Пачатак абнадзейвае

АЖЫЛІ сенажаці ААТ «Будслаўскае». З раніцы да позняга вечара завіхаюцца на іх механізатары.
— Стараюцца хлопцы працаваць з максімальнай аддачай, — расказвае галоўны аграном таварыства Франц Томкавіч. — Кожны разумее: калі будуць кармы, то можна разлічваць і на высокія надоі, і на важкія прывагі жывёлы. А задача перад імі пастаўлена даволі напружаная. Сёлета запланавана нарыхтаваць для грамадскага статка 281 тону сена, 7600 — сенажу і 7500 — сіласу.
Дырэктар таварыства Алег Ермаковіч дадаў, што зараз асноўныя намаганні накіраваны на назапашванне сенажу.
— Літаральна за тры дні запоўнілі сянажную траншэю ёмістасцю звыш 650 тон ля фермы «Матыкі», — кажа Алег Андрэевіч. — Зараз распачалі закладваць сянаж ля фермы «Будслаў». Тут траншэю ёмістасцю 700 тон мяркуем запоўніць за тры, максімум за чатыры дні. І гэта рэальна. За дзень паступае 200-230 тон сянажнай масы.
З далейшай размовы даведаўся, што значную колькасць кармоў у гаспадарцы плануюць назапасіць з траў першага ўкосу. Для гэтага выдзелена 1300 гектараў сенажаці. А вось сілас тут будуць закладваць з аднагадовых траў, кукурузы.
— На касьбе стараннем і руплівасцю вызначаюцца Дзяніс Аксючыц, які кіруе трактарам «Fendt», і Аляксандр Нікалаеў, у яго «КЗР-10», — працягвае размову дырэктар. — Дзённыя нормы хлопцы выконваюць. На кашэнні траў завіхаецца Вадзім Рудзік на «КЗР-10». Ён забяспечвае жывёлу зялёнай падкормкай, штосьці ідзе і ў сянажную траншэю. Трава хутка падсыхае, таму дабаўка «зялёнкі» — справа патрэбная.
Ва ўрочышчы «Бабровіна» падбіралі і здрабнялі правяленыя валкі комплексамі «КВК-800» Аляксандр Лемяшонак і «КЗР-10» — Вячаслаў Аўгусціновіч. Дарэчы, зусім нядаўна Аляксандр атрымаў «КВК».
— Як працуе новая тэхніка? Не падводзіць?
— Пакуль не. Новая ёсць новая, — чую ў адказ. — Раней працаваў на «КЗР-10». Яго перадаў Аўгусціновічу. Зараз разам падбіраем валкі. Расслабляцца хлопцы не даюць. Не паспееш напоўніць масай адзін прычэп, як пад загрузку гатовы пад’ехаць другі, — кажа Лемяшонак. —Так і павінна быць. Нельга ўпускаць час. Адпачываць будзем зімой.
— На адвозцы сянажнай масы працуюць тры «МТЗ», якімі кіруюць Міхаіл Крамок, Аляксей Фірага і Аляксандр Ломскі. А вось Вікенцій Канопскі і Алег Кратовіч возяць сянажную масу на «МАЗах». Назаву прозвішча і яшчэ аднаго вадзіцеля, нашага старэйшага работніка, ветэрана працы Фелікса Сіняўскага. Яго «ЗіЛ» не ведае прастою, — адзначае дырэктар.
Развітаўшыся з механізатарамі, едзем да фермы «Будслаў», дзе закладваецца сянажная траншэя. На аддаленым палетку бачу трактар з рулонным прэс-падборшчыкам.
— Там гаспадарыць Аляксандр Лётка. Ён цюкуе ў рулоны сена, — кажа Алег Ермаковіч.
Па дарозе Алег Андрэевіч расказаў, што ўсе ўдзельнікі корманарыхтоўкі забяспечаны гарачым харчаваннем.
Ля сянажнай траншэі кіпела работа. Два «Амкадоры» разраўноўвалі масу, якая паступала з сенажаці, і бесперапынна яе трамбавалі.
— Гэта Віктар Панкратовіч і Валерый Малафей стараюцца, — патлумачыў дырэктар таварыства.
Дзякуючы агульным намаганням травы ў гаспадарцы ўжо скошаны на плошчы 420 гектараў, нарыхтавана 1130 тон сенажу і 55 тон сена. Пачатак пакладзены.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



30 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 на Блакітных азёрах        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела