Прафесіі, запатрабаваныя ў нашым родным краі

Як жа хутка ляціць час! Нібыта стрэлкі гадзінніка мільгаюць дні, змяняюцца поры года. Здаецца, зусім нядаўна маленькія першакласнікі з радаснымі ўсмешкамі на тварах і дапытлівымі вачыма пераступілі парог школы, прачыталі ў буквары па складах першы сказ. А колькі перажылі радасных хвілін, атрымаўшы добрую адзнаку за прыгожа напісаныя літары, калі ўдалося правільна рашыць задачку. І паляцела імклівая вучнёўская сцяжынка праз школьныя гады, наперад у дарослае жыццё. Не паспелі першакласнікі азірнуцца, як мінула дзяцінства, наступіла апошняя школьная вясна. Маленькія шкаляры ператварыліся ў дарослых юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на парозе новых жыццёвых адкрыццяў і спадзяюцца на здзяйсненне запаветных мар.
Паважаныя выпускнікі, праз некалькі дзён наступіць шчымлівы момант развітання са школай. Апошні званок стане першым крокам у дарослае жыццё. І вось яна — шырокая дарога з мноствам скрыжаванняў, варыянтаў і перспектыў. Менавіта зараз наступае момант, калі кожны павінен зрабіць адзін з найважнейшых крокаў у сваім жыцці. Перад вамі адкрыты ўсе дарогі. Па якой з іх пайсці? Безумоўна, выбар будучай прафесіі павінен быць абдуманым і мэтанакіраваным, каб яна прыносіла асалоду і задавальненне на далейшым жыццёвым шляху.
Сёння існуе вялікая колькасць прафесіянальна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія прапануюць вельмі разнастайную палітру спецыяльнасцей. Кожная з іх па-свойму важная і неабходная. Выбраць прафесію, да якой ляжыць душа, вызначыць, якой сцяжынкай крочыць па жыцці, даволі складана. Але асабліва хочацца звярнуць вашу ўвагу на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. Аграпрамысловы комплекс у нашай краіне з’яўляецца адным з найважнейшых накірункаў развіцця, асновай эканомікі дзяржавы ўцэлым і раёна ў прыватнасці. Яму надаецца асаблівая ўвага. Працоўныя кадры гэтай сферы заўсёды будуць запатрабаваныя, бо менавіта іх бездакорнай працай абумоўліваюцца моц і далейшы росквіт Беларусі.
Падрыхтоўкай спецыялістаў для сельскай гаспадаркі займаюцца такія вышэйшыя навучальныя ўстановы як Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Таксамі запрашаюць да сябе выпускнікоў школ спецыялізаваныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю — Ільянскі і Смілавіцкі дзяржаўныя
аграрныя, Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны, Мар’інагорскі дзяржаўны
аграрна-тэхнічны каледжы і іншыя.
Для задавальнення патрэбы ў кадрах аграпрамысловага комплексу Мядзельшчыны ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Прапануюць заключэнне мэтавага дагавора сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, а таксама ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Выдаецца такі дагавор у вышэйназваныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю (інжынерныя, ветэрынарныя, заатэхнічныя, агранамічныя, а таксама бухгалтарска-эканамічныя спецыяльнасці). Пры заключэнні мэтавага дагавора з сельскагаспадарчым прадпрыемствам пасля заканчэння навучальнай установы малады спецыяліст накіроўваецца на работу у арганізацыю, якая выдала гэты дагавор. Калі ж такі дакумент выдала ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, то маладому спецыялісту прапаноўваюць на выбар вакансіі па яго спецыяльнасці ў межах раёна. Колькасць мэтавых дагавораў не абмяжоўваецца. Заключыць яго могуць як выпускнікі школ (на базе 9-ці, 11-ці класаў), так і сярэдніх спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных навучальных устаноў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання для атрымання вышэйшай адукацыі.
Што такое мэтавы дагавор і якія ільготы існуюць пры паступленні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі? Залічэнне ў студэнты “мэтавікоў” праходзіць па асобным конкурсе. У адрозненне ад іншых, пры паступленні на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю ў вышэйназваныя навучальныя ўстановы прадастаўляюцца толькі два сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па профільных прадметах. Мінімальны прахадны бал па іх зніжаны да 7-мі балаў. Абітурыент, які не прайшоў па конкурсе сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, альбо не набраў мінімальных прахадных балаў, мае магчымасць здаць гэтыя ж экзамены яшчэ раз непасрэдна ва ўніверсітэце (пісьмова альбо вусна). Калі абітурыент не прайшоў па конкурсе мэтавых месцаў, ён можа паступіць на агульных умовах. Студэнтам, якія вучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, гарантуецца прадастаўленне інтэрната на ўвесь перыяд навучання. Акрамя таго, дадатковай умовай мэтавага дагавора з’яўляецца штомесячная даплата да стыпендыі з боку прадпрыемства, з якім ён заключаны. Памеры такой даплаты ўказваюцца ў дагаворы. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што пасля заканчэння навучальнай установы выпускнікі атрымаюць гарантаванае месца працы там, дзе пажадаюць. Іх не накіруюць на работу кудысьці за сотні кіламетраў ад дому, яны вернуцца ў родныя мясціны.
Жадаючым вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі трэба звяртацца да кіраўніка любога з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна альбо ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Тэлефон для даведак: 54-2-54.
Хочацца адзначыць, што вучыцца ў вядучых аграрных вышэйшых навучальных установах Беларусі і атрымаць спецыяльнасць сельскагаспадарчага профілю не толькі цікава, але і прэстыжна. Якасны ўзровень адукацыі запатрабаваны як у Беларусі, так і ў Расіі, іншых краінах блізкага замежжа. Студэнты падчас вучобы маюць магчымасць паралельна атрымаць другую вышэйшую адукацыю, прайсці практыку за мяжой, набыць адну альбо некалькі рабочых спецыяльнасцей і іншае. Многія з выпускнікоў гэтых навучальных устаноў займаюць высокія пасады ў кіраўніцтве краіны, вобласці, раёна, арганізацыях аграпрамысловага комплексу, вялікім і сярэднім бізнесе, на айчынных і замежных прадпрыемствах. Словам, спецыялісты аграрнага профілю — адны з самых запатрабаваных сёння і ў будучым.
Яшчэ трэба заўважыць, што дзеля таго, каб маладыя людзі, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, не расчараваліся ў сваім выбары, вялікая ўвага надаецца развіццю і адраджэнню вёскі, замацаванню кваліфікаваных кадраў на сяле. Дзяржаўная кадравая палітыка прадугледжвае шэраг гарантый, якія прадастаўляюцца маладым спецыялістам, накіраваным працаваць у арганізацыі аграпрамысловага комплексу. Да іх адносяцца прадастаўленне добраўпарадкаванага жылля, выплата грашовай дапамогі ў памеры месячнай стыпендыі, пры пераездзе ў другую мясцовасць — выплата адначасовай дапамогі ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (акладу) па месцы працы, устанаўленне штомесячнай даплаты да заработнай платы ў двухразовым памеры месячнай тарыфнай стаўкі першага разраду ў першыя два гады работы, у наступныя тры гады — у трохразовым памеры, ільготнае крэдытаванне і многае іншае.
Паважаныя выпускнікі! Нам пашанцавала нарадзіцца ў прыгожым і непаўторным азёрным краі, які здаўна славіцца працавітасцю і патрыятызмам сваіх жыхароў, іх бязмежнай любоўю да роднай зямлі. Хочацца, каб і абраная вамі прафесія стала любімай справай, каб кожны знайшоў дастойнае месца ў жыцці. Будзем спадзявацца, што, будучы ўжо дыпламаванымі спецыялістамі, вы вернецеся дадому, каб рупна і з адказнасцю працаваць на карысць роднай Мядзельшчыны. Жадаем поспехаў у выбары будучай прафесіі, няхай вам спадарожнічае ўдача!

А. РАСКОВА.
Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання
райвыканкама.



29 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 img_4257     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела