«Жураўка» не ў небе, а на зямлі…

d0b6d183d180d0b0d19ed0bad0b0МАЛЯЎНІЧЫЯ берагі возера Нарач прыцягваюць да сабе лю­дзей, якія аддаюць перавагу спакойнаму адпачынку ў звыклых кліматычных умовах. Больш за 20 гадоў таму было прынята рашэнне пабудаваць у гэтым маляўнічым куточку нашай краіны базу адпачынку. У 1989 годзе яна была здадзена ў эксплуатацыю. Будавалася здраўніца пры першым яе дырэктары Георгіі Аляксандравічы Драніцкім. Аляксей Васільевіч Гатоўка ў той час з’яўляўся намеснікам дырэктара па медыцынскай частцы. Менавіта ён падбіраў высокакваліфікаваны медперсанал, закупляў навейшае абсталяванне, ствараў, як кажуць, надзейную лячэбную базу. І так здарылася, што ў 2003 годзе Аляксею Васільевічу давялося ўзначаліць калектыў здраўніцы, якая тады насіла назву пансіяната з лячэннем «Жураўка».

З прыходам на пасаду галоўнага ўрача А. В. Гатоўка самую сур’ёзную ўвагу звярнуў на пытанні паляпшэння ўмоў пражывання адпачываючых, умацавання медыцынскай базы, якая на сённяшні дзень забяспечана сучаснай фізіятэрапеўтычнай апаратурай. У выніку пансіянату спецыяльная атэстацыйная камісія прысвоіла статус санаторыя 2-й катэгорыі. Адбылося гэта ў жніў­ні 2007 года.

Што сёння ўяўляе сабой санаторый? Гэта два трохпавярховыя спальныя корпусы на 259 чалавек. У іх прапануюцца адпачываючым нумары павышанай камфортнасці: аднамесныя аднапакаёвыя, двухмесныя аднапакаёвыя і двухпакаёвыя, класу «люкс». Халадзільнік, тэлевізар, набор посуду, электрачайнік – гэта далёка не поўны пералік таго, чым абсталяваны нумары. Кругласутачна падаецца гарачая і халодная вада, штодзень праводзіцца ўборка, раз у тыдзень – мяняецца бялізна.

- Для таго, каб адпачываючыя адчувалі сябе па-дамашняму, каб іх нішто не турбавала, накіраваны нашы намаганні, – зазначае сястра-гаспадыня Фаіна Баляславаўна Ворса. – А як ўдаецца нам гэтага дасягнуць, можна даведацца, пагартаўшы кнігу водгукаў і прапаноў. Дзесяткі падзяк за ветлівасць, працавітасць, старанне запісаны ў адрас руплівых пакаёвак. Многія з іх маюць за плячыма багаты вопыт работы.

Так, 17 год на гэтай пасадзе
А. М. Блізнік. За ёй замацаваны нумары класа «люкс». Здаецца, пасада простая, але займаць яе можа вельмі адказны чалавек, які душой хварэе за прэстыж здраўніцы, даручаную справу заўсёды выконвае якасна і своечасова. Па 5-10 гадоў працуюць пакаёўкамі М. Я. Цупа, Т. В. Назаранка, І. Я. Лясько, Л. І. Скурко і іншыя. 9 гадоў завіхаецца на пасадзе кастэлянкі В. П. Валасевіч.

Сталовая размешчана асобна ад спальных карпусоў. Яна ўключае дзве прасторныя залы на 140 і 160 месцаў, ёсць банкетная зала ўмяшчальнасцю да 30 чалавек. Харчаванне – 5-разовае па заказным меню (сёння на заўтра). Распрацавана таксама дыетычнае харчаванне (дыеты №№ 5, 7, 9, 10, 15). Наяўнае абсталяванне значна аблягчае працу работнікаў кухні, спрыяе таму, што стравы вызначаюцца якасцю і каларыйнасцю. Як расказала тэхнолаг Галіна Іванаўна Ціхановіч, у сталовай ёсць сучасныя халадзільныя камеры, прыстасаванне для нарэзкі гародніны, спецыяльнае абсталяванне для прыгатавання страў на пары, што вельмі важна для дыетычнага харчавання, і многае іншае. Але без чалавека, без яго старання, прафесіяналізму яно нічога не варта. Таму шмат удзячных слоў прагучала ў адрас повара V разраду
А. А. Сычовай. Алена Аляксандраўна ў свой час закончыла Го­мель­скае ПТВ-17, дзе і атрымала спецыяльнасць повара. Потым у Чарнігаўскім тэхнікуме набыла прафесію тэхнолага. Аднак, повар­ская справа ёй больш да душы.

- Як трапілі ў «Жураўку»? – цікаўлюся ў А. А. Сычовай.

- На Мядзельшчыну прыехалі пасля Чарнобыльскай аварыі ў 1991 годзе. Вось тады і ўладкавалася на працу ў здраўніцу. Нават і не заўважыла, як мінула 17 год, – чую ў адказ.

- Якія стравы вы найлепш любіце рыхтаваць?

- Вой, ды многа іх. Скажам, піражкі і пампушкі, расольнік і іншыя, – усміхнуўшыся, адказала Алена Аляксандраўна.

Многа цёплых слоў выказала тэхнолаг і ў адрас афіцыянтак
Ж. М. Кухта, А. С. Бруцкай, кладаўшчыцы Л. І. Ліхадзеевай, сястры-гаспадыні В. І. Кавалёвай і некаторых іншых.

- Гэтыя людзі працуюць у нас не першы год. Ім можна даверыць любую справу, і яны не падвядуць. У выніку адпачываючыя задаволены харчаваннем: як разнастайнасцю страў, так і іх якасцю. Менавіта таму сотні падзяк як у вуснай, так і пісьмовай формах выказаны ў адрас работнікаў харчблока, – зазначыла на развітанне Г. І. Ціхановіч.

Асновай любога санаторыя з’яўляюцца медыцынскія паслугі. Не выключэнне і «Жураўка». Тут дасягнуты значныя поспехі па лячэнні захворванняў сардэчна-сасудзістых і нервовых сістэм, органаў дыхання і стрававання, апорна-рухальнага апарата.

- Лячэбная база прадстаўлена як дыягнастычнымі кабінетамі (клініка-біяхімічная лабараторыя, ультрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі), так і лячэбнымі (водалячэбніца, гразелячэбніца, інгаляторый, кішэчных і страў­нікавых прамыванняў, лазернай тэрапіі, лячэбнай фізкультуры, магнітатэрапіі, масажу ручнога, механатэрапіі, падводнага душ-масажу, працэдурны кабінет, псіха­лагічнай разгрузкі, сауна, святлолячэння, салярый, спелеатэрапіі, стаматалагічны, цепла- і электралячэння, фітатэрапіі, фі­зіятэрапеўтычны), – расказвае выконваючы абавязкі загадчыка медыцынскага аддзялення В. Я. Катляроў. – Паўсюдна ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Працуюць кабінеты ручнога масажу. Масажысты вопытныя, высока­кваліфікаваныя. Маем ванны падводнага душ-масажу. Попытам у адпачываючых карыстаюцца лячэбныя ванны. Па прызначэнні ўрача прапаноўваем – жамчужныя, ёдабромныя, марскія, травяныя, хваёва-экстрактныя, з піхтавым алеем, шкіпінарныя і многія іншыя. У кабінеце цеплалячэння шырока прымяняюцца парафіна-азакерытныя, травяныя, гразевасапрапелевыя аплікацыі. Далёка не кожная здраўніца курорта можа пахваліцца тым, што мае салярый. У нас ён ёсць і даволі запатрабаваны.

- Васілій Ягоравіч, якое б сучаснае абсталяванне не было, але без удзелу чалавека яно карысці прынясе мала. Каго з медперсаналу вы хочаце адзначыць?

- Можна называць прозвішчы дзесятка людзей, хто ў штодзённай рабоце прымяняе высокі прафесіяналізм. Гэта ўрачы-тэрапеўты Валерый Вітольдавіч Находка, Мяфодзій Уладзіміравіч Валюк, урач стаматолаг-тэрапеўт Крыс­ціна Мечыславаўна Малевіч. Дарэчы, у стаматалагічным кабінеце ўстаноўлена абсталяванне бразільскай вытворчасці «Олсэн», зручнае для работы. А дзякуючы вялікаму вопыту і прафесіяналізму ўрача лячэнне зубоў становіцца не страшнай працэдурай, – чую ў адказ.

Варта зазначыць, што і Васілій Ягоравіч не навічок у медыцыне. Шмат гадоў адпрацаваў у Мя­дзельскай ЦРБ. У 2004 годзе яго запрасілі ў здраўніцу на пасаду ўрача фізіятэрапеўта. Даў згоду. А са жніўня бягучага года выконвае абавязкі загадчыка медыцынскага аддзялення.

А колькі шчырых слоў выказаў
В. Я. Катляроў у адрас медыцынскіх сясцёр, санітарак. Многія з іх працуюць у санаторыі амаль з дня яго заснавання. Так, галоўная мед­сястра Людміла Мікалаеўна Кацкель завіхаецца тут ужо 19 гадоў.

- Гэта вельмі адказны спецыя­ліст, сапраўдны настаўнік мола­дзі. Яна патрабавальная да сябе і падначаленых, асабістым прыкладам натхняе іншых на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, – гаворыць Васілій Ягоравіч.

Працавітасцю, дысцыплінаванасцю і адказнасцю вызначаюцца таксама палатныя медсёстры А. У. Валяўка, Н. Ф. Харашэй, Л. А. Сяргеева, Н. Б. Грамадская, В. І. Камарова, медсёстры працэдурнага кабінета Л. І. Шабан, інгаляторыя Т. Д. Дарашкевіч, фізкабінета К. А. Шабан і Т. А. Цюрына, цеплалячэння Ю. М. Дземашкевіч, падводнага душ-масажу В. М. Кляшэвіч, кабінета гідратэрапіі Г. С. Варабей, масажысткі М. М. Дземашкевіч, С. У. Гусакова, медрэгістратар Т. С. Кучко, санітарка інгаляторыя
Т. У. Усовіч. Зусім нядаўна працуе ў здраўніцы на пасадзе дыетсястры С. М. Ярмаковіч. Але для руплівай жанчыны гэтых некалькі тыдняў хапіла, каб сваім стараннем заваяваць павагу і аўтарытэт калег.

- Весела праходзяць сеансы лячэння ў кабінеце спелеатэрапіі. Ахінуўшыся прасцінамі, адпачываючыя сядзяць і спяваюць песні. Пры гэтым яны ўдыхаюць дробныя часцінкі солі, якія лятаюць у паветры. Гаспадыня кабінета медсястра Лілія Уладзіміраўна Каўрус таксама працуе ў санаторыі не адзін год, – дадае В. Я. Катляроў.

Многае робіцца для паляпшэння ўмоў пражывання ў здраўніцы. Як ні кажы, узводзілася яна 20 гадоў таму.

- Зроблена мадэрнізацыя спальнага корпуса №1, распачата гэта работа і ў корпусе №2. Асноўная мэта – палепшыць умовы пражывання. Калі раней на калідоры былі два душы і два туалеты на ўвесь паверх, то зараз санвузел ёсць у кожным нумары. Зразумела, што аддзелка нумароў сучасная, – расказвае намеснік галоўнага ўрача па тэхнічных і гаспадарчых пытаннях А. К. Вайцяховіч. – Акрамя гэтага, за апошнія гады добраўпарадкавана тэрыторыя, разбіта шмат новых клумбаў, пасаджана значная колькасць дэкаратыўных кустоў. На пешаходных дарожках пакладзена дробнаштучная плітка. У будучым годзе абновім асфальтавае па­крыццё. Усімі гэтымі работамі кіруе інжынер па эксплуатацыі і рамонце будынкаў і збудаванняў Ігар Яўгенавіч Красоўскі. У свой час гэты чалавек працаваў у арганізацыі, якая ўзводзіла здраўніцу. Потым тут і застаўся.

Аляксандр Казіміравіч паведаў таксама, што сёлета закончаны работы па пераводзе кацельні на прыродны газ. Гэта дазволіла зменшыць выдаткі на выпрацоўку цеплаэнергіі. Нельга не адзначыць, што ў санаторыі працуюць сем’ямі. Так, начальнікам кацельні 22 гады шчыруе Сяргей Уладзіміравіч Лук’яновіч. Яго жонка Кацярына Анатольеўна займае пасаду апаратчыцы хімводаачысткі, сын Павел – аператар кацельні. Лепшыя гады свайго жыцця аддалі санаторыю кладаўшчык Пётр Пятровіч Каўрус і яго жонка апаратчыца хімводаачысткі Галіна Аляксандраўна. Толькі з лепшага боку кіраўніцтва здраўніцы характарызуе электраманцёра Р. В. Волкава, вадзіцеля аўтамабіля У. М. Чарняўскага, вядучага эканаміста А. В. Крывенькую, бухгалтара
Г. А.  Нікалаёнак, слесара кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Г. А. Федзічкіна, электрагазазваршчыка С. У. Рамашова. Дзякуючы старанню гэтых і многіх іншых людзей папулярнасць здраўніцы расце з кожным годам. Прычым, папраўляюць у ёй здароўе не толькі работнікі вышэйстаячай арганізацыі – камунальнага вытворчага унітарна­-
га прадпрыемства «Мінскхлеба­прам», але і шматлікія жыхары нашай краіны, госці з блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці, з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фін­ляндыі, Англіі, Ізраіля і інш. Штогод аздараўліваюцца ў санаторыі да 5 тысяч чалавек.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



24 лiстапада 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-178 Царква ў Слабадзе 223_ 0-170

Пабрацімы Мядзела