ЯК РОБІМ, ТАК І МАЕМ

У НАРОДЗЕ кажуць: добры пачатак — палавіна справы. Яно і сапраўды, удалы старт у многім прадвызначае і ўражваючы фініш. Тое ж тычыцца і сацыяльна-эканамічнага развіцця любога рэгіёну нашай краіны. А яскравай кропкай адліку тут з’яўляюцца вынікі работы за першы квартал гэтага адметнага Года малой радзімы. Наконт іх вялася патрабавальная размова на пашыраным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў мінулую пятніцу. Завіталі на яго і шаноўныя госці са сталіцы — міністр транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатолій Сівак, генеральны дырэктар таварыства “Мінаблаўтатранс” Уладзімір Федаровіч. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка адзначыў, што азёрны край справіўся з трыма ключавымі прагнознымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Маецца на ўвазе экспарт тавараў і паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. З такой жа колькасці дадатковых з перавыкананнем закрыты заданні па аб’ёму будаўніча-мантажных работ і рознічным тавараабароце. У той жа час не забяспечаны паказчык па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Далёка не ўсё з намечанага атрымалася і па нанава ствараемых рабочых месцах за лік адкрыцця новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, росце сярэднямесячнай заработнай платы. Таму Анатолій Мар’янавіч прапанаваў выступоўцам рабіць найперш акцэнт на недапрацоўках: якія канкрэтныя меры неабходна прыняць, каб пазбавіцца ад упушчэнняў і выйсці на вызначаныя параметры развіцця ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі.
З асноўным дакладам па парадку дня пасяджэння выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Што добра — то добра! Першачарговай жа ўвагі патрабуюць недапрацоўкі. Так, вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за першы квартал склала 8,7 мільёна рублёў. Гэта ў супастаўных цэнах толькі 100,3 працэнта пры заданні — 103,5. Прычына ў тым, што шэраг гаспадарак знізіў узровень вытворчасці ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года — “Пруднікі-Агра”, “Будслаўскае”, “Свір-агра”, “Зані”, “Слабадская зара”, АСП “Вузлянка”. Больш за астатнія тут “вызначылася” першая з іх — недабор пятай часткі прадукцыі. Лідзіруе яна ў раёне і па атрыманні страт ад гаспадарчай дзейнасці — 283 тысячы рублёў. На другім месцы ў гэтым незайздросным спісе свінакомплекс “Брусы”, на трэцім — таварыства “Слабадская зара”. У цэлым за справаздачны перыяд сярэдні надой ад каровы ў параўнанне з адпаведным леташнім перыядам знізіўся на чатыры кілаграмы малака, як і на 2,6 працэнтнага пункта — яго таварнасць, а за ёй —
і рэалізацыя дзяржаве. Крыху ўзраслі сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы і свіней. Тым не менш, гэта не выправіла сітуацыі: па канчатковым выніку за студзень-сакавік рэнтабельнасць ад усёй дзейнасці мінусавая — 5,6 працэнта. Дарэчы будзе адзначыць тыя гаспадаркі, дзе добра парупіліся і змаглі значна перавыканаць заданні па тэмпе росту валавой прадукцыі. У іх ліку СГФ “Дзягілі”, “Нарачанская Ніва 2004”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Сваткі”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”.
Не ўсё склалася з колькасцю працаўладкаваных грамадзян на нанава створаныя рабочыя месцы — дзевятнаццаць замест сарака сямі. Такім чынам, заданне выканана ўсяго на 40,4 працэнта.
І бліжэйшая перспектыва вымалёўваецца не вельмі радасная, хаця толькі пры ўвядзенні ў строй новай гасцініцы ў Мядзеле адкрыюцца каля двух дзясяткаў новых рабочых месцаў. Значыць, трэба без адкладу, праяўляючы творчы падыход, мэтанакіравана працаваць у рэгіёне над адкрыццём новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Яшчэ адна з праблем, якая патрабуе свайго вырашэння — выкананне задання па росце намінальна налічанай заработнай платы. У параўнанне з першым кварталам мінулага года яна ўзрасла на 13,7 працэнта, аднак гэтага мала. Патрабавалася выйсці ў сярэднім па раёне на 734 рублі. Трэба адзначыць: з даведзеным паказчыкам не справіліся многія арганізацыі, што, безумоўна, неабходна выпраўляць. Самыя нізкія заробкі склаліся ў таварыствах “Слабадская зара” — 307, “Пруднікі-Агра” — 308,3 і “Будслаўскае” — 322,8 рубля… Для параўнання: у фінансавай і страхавой дзейнасці яны 1302,3 рубля, а ў тых, хто займаецца забеспячэннем электраэнергіяй, газам, парай і гарачай вадой — пад тысячу. Зразумела і тое, што рост заработных плат павінен цесна ўвязвацца з ростам прадукцыйнасці працы…
Наталлю Расціславаўну істотна дапоўнілі садакладчыкі: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко — па стане спраў у аграпрамысловым комплексе, рэзервах павышэння прадукцыйнасці грамадскага статка і намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева —
у сацыяльнай сферы. Са справаздачамі заслуханы дырэктары
санаторыя “Нарачанка” Сяргей Куруленка, упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна — Аляксандр Звяруга, таварыства “Пруднікі-Агра” — Аляксандр Дзяконскі, галоўны ўрач санаторыя “Нарач” — Яўген Шапэчка.
Мелі слова і госці. Анатолій Сівак расказаў пра дзейнасць свайго Міністэрства, тую работу, якая праводзіцца з мэтай паляпшэння аказання транспартных і авіяцыйных паслуг, нарошчвання аб’ёмаў міжнародных перавозак. Узгадаў зварот грамадзян наконт таго, каб на чыгуначнай станцыі “Княгінін” спыняліся не толькі цягнікі эканом-класа, але і далёкага накіравання. Па меркаванні Анатолія Аляксандравіча, гэта просьба будзе задаволена да канца года. Апрача таго, з улікам Нарачанскага курорта прапрацоўваецца пытанне, каб людзі, якія будуць прыбываць на такіх цягніках, мелі магчымасць даехаць са станцыі да канечнага пункта прызначэння. У прыватнасці, да здраўніц. Міністр таксама праінфармаваў прысутных аб тым, што сёлета актыўна прадоўжыцца работа па прывядзенні ў належны стан дарогі Р-58, Мінск — Мядзел праз Сосенку. Не пакінуў ён без увагі і просьбу старшыні Свірскага сельвыканкама Віктара Субача, які папрасіў пасадзейнічаць у асфальтаванні ўчастка рэспубліканскай гравійнай дарогі “Свір — Мізулічы”. Анатолій Аляксандравіч паабяцаў, што гэты аб’ект будзе ўключаны ў план работы дарожнікаў на 2019 год. А Уладзімір Федаровіч больш спыніўся на тэхнічным забеспячэнні нашага філіяла Маладзечанскага аўтапарка №4. Нядаўна сюды выдзелены два новыя аўтобусы “МАЗ” на 22 месцы кожны, на чарзе — яшчэ “Газэль” ды два павышанай камфартабельнасці і пяць грузавікоў, якія будуць задавальняць патрэбы азёрнага краю ў перавозках…
Хто як папрацаваў, яскрава вынікала і з прынятага на пасяджэнні рашэння. У ім адзначана эфектыўная работа па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця калектываў сельскагаспадарчага філіяла “Дзягілі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Варашкевіча, таварыстваў “Нарачанская Ніва 2004” — Івана Яўсейчыка, “Мядзелаграсэрвіс” — Уладзіміра Бабкевіча, “Сваткі” — Мікалая Вараб’я, “Мядзельскае аграпрамэнерга” — Віктара Васілевіча, свінакомплексу “Брусы” — Аляксандра Кокаша. У экспарце тавараў стабільнасцю вызначаюцца вінакурня “Нарач” пад кіраўніцтвам Сяргея Машкова і сялянская гаспадарка “Антэй-Сад” Віктара Чабатара. А вось экспарт паслуг з году ў год планамерна нарошчвае калектыў санаторыя “Спадарожнік”, дзе дырэктарам вопытны Уладзімір Сяржант. Станоўчую тэндэнцыю дэманструюць тут з пачатку гэтага года і прафсаюзныя здраўніцы: санаторыі “Нарачанка”, “Нарач” і “Нарачанскі бераг”. Варта таксама адзначыць і прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Алмаліта” Аляксандра Казапалянскага.
Адначасна праца шэрагу кіраўнікоў прызнана недастатковай па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, па росце аб’ёмаў рознічнага тавараабароту, па фінансавым стане прадпрыемстваў. Больш за тое, за істотныя хібы ў рабоце ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама даручана хадайнічаць перад назіральнымі саветамі таварыстваў аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці дырэктараў ААТ “Слабадская зара” Сяргея Роўды, “Зані” — Уладзіміра Шмары, “Пруднікі-Агра” — Аляксандра Дзяконскага, свінакомплексу “Брусы” — Аляксандра Кокаша. Асобнымі пунктамі прапісана паэтапнае ўвядзенне ў строй дзеючых сіласна-сянажных траншэй, якія намечана пабудаваць у гаспадарках. Да 1 верасня ўсе яны павінны быць здадзены ў эксплуатацыю. Ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый таксама запатрабавана забяспечыць разлікі за бягучае спажыванне электрычнай энергіі, а ад дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандра Звяругі — асваенне па выніках першага паўгоддзя ў поўным аб’ёме фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца на ўзвядзенне інжынернай і транспартнай інфраструктуры і аб’ектаў інвестыцыйнай праграмы. Значна больш давядзецца парупіцца ў другім і трэцім кварталах і многім іншым вытворчым калектывам, каб кампенсаваць недапрацоўкі ў выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, дапушчаныя на старце гэтага года, і дастойна сустрэць “Дажынкі-2018”.

Павел ЖУКАЎ.



30 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе Касцёл у Мядзеле  від на Мядзел возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси