“Сям’я — апора дзяржавы”

Пад такой назвай прайшоў у райвыканкаме ў Дзень сям’і “круглы стол”. Яго ўдзельнікі вялі размову пра ролю сям’і ў грамадстве і жыцці кожнага канкрэтнага чалавека, пра радасць і шчасце мацярынства, бацькоўства, пра таленавітых дзяцей, якія дораць праменьчыкі святла сваім матулям і татам. Не абышлося таксама без балючых пытанняў, якія датычаць сямейнага насілля, сацыяльнага сіроцтва пры жывых бацьках, скасаванняў шлюбу, абортаў, іншых праблем. Удзел у гутарцы прынялі намеснік старшыні райвыканкама Іна БАРЫЕВА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга ГАБРУСЕНАК, намеснік дырэктара ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Наталля ШАРАНГОВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Мая СЕМЯНОВІЧ, старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вольга ХРАПАН, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена ЯЦЫНА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ганна ПАДГОЛ, урач акушэр-гінеколаг установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” Алена ГАНЧАРЭНКА, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Таццяна ТАНАНА і аўтар гэтых радкоў.

Іна БАРЫЕВА:
— Тэма сям’і заўсёды была і застаецца актуальнай. Менавіта ў сям’і выхоўваецца чалавек, і якое яму выхаванне там закладуць — такім ён і вырасце. Вялікую ўвагу сям’і, мацярынству ўдзяляе кіраўніцтва краіны. Многія дзяржаўныя службы плённа працуюць над захаваннем сямейных каштоўнасцей, павышэннем прэстыжу сям’і і адказнага бацькоўства. Разам з тым, у нас ёсць і нямала праблем. Сем’і развальваюцца, у выніку — пакутуюць дзеці. Асобныя таты і мамы неналежным чынам займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей з прычыны п’янства. Некаторыя, на жаль, нават пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў. Расце новае пакаленне, і большасць маладых людзей не ведае сямейных традыцый сваіх бабуль і дзядуляў, татаў і мамаў, не даражаць імі, бо яны не прывіты ім. Некаторыя не спяшаюцца і дзяцей нараджаць. Давайце абмяркуем існуючыя праблемы і прыйдзем да высновы: як уратаваць сем’і, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, дапамагчы ім дастойна справіцца з цяжкасцямі, каб як мага менш дзяцей было сіротамі пры жывых бацьках.
Вольга ГАБРУСЕНАК:
— Сапраўды, дзяржава падтрымлівае сем’і. Згодна з новым Законам “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2013 года, выплачваюцца дапамогі па мацярынству — па цяжарнасці і родах, а таксама жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці. Ёсць і сямейныя дапамогі — у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3-х гадоў, дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3 гадоў, на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў. Прадугледжаны дапамогі на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, а таксама калі яно з’яўляецца інвалідам. Летась было назначана 207 дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, з пачатку гэтага года — 69. Ажыццяўляецца аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці пры нараджэнні двайнят на кожнае з іх. Пачынаючы з 1 студзеня 2015 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” сем’ям пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей назначаецца сямейны капітал. З пачатку 2018 года па яго звярнуліся 13 мнагадзетных сем’яў. А ўсяго зарэгістраваны 172 звароты. Вызначаны парадак уручэння пасведчання мнагадзетнай сям’і. Такі дакумент атрымалі летась 47 сем’яў, з пачатку года сёлета — 8. У раёне 42 жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, удастоены ордэна Маці. Існуе і дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Яна прадастаўляецца ў выглядзе: штомесячнай і (ці) аднаразовай на набыццё прадуктаў харчавання, лекаў, адзення, абутку, школьных прыналежнасцей; забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця; сацыяльная дапамога для кампенсавання затрат на набыццё падгузнікаў. Асноўнымі атрымальнікамі штомесячнай сацыяльнай дапамогі традыцыйна з’яўляюцца мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей (89%). Пры ўзнікненні цяжкай жыццёвай сітуацыі сем’ям, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, аказваецца з крыніц Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аднаразовая матэрыяльная дапамога. Выдзяляецца яна і для дапамогі мнагадзетным сем’ям у падрыхтоўцы да школы. Атрымалі яе ў раёне 268 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 526 школьнікаў.
Мая СЕМЯНОВІЧ:
— Артыкул 15 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” сцвярджае: “Кожнае дзіця мае права жыць у сям’і, ведаць абодвух сваіх бацькоў, права на іх клопат, сумеснае з імі пражыванне. У кожнага дзіцяці павінна быць сям’я, бацькі, з якімі ён разам жыве, якія яго любяць, разумеюць, клапоцяцца пра яго”. Аднак, на жаль, не заўсёды так бывае. Некаторыя мамы не займаюцца выхаваннем дзяцей, крыўдзяць іх. Адбіранне дзяцей у бацькоў, пазбаўленне бацькоўскіх правоў — самая жорсткая мера, ад якой пакутуюць і дзеці, і дарослыя. Па стане на 15 мая бягучага года камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прызнала маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне 12 непаўналетніх з 6 сем’яў, адабраны ў 9 бацькоў (у 2017 годзе — 4 непаўналетнія з адной сям’і, адабраны ў 2 бацькоў). На гэты ж перыяд пазбаўлены бацькоўскіх правоў 3 бацькі ў адносінах да 2 непаўналетніх з 2 сем’яў (адпаведна летась — 2 непаўналетнія з адной сям’і адабраны ў аднаго з бацькоў). Цяжка пераносяць разлуку з матуляй дзеці, ім хочацца вярнуцца дадому. І наша задача — дапамагчы гора-бацькам выйсці са складанай сітуацыі, у якой яны апынуліся, змяніць жыццё, каб з часам вярнуць дадому сваіх дзяцей.
Іна БАРЫЕВА:
— Каб менш было падобных сітуацый, Прэзідэнт нашай краіны выступае ў падтрымку мнагадзетных сем’яў, бо лічыць, што там з маленства ўсе працуюць: старэйшыя дзеці даглядаюць малодшых, дапамагаюць бацькам па хатніх справах, растуць шчырымі, працавітымі. Яны ж, калі бачаць пастаянна станоўчы прыклад будовы адносін між сваімі бацькамі, стануць з часам самі добрымі мамамі і татамі. А што датычыць праблемы, узнятай Маяй Мяфодзьеўнай, то яна слушная. Сапраўды, мы шмат дзяцей забіраем у бацькоў. Гэта жорсткая, але вымушаная мера. Трэба, каб бацькі адумаліся і сталі даглядаць сваіх дзяцей. Дзяржава шмат дапамагае сем’ям, але абавязак бацькоў — утрымліваць сыноў і дачок, атуляць іх любоўю і пяшчотай. Вельмі важна, каб дзеці жылі дома, побач са сваімі татамі і мамамі, якія іх любяць, клапоцяцца. І мы робім усё для гэтага, толькі не заўжды атрымліваецца так, як хочацца.
Вольга ХРАПАН:
— Супрацоўнікам міліцыі даволі часта даводзіцца мець справу з правапарушэннямі ў сферы сямейна-бытавых адносін. Нас выклікаюць на скандалы, дзе мае месца прымяненне фізічнай сілы, псіхічныя пакуты. Толькі за красавік гэтага года ў РАУС паступіла 30 паведамленняў пра сямейна-бытавыя канфлікты, за 4 месяцы — 104. Адной з эфектыўных мер супрацьдзеяння насіллю ў сям’і з’яўляецца прыцягненне скандалістаў да адміністрацыйнай адказнасці. За студзень-красавік гэтага года такіх было 35 чалавек. Папярэджвае цяжкія злачынствы ў гэтай сферы і ахоўнае прадпісанне. Сёлета дадзеная мера індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў прымянялася ў адносінах да 9 асоб (у адносінах да 5 устаноўлены абавязак пакінуць агульнае жылое памяшканне з асобай, якая пацярпела ад насілля ў сям’і, 4 — устаноўлена забарона зносін). На прафілактычным уліку па стане на 1 мая 2018 года знаходзяцца 74 чалавекі (2017 год — 78), з іх — 5 (2017 год — 6), якія ўчынілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Работнікі міліцыі праводзяць розныя прафілактычныя мерапрыемствы, якія датычаць асоб, што ўчыняюць супрацьпраўныя дзеянні, і ахвяр насілля. Пачынаючы ад гутарак, наведвання такіх сем’яў, аказання ім юрыдычнай дапамогі да пазбаўлення бацькоўскіх правоў, адбірання дзяцей з сям’і, дзе дзіцяці пагражае небяспека, прымусовага ўздзеяння на хранічных алкаголікаў, асоб, якія пакутуюць ад псіхічных захворванняў пры ўчыненні імі грамадска небяспечных дзеянняў, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і нават узбуджэнне крымінальных спраў за наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, мучэнне, пагрозу забойствам, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці знішчэнне маёмасці. Аказвае дапамогу міліцыя і па дастаўцы ахвяр насілля ў “крызісны пакой”. У гэтым пытанні наладжана цеснае супрацоўніцтва з Мядзельскім ТЦСАН. Шэраг мерапрыемстваў прафілактычнага характару праведзены і падчас рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля!”.
Ганна ПАДГОЛ:
— У адрозненне ад папярэдніх выступоўцаў хачу закрануць зусім іншую тэму. Яна датычыць таленавітых дзяцей і іх бацькоў. І гэта таксама важна. Бо менавіта дзякуючы іх ролі, падтрымцы, многія маладыя людзі знайшлі сябе ў дарослым жыцці. Так, у нас не вельмі шмат спецыялістаў, спецыялізаваных устаноў культуры, як у Мінску, але і ў тых, што ёсць, можна нармальна вучыцца і развіваць свой талент. І работа нашых школ мастацтваў гэта яскрава пацвярджае. Педагогі, якія працуюць там, не толькі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак іграць на музычных інструментах, спяваць, танцаваць, яны яшчэ і выдатна супрацоўнічаюць з бацькамі. Прыклад таму — усім вядомы таленавіты калектыў “Агеньчыкі”, які дзякуючы намаганням настаўніка, выканаўцаў і падтрымцы бацькоў неаднаразова займаў прызавыя месцы на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. На змену ім прыйшлі новыя таленты — Маша Валюк, Ліза Томкавіч, Лера Роўда, якія пакарылі кампетэнтнае журы на нядаўнім міжнародным конкурсе. Шмат таленавітых дзетак ёсць у Будславе, Нарачы. Узгадваецца мне таксама Марына Вярэніч з Занарачы, якая дзякуючы падтрымцы матулі змагла ажыццявіць сваю мару і зараз спявае. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Неталенавітых людзей не бывае, трэба толькі разглядзець здольнасці сваіх дзяцей і паспрабаваць іх развіць. А гэта ўжо задача не толькі педагогаў, але і бацькоў.
Алена ЯЦЫНА:
— Я маю справу па службовых абавязках з дзецьмі-сіротамі, а таксама тымі, якія па розных прычынах засталіся без апекі бацькоў. Як прыйшла на гэту работу, курыравала ў асноўным апякунскія сем’і, пазней — афармляла дзяцей, якіх пакінулі маці ці бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, на дзяржаўнае забеспячэнне — у дзіцячыя дамы, Дамы малюткі. Душа балела, калі аддавала іх туды. Крышку ўздыхнула з палёгкай, калі з’явіліся прыёмныя сем’і, бо выдатна ведала, што дзецям у сям’і жывецца намнога лепш, чым у дзіцячым доме. Першыя з іх былі ў вёсцы Стахоўцы. Неўзабаве і два Дамы сямейнага тыпу ў раёне адкрыліся, цяпер працуе адзін. Вядома, хвалявалася, калі іх стваралі, бо вельмі хацелася, каб дзяцей атулялі пяшчотай і любоўю, клапаціліся. І людзі гаварылі пра такія сем’і рознае. Аднак пераканана, што нішто не заменіць сям’ю, дзе гучыць дзіцячы смех, адчуваецца радасць, дзе дзіцятка туліць матуля да сябе, гладзіць па галоўцы. Звыш 15 гадоў існуюць прыёмныя сем’і. За гэты час 142 дзіцяці прайшлі праз іх. Многія даўно выраслі, але прыязджаюць да сваіх прыёмных бацькоў, як да самых родных людзей. Некаторыя дзеці вярнуліся ў біялагічныя сем’і і гэта нармальна. Мы для гэтага і працуем, каб самі бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей.
Алена ГАНЧАРЭНКА:
— Мяне непакоіць, што цяпер прыходзяць у бальніцу дзяўчынкі, нараджаюць дзетак, але сямейных навыкаў па іх выхаванні зусім не маюць. Не атрымалі іх чамусьці ад сваіх матуль. І гэта становіцца праблемай, якую неабходна выпраўляць. Пераканана, калі сям’я хоча нарадзіць здаровае дзіця, цяжарнасць трэба планаваць. Перад гэтым абавязкова прыйсці на прыём, здаць усе неабходныя аналізы, прайсці патрэбны агляд. Цяжарнасць павінна праходзіць на фоне дабрабыту, спакою, тады ўсё і атрымаецца, і дзіцятка народзіцца здаровым. Хвалюе таксама, што зараз назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці родаў. Калі ў 2015 годзе ў Мядзельскім радзільным аддзяленні іх было 241, у 2016 — 223, у 2017 — 167, то сёлета — 53. Больш стала трэціх па ліку родаў. Асэнсавана многія ідуць на нараджэнне чацвёртага, пятага дзіцяці. А вось парадзіх, якія чакаюць другое немаўлятка, становіцца ўсё менш. Вельмі непакояць аборты. Адчуваю палёгку, калі ўдаецца адгаварыць жанчыну губіць сваё дзіця. Цешуся разам з матулямі кожнаму дзіцятку, якое з’явілася на свет. З замілаваннем назіраю, як яны бяруць малых на рукі, прыціскаюць да грудзей, клапоцяцца. І радасць перапаўняе сэрца, што мая работа патрэбная, што яна нясе жанчынам вялікае шчасце — мацярынства. Гэта пачуццё не перадаць словамі, яго можна толькі адчуваць. Праўда, здараецца, што прыходзяць некаторыя пацыенткі на прыём з запушчанымі хваробамі. Пытаюся, дзе былі раней, маўчаць. Так намнога складаней працаваць. У наш час можна своечасова пры жаданні прайсці неабходныя гінекалагічныя, ультрагукаваныя даследаванні, атрымаць патрэбныя рэкамендацыі. Крыўдна становіцца, калі людзі спасылаюцца толькі на медыцыну. Так, на самай справе медыцына заклікана стаяць на абароне здароўя і жыцця грамадзян. І яна гэтым займаецца, аднак чалавек і сам павінен праяўляць клопат пра сваё здароўе, нармальна харчавацца, весці актыўны лад жыцця.
Таццяна ТАНАНА:
— Сям’я — унікальная закрытая сістэма. І каб яна была моцнай, павінна быць гармонія, адданасць адзін аднаму, павага, узаемаразуменне. Цяжка праходзіць праз здраду ў сям’і. Сям’я добрая, калі цябе там любяць, чакаюць і прымаюць такім, які ты ёсць. На жаль, у нашым жыцці мае месца і сямейнае насілле, якое нясе пакуты, слёзы. У 95% выпадкаў ахвярамі яго становяцца жанчыны і дзеці. Я заклікаю мужчыну і жанчыну нічога не вырашаць пад гарачую руку. Адразу супакоіцца, а пасля размаўляць. Не абвінавачваць адзін аднаго, а проста ўсё ўзважыць, разабрацца найперш у сабе. Безвыніковых сітуацый не бывае. Галоўны тут прынцып — не нашкодзіць ні сабе, ні таму, хто з табой жыве побач. Цяпер даступныя псіхалагічная, юрыдычная дапамога. Ахвяры насілля могуць пажыць і ў “крызісным пакоі”. Ёсць такі і ў нашым цэнтры. Пажыць там неабходны перыяд, прывесці свае думкі ў парадак, прааналізаваць сітуацыю, каб знайсці правільны з яе выхад.
Наталля ШАРАНГОВІЧ:
— Дзяржава сапраўды шмат увагі аказвае сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Прадугледжаны розныя віды дапамог. Для павышэння прэстыжу сям’і мы праводзім конкурсы мнагадзетных сем’яў. Яны сталі ў нас у раёне традыцыйнымі. Сем’і прыязджаюць на іх амаль у поўным складзе, старанна рыхтуюцца, каб лепш сябе паказаць. І калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі, наш цэнтр таксама стараецца дапамагчы сем’ям. Тыя ж “крызісныя пакоі” для ахвяраў насілля таму пацвярджэнне. Акрамя прадастаўлення месца часовага пражывання, аказваецца неабходная псіхалагічная дапамога, даюцца кансультацыі. Дарэчы, часовы прытулак цяжарныя жанчыны і жанчыны з дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць атрымаць яшчэ ў SOS-Доме SOS-Дзіцячых вёсак Бараўляны і Мар’іна Горка, у адпаведнасці з Алгарытмам міжведамаснага ўзаемадзеяння.
Напрыканцы “Круглага стала” аўтар гэтых радкоў паведаміла прысутным, як тэма сям’і асвятляецца на старонках “Нарачанскай зары”. У прыватнасці, у выданні друкуюцца матэрыялы, якія паведамляюць пра рэалізацыю сямейнага заканадаўства, пра сацыяльную падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, мнагадзетных сем’яў. Ёсць нямала публікацый, накіраваных на павышэнне прэстыжу сям’і як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы, асэнсаваную ролю бацькоў у выхаванні дзяцей. Сакрэтамі сямейнага выхавання дзеляцца сем’і са стажам. Шырока асвятляюцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню сям’і, Тыдню маці, рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля”. З верасня 2012 года выходзіць тэматычная старонка “Беражына”, якая расказвае пра добрых матуль, жанчын-працаўніц, захавальніц сямейнага агменю. Ёсць артыкулы пра сямейны недабрабыт, насілле над блізкімі, накіраваныя на прафілак-
тыку пажараў, асацыяльных паводзін грамадзян з тым, каб менш было слёз і гора ў нашых сем’ях.
Падводзячы вынікі размовы, Іна Барыева падкрэсліла, што самая галоўная задача, якая стаіць перад раённымі службамі, — захаваць традыцыю жыць у сям’і. І над яе вырашэннем патрэбна ўсім сумесна працаваць.

Пачынаючы з 2013 года суд разглядае толькі справы, якія датычаць скасавання шлюбу адносна сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Рашэнне аб скасаванні шлюбу па сем’ях, дзе няма непаўналетніх дзяцей, прымаюць органы загса.
Такім чынам у судзе раёна ў 2015 годзе знаходзіліся ў вытворчасці 72 грамадзянскія справы, якія датычылі скасавання сямейна-шлюбных адносін. З іх па 40-ка — шлюб скасаваны. Вытворчасць 7-мі спраў спынена па прычыне прымірэння бакоў. У 2016 годзе з 94-х спраў, што знаходзіліся ў вытворчасці, па 64-х шлюб быў скасаваны. 15 спраў было спынена па прычыне прымірэння бакоў. У 2017 годзе з 76-ці спраў, што знаходзіліся ў вытворчасці, па 47-мі — скасаваны шлюб, 7 спраў было спынена па прычыне прымірэння бакоў. З пачатку 2018 года знаходзяцца ў вытворчасці 33 справы. З іх па 19-ці быў шлюб скасаваны, 2 справы спынены па прычыне прымірэння бакоў.
Акрамя таго, у аддзеле загс райвыканкама ў 2015 годзе скасаваны 21 шлюб. У 2016-ым — 14, 2017-ым — 18. За чатыры месяцы 2018 года скасавана 12 шлюбаў.

Падрыхтавала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



31 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Лебедзі на Нарачы від на Мядзел Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси