Студэнты вандравалі па Нарачанцы

На працягу шасці дзён прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры вандравалі на байдарках па рацэ Нарачанцы. Маршрут праходзіў па маршруце Занарач — рака Нарачанка — Чарэмшыцы — Заброддзе — вусце Нарачанкі. У групе было 7 студэнтаў і кіраўнік — старшы выкладчык кафедры спартыўнага і рэкрэацыйнага турызму БДУФК Яўген Сямёнаў. Ён і адказаў на пытанні пра вандроўку.
— З якой мэтай праводзяцца такія паходы?
— Наша праграма навучання аб’ядноўвае ў сабе інтэгральную падрыхтоўку спецыялістаў у сферы турызму. На кожным курсе студэнты праходзяць паходы розных відаў. У першы год — спартыўны пешы паход першай катэгорыі складанасці, на другі — лыжны паход выхаднога дня і велапаход, на трэці — водная вандроўка.
— Чаму сплаўляліся менавіта па Нарачанцы?
— Такі маршрут выбіраем штогод па некалькіх прычынах. У першую чаргу, за час сплаву сустракаюцца разнастайныя пейзажы і розныя перашкоды. У першы дзень гэта невялікі кавалак возера Нарач і далей вярхоўе Нарачанкі, якое моцна пятляе. У другі дзень бачым такое ж пятлянне ракі, але дадаюцца розныя перашкоды ў рэчышчы. У трэці дзень рака становіцца шырокай, але сустракаюцца ўчасткі з паваленымі дрэвамі. Далей — шырокае рэчышча, ніякіх перашкод і так да канца маршруту. Па-другое, на выбар уплывае адносная блізкасць ад Мінска — гэта дазваляе хутка прывезці на месца людзей і рыштунак. Па-трэцяе, апроч перашкод, сустракаюцца прыгожыя пейзажы. Самым важным аб’ектам у канцы маршруту, непадалёку ад зліцця з ракой Вілія, была лазня — зруб, закапаны ў зямлю. Але ў гэтым годзе мы па прыездзе на стаянку яе не знайшлі. Вельмі спадзяюся, што яе адновяць, бо яна была адметным аб’ектам адпачынку турыстаў.
— А студэнтаў што найбольш уразіла ў паходзе?
— Ім спадабаўся ўвесь маршрут, бо кожны дзень сустракалася нешта новае. У гэтай вандроўцы яны пазналі ў новым ключы слова “рэкрэацыя”. І ўзгаданая лазня раней спадарожнічала гэтаму.
— На ваш погляд, ці цікавы Нарачанскі край для аматараў водных паходаў?
— Лічу, што Мядзельскі раён вельмі прыдатны для развіцця воднага турызму.
— А што трэба рабіць, каб такія паходы карысталіся большай папулярнасцю?
— Для гэтага добра было б павялічыць колькасць абсталяваных стаянак, зрабіць да іх пад’езды. Як прыклад магу прывесці стаянку «Стол» за вёскай Заброддзе ў Вілейскім раёне. Выдатная стаянка, кожны год карыстаемся — там альтанка з лаўкамі, вогнішча…
А навучальныя сплавы па Нарачанцы спадзяюся праводзіць і надалей.

Аляксандр Высоцкі.
На здымку: падчас воднага паходу па Нарачанцы.
Фота з сайта БДУФК.



29 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          1-12 возера Глубелька Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела