім, студатрад — гэта добраахвотнае аб’яднанне маладых людзей ва ўзросце ад чатырнаццаці да трыццаці аднаго года. Атрад павінен складацца не менш чым з сямі, але і не больш — чым з трыццаці чалавек, а мінімальны тэрмін работ павінен быць не менш за дзесяць дзён. Таксама важна, што ўдзельнічаць у атрадзе можна толькі ў вольны ад вучобы і асноўнай працы час.
Акрамя магчымасці падзарабіць, студатрад — гэта выдатны спосаб прывіць моладзі любоў да працы, дапамагчы ў вызначэнні сваіх асобасных якасцей. Для дзяцей гэта магчымасць выпрабаваць сябе, зразумець, з чым яны ўжо могуць спраўляцца, а чаму трэба вучыцца. Да таго ж, такія атрады дапамагаюць паспрабаваць розныя напрамкі работ і зарыентавацца ў будучай прафесіі.
Фарміраваннем і падборам кандыдатаў у студэнцкія атрады займаецца аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённы камітэт ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
— У гэтым годзе працаўнікоў будуць прымаць такія арганізацыі, як УП “Мядзельская ЖКГ”, райПО, ААТ “Занарачанскі”, АСП “Вузлянка”, ААТ «Будслаўскае». Яны прапаноўваюць працу ў рамках узроставых абмежаванняў “ад 14 да 20 гадоў”. У асноўным гэта ўборка тэрыторыі, добраўпарадкаванне, сэрвісныя работы, — распавядае галоўны бухгалтар Сяргей Багданаў. — Для пошуку жадаючых падпрацаваць праходзіць спецыяльная акцыя “Выбіраем студатрад”, для сярэдніх устаноў адукацыі.
— Як рэалізуецца акцыя?
— Расказваем школьнікам аб тым, што такое студэнцкія атрады, знаёмім дзяцей з відамі работ, правамі і абавязкамі, — тлумачыць другі сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Шчамель. — Важна, што да гэтага часу ў нас ужо ёсць лісты-згоды ад прымаючых арганізацый. Гэта дазваляе прапаноўваць дзецям канкрэтную працу, каб яны ўяўлялі, з чым давядзецца сутыкнуцца. Тыя, хто зацікавіўся, павінны запоўніць анкету, у якой, апроч іншага, указваюць, якую працу хацелі б выконваць. Менавіта на аснове гэтых пажаданняў фарміруем атрады.
“БРСМ” робіць усё магчымае, каб запісацца ў атрад было максімальна лёгка, таму анкету-заяўку можна аформіць онлайн і даслаць па пошце. А ўся неабходная інфармацыя размешчана таксама ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў групе “Моладзь Мядзельшчыны”, дзе адміністрацыя заўсёды гатова адказаць на любыя пытанні.
— Але на гэтым падрыхтоўчая праца не заканчваецца?
— Вядома. Падчас фарміравання студэнцкага атрада, арганізоўваем навучальныя заняткі. Асобна сустракаемся з камандзірамі і камісарамі, расказваем пра іх абавязкі, тлумачым, якія дакументы яны павінны афармляць, як весці дзённік студатрада. Да таго ж, мы сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама складаем план індывідуальнай ідэалагічна-выхаваўчай работы. А калі атрад пачынае працаваць, рэгулярна праводзім розныя мерапрыемствы, конкурсы, увогуле, арганізоўваем актыўнае правядзенне вольнага часу.
— А падрыхтоўка праходзіць толькі сярод дзяцей або таксама навучаюцца прымаючыя арганізацыі?
— 23 мая ў нас якраз праходзіла пасяджэнне аператыўнага штаба студэнцкіх атрадаў і семінар для прымаючых арганізацый. У гэтым годзе былі запрошаны не толькі арганізацыі, якія далі згоду, але і тыя, якія ўключаны ў пералік рэкамендуемых Мінаблвыканкамам. На гэтым мерапрыемстве мы даносілі агульную інфармацыю: аб правілах пажарнай бяспекі, а таксама пра тэхніку бяспекі, заключэнне дагавора, падаткі і выплаты. У гэтым нам дапамагалі ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённы аддзел Мінаблупраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
— Наколькі актыўна дзеці падаюць заяўкі?
— Жадаючыя ёсць. Але пакуль мы яшчэ не да канца сфарміравалі студатрады. Па рэгламенце камандзір кожнага з іх абавязкова павінен быць паўналетнім. Але, на жаль, знайсці такога чалавека не так проста. Бо большасць паўналетніх паступаюць, альбо ўжо паступілі і яшчэ не здалі сесію, а хтосьці нават працуе. Таму БРСМ усё яшчэ прымае заяўкі ад навучэнцаў і студэнтаў. Калі вам цікавы такі від работ — запоўніце анкету і дашліце яе па электроннай пошце. Знайсці ўзор анкеты можна на старонцы арганізацыі ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў групе “Моладзь Мядзельшчыны”. Калі вас цікавяць яшчэ якія-небудзь пытанні па дзейнасці студэнцкіх атрадаў, можаце звярнуцца па нумарах РК ГА “БРСМ”: 50-5-63 і 54-5-45.

Аляксандра ГАРАЧКА.



05 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры на Блакітных азёрах         возера Мястра  Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела