Сама сабе чараўніца

У кожнага з нас ёсць запаветная мара. Але не ўсе разумеюць, што для таго, каб яна ажыццявілася, трэба ўпарта працаваць. Прыклад чалавека, які сам спаўняе свае мары — Алёна Лапцік, яна займаецца грэбляй на байдарках, прымала ўдзел у шматлікіх спаборніцтвах і з’яўляецца стыпендыянткай у асяродку перспектыўных спартсменаў юнацкага, юніёрскага і маладзёжнага ўзросту. Думаеце, ёй проста пашанцавала? Не. Бывае, што бацькі аддаюць дзіця ў спорт, таму што “так прынята”. Добра, калі дзіцяці прыйдуцца па душы заняткі, але нярэдка секцыя застаецца “для птушачкі”. Іншая справа, калі вучань прыходзіць у спорт сам, свядома зрабіўшы выбар, і займаецца з інтарэсам. Алёна Лапцік якраз з такіх. Яна сапраўды любіць спорт і ўмее атрымліваць асалоду нават ад загружанага графіку і складаных трэніровак.
— Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Калі вучылася ў трэцім класе (Нарацкая сярэдняя школа №1), да нас прыйшлі са спартыўнай школы, шукалі жадаючых пайсці ў секцыю па грэблі. Вельмі загарэлася ідэяй займацца спортам, паразмаўляла дома з бацькамі, яны падтрымалі мой выбар. Так і пачала трэніравацца. Першапачаткова хадзіла туды проста таму, што было цікава і весела: лета, возера, шмат знаёмых. Пазней стала трэніравацца свядома “на вынік”, пачаліся першыя старты. На спаборніцтвах кожны раз адчувала азарт. Так, было хваляванне, але хацелася зноў і зноў адчуваць гэты адрэналін, — распавядае Алёна. — Калі максімальна выкладаешся на дыстанцыі і заязджаеш у фінішны створ — гэта пачуццё, якое нельга растлумачыць словамі.
— Так вас і зацягнула ў прафесійны спорт?
— Напэўна. Затым стала займаць прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Мяне заўважылі і запрасілі ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Трэніроўкі сталі яшчэ больш сур’ёзнымі, пачаліся выезды на зборы і, адпаведна, выраслі вынікі. Спачатку — рэспубліканскія, затым — міжнародныя спаборніцтвы і вось — чэмпіянаты Еўропы, свету.
— Ніколі не хацелася жыць, як звычайныя дзеці? Пасля школы ісці гуляць з сяброўкамі ці займацца любімай справай?
— Грэбля і ёсць мая любімая справа. Так, у нас вельмі шчыльны графік. Штодзённыя трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы. Вядома, параўноўваю сябе з іншымі дзяўчынкамі, і, ведаеце, ні аб чым не шкадую. У мяне пастаўлена мэта, і кожную раніцу я ўстаю і працую, прытрымліваючыся плана дзеянняў. Заўсёды чымсьці занятая і няма часу гультаяваць. Мне гэта падабаецца. Чым больш спраў, тым больш паспяваеш. Дома бываю паміж зборамі, мы з бацькамі абавязкова ўсе разам п’ём гарбату з прысмакамі, дзелімся навінамі і эмоцыямі, так і цела адпачывае, і душа. З сябрамі таксама стараюся бачыцца, калі выпадае вольны час. Калі не атрымліваецца, то размаўляем па тэлефоне ці звязваемся праз інтэрнэт. Многія знаёмыя знаходзяцца са мной на зборах, так што на выхадных мы выдатна адпачываем.
— Ці шмат застаецца вольнага часу?
— Не вельмі. Зараз вучуся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагіческая дзейнасць (спартыўная рэжысура)”, і амаль увесь вольны час ідзе на напісанне канспектаў і выкананне заданняў, якія выкладчыкі даюць на зборы. Але, калі атрымліваецца, адпраўляюся пагуляць. Калі дома, то гуляю з сабакам каля возера Нарач. Калі на зборах — проста на свежым паветры. Яшчэ мне падабаецца чытаць, але не адмоўлюся ад паходу ў кіно і ў цэлым, люблю забавы і пазітыўную атмасферу. Тады можна расслабіцца і не быць сканцэнтраванай на спорце.
— А што дапамагае засяродзіцца, калі назапашваецца стомленасць і хочацца ўсё кінуць?
— Так, часам бывае цяжка. Але я ўспамінаю, колькі сіл і энергіі было патрачана на трэніроўках. Тады жаданне дамагчыся пастаўленай мэты пераўзыходзіць гэтую стомленасць, і я працягваю рухацца наперад. Часта ў такіх сітуацыях ратуюць бацькі, падтрымліваючы мяне маральна. Запэўніваюць, што трэба пацярпець, і ўсё будзе выдатна.
— Можа, ёсць чалавек, за дасягненнямі якога вы сочыце? Кшталту арыенціру на шляху да поспеху?
— На жаль альбо на радасць у мяне няма куміра. Я захапляюся многімі вялікімі спартсменамі, але не магу вылучыць кагосьці асабліва. Але стараюся прытрымлівацца некаторых прынцыпаў.

Прынцыпы паспяховага чалавека
P Пунктуальнасць. Шмат што можна паспець, калі рабіць усё своечасова.
P Пазітыўны настрой і цвярозая ацэнка сітуацыі.
P Гнуткасць у зносінах.
P Справядлівасць і сумленнасць перад сабой і людзьмі.
P Сабранасць і канцэнтрацыя на тым, што адбываецца цяпер.
P Уменне адпачываць і расслабляцца.

А яшчэ мне вельмі падабаецца выказванне знакамітага пісьменніка Паула Каэльо: “Калі чаго-небудзь моцна захочаш, увесь Сусвет будзе спрыяць таму, каб жаданне тваё збылося”. Таму мой асноўны прынцып — вельмі моцна хацець і верыць. Не забываючы пры гэтым працаваць дзеля дасягнення сваёй мэты.
— Мэта — гэта Алімпійскія гульні?
— Вядома, як і ў кожнага спартсмена. Ужо былі чэмпіянаты Еўропы і свету, але хачу верыць, што гэта не мяжа для мяне. Мару трапіць на Алімпійскія гульні. Вельмі зачароўвае атмасфера гонак па грэблі, запал і інтрыгі захопліваюць, і хочацца выпрабаваць гэта на сабе.
Яшчэ некалькі гадоў таму сярод мэт Алёны былі таксама і чэмпіянаты Еўропы і свету. Гэтыя мары яна ўжо ажыццявіла, значыць, можна не сумнявацца, што калі-небудзь мы будзем казаць пра яе вынікі на Алімпіядзе.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота з архіву А. Лапцік.



31 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 wjx6x-f4hhi лебедзі на Мястры _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела