На сцэне — “Паўлінка”

Хачу расказаць пра падзею, якая ў Год малой радзімы адбылася ў культурным жыцці нашага аграгарадка. І разам з тым, падзякаваць людзям, якія да яе актыўна далучыліся. А гэта — удзельнікам аматарскага драматычнага гуртка, які працуе пры нашай Будслаўскай сельскай бібліятэцы. Бо менавіта дзякуючы іх старанням на сцэне Дома культуры быў пастаўлены трэці спектакль. На гэты раз — знакамітая “Паўлінка”.
“Ад нараджэння звяры знаюць ямы свае, птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы ў морах і ў рэках чуюць віры свае, пчолы бароняць вуллі свае, — гэтак жа і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормленыя, да таго месца вялікую ласку маюць”, — пісаў Францыск Скарына. Гэтымі словамі і пачала чарговае спатканне з гледачамі. У кожнага з нас ёсць свая малая радзіма. Для нас — гэта родны Будслаў. Адсюль паходзіць і знакамітая зямлячка Паўліна Мядзёлка — адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы, якой у верасні гэтага года споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння. Я вельмі люблю наш аграгарадок, людзей, што жывуць і працуюць тут, яго ваколіцы, святы храм, вядомы ва ўсім свеце. І мне заўсёды хочацца зрабіць для сваіх землякоў штосьці новае і цікавае, каб ім надоўга запомнілася, дапамагло змястоўна адпачыць, радасна ўсміхнуцца, а самае галоўнае — пакінуць залу са светлымі тварамі, шчаслівымі вачамі, прыўзнятым настроем. Удзельнікамі драматычнага гуртка, створанага пры бібліятэцы, з’яўляюцца людзі розных узростаў і прафесій. Але ёсць і агульнае, што ўсіх абядноўвае, гэта — любоў да роднага беларускага слова, да сцэны, драматургіі.
Арыгінальна аформлена сцэна, дэкарацыі адпавядаюць таму часу: драўляны ложак, куфар, печка, доўгі стол, драўляная канапка, якую дала на пастаноўку Юзэфа Рачыцкая (дзякуй ёй за гэта). А яшчэ — адмысловыя саматканыя пасцілкі, вышываныя дываны, сурвэткі, ручнікі — тканыя і вышываныя… Словам, сапраўдная тамтэйшая беларуская хата.
Расчыняюцца заслоны — і прысутныя бачаць прыгожую, крыху сумную Паўлінку. Яна чакае свайго каханага і вельмі засмучаецца, што той чамусьці не прыходзіць. Ролю галоўнай гераіні выканала Алеся Талкановіч, якая працуе галоўным эканамістам у ААТ “Будслаўскае”. Дзяўчына разумная, здольная і вельмі адказная. Хоць і была занятая — праца, вучоба ў аўташколе — не прапусціла ніводнай рэпетыцыі. Ёй лёгка даваліся словы п’есы, ды і ў сцэнічны вобраз упісалася практычна адразу. На працягу пастаноўкі Паўлінка то гарэзлівая, вясёлая, то строгая, але добрая і, вядома ж, закаханая ў вясковага настаўніка Якіма Сароку. Яго ролю вельмі трапна сыграў тэхнолаг УП “Ілаўскае” Уладзімір Штура — адказны, здольны, таленавіты малады чалавек. Хлопец працуе на заводзе, вучыцца завочна ў ВНУ, але знаходзіць час і для заняткаў у драматычным гуртку. Як заўважыла, яму гэта падабаецца. Разважлівы, разумны, удалы Якімка запомніўся гледачам і пакінуў у іх душах светлыя, добрыя эмоцыі.
З роляй ганарыстага Быкоўскага выдатна справіўся загадчык майстэрань ААТ “Будслаўскае” Арцём Атрошчык. Гэта быў яго дэбют на сцэне, прычым, даволі ўдалы. Пасля заканчэння Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прыехаў ён на працу ў Будслаў. Практычна адразу запісаўся ў бібліятэку. Знаёмства з адукаваным, дапытлівым, прыгожым юнаком пакінула ў мяне прыемныя ўражанні. І калі па непрадбачаных абставінах давялося замяніць аднаго з артыстаў, прапанавала Арцёму паспрабаваць сябе ў драматургіі. Ён адразу згадзіўся, за што яму шчыра ўдзячна. І хоць хлопец напачатку вельмі хваляваўся, вобраз свайго героя раскрыў цудоўна. Яго артыстызмам захаплялася ўся зала. Ледзьве фанабэрысты пан Быкоўскі з’яўляўся на сцэне, як гледачы весела смяяліся і дружна апладзіравалі артысту.
Як і заўсёды, прафесійна, цікава, з гумарам сыграў даручаную яму ролю, на гэты раз Сцяпана Крыніцкага, Павел Бабкевіч. Працуе ён хімікам-аналітыкам на УП “Ілаўскае”. Увогуле з гэтым сур’ёзным, адказным, вельмі дысцыплінаваным чалавекам мне заўсёды прыемна мець справу. Ён жа ніколі ніводнай рэпетыцыі не прапусціў! Нават хворы, з тэмпературай мог, як сапраўдны артыст, выйсці на сцэну. Калі па шчырасці, то выкананне любых роляў удаецца Паўлу Іванавічу.
Пранцісь Пустарэвіч і яго жонка Агата — вельмі цікавы і таленавіты тандэм Алега Талстыкі, рабочага ЖКГ, і Валянціны Рагоўскай, былой загадчыцы склада ААТ “Будслаўскае”. Патрэбна было бачыць, наколькі артыстычна, весела Алег Уладзіміравіч і Валянціна Станіславаўна выконвалі даручаныя ім ролі, як трапна дапаўнялі адзін аднаго, упэўнена трымаліся на сцэне, быццам выходзілі на яе не зрэдку, а штодзённа. За ролю Альжбеты — маці Паўлінкі — узялася сама. Здаецца, як магла, старалася, а што атрымалася — няхай мяркуюць гледачы.
З ролямі гасцей на вечарыне выдатна справіліся вучні Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі Ірына Садоўская, Дзіяна Камарова, Ірына Пішчака, Рэната Камарова, Аліна Ельяшэвіч, Улад Зелянкевіч, Мікіта Хацяновіч, а таксама маладая цялятніца ААТ “Будслаўскае” Алена Кедроўская. А якое ж тады свята абыходзілася без музыкаў?! Былі яны і ў п’есе Янкі Купалы. Іх ролю выдатна выканалі работнікі мясцовага СДК Жанна Талкановіч, Валерый Драгун і Алёна Грышкевіч. У фае працавалі дзве выставы: “Зямля, што нас узгадавала” і “Тут Радзімы маёй пачатак”. На іх былі размешчаны матэрыялы пра Будслаў, пра санктуарый Маці Божай Будслаўскай, знакамітых ураджэнцаў аграгарадка, у тым ліку пра Паўліну Мядзёлку, іншых землякоў, якімі мы па праву ганарымся. Больш падрабязна з прадстаўленай там інфармацыяй можна пазнаёміцца ў нашай сельскай бібліятэцы.
Напрыканцы хачу падзякаваць усім, хто знайшоў час, каб прыйсці на спектакль і падтрымаць акцёраў, бо мы ўсе — аматары, а не прафесіяналы. Дзякуй за шчырыя, дружныя апладысменты, за кветкі, падарункі. Дарагія будслаўчане! Мы вас любім і пастараемся не падвесці. Да новых сустрэч! Дзякуй вялікі і ўсім удзельнікам нашага драматычнага гуртка. Проста цудоўна, што вы — людзі апантаныя, неабыякавыя, любіце жыццё і стараецеся зрабіць яго больш змястоўным і цікавым. Падзякаваць хачу і вашым сем’ям. Найперш за тое, што вас добра разумеюць і падтрымліваюць.

Г. АКСЮЧЫЦ.
Бібліятэкар Будслаўскай сельскай бібліятэкі.
На здымку: момант спектакля.



28 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 на Блакітных азёрах        223_ Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела