НА ПРЫВЯДЗЕННЕ Ў ПАРАДАК ВУЛІЦ – МЕСЯЦ! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

НА ПРЫВЯДЗЕННЕ Ў ПАРАДАК ВУЛІЦ – МЕСЯЦ!

УСЁ менш застаецца часу да свята хлебаробаў сталічнай вобласці “Дажынкі-2018”, якое адбудзецца сёлета ў нашым азёрным краі. Нельга не заўважаць і тыя добрыя перамены, што адбываюцца зараз у Мядзеле, яго курортным наваколлі. Сучаснае аблічча набываюць многія шматкватэрныя дамы, з’яўляюцца новыя пешаходныя дарожкі, брукаваныя пліткай, прыгажэюць вуліцы, радуюць вока цудоўныя ландшафты на месцы былых хмызоў і старых пабудоў… Аднак, каб ажыццявіць усё намечанае ў поўным аб’ёме, правесці фестываль на дастойным узроўні і па-добраму ўразіць шматлікіх гасцей са сталіцы і ўсіх куткоў цэнтральнага рэгіёну, трэба зрабіць яшчэ вельмі-вельмі многае. На гэта ўказвалася ў ходзе чарговага пасяджэння штаба па падрыхтоўцы і правядзенні свята ў мінулую пятніцу. У яго рабоце прынялі ўдзел губернатар сталічнага рэгіёну Анатолій Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Беларусі-інспектар па Міншчыне Ігар Яўсееў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Напачатку патрабавальнай размовы Анатолій Міхайлавіч прапанаваў выканаўцам прытрымлівацца пратакола даручэнняў, дадзеных на папярэднім пасяджэнні штаба: што не зроблена, па якой прычыне, з якімі яны сутыкаюцца праблемамі? Справаздачы трымалі кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, абласных і раённых арганізацый. Як мне падалося, найбольш крытычных заўваг прагучала ў адрас дырэктара нашай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Чарняўскага. У першую чаргу яны тычыліся бягучага рамонту дваццаці васьмі шматкватэрных жылых дамоў. На дзесяці з іх пафарбаваны ўжо фасады, аднак цалкам ніводзін не даведзены да ладу. Недзе не зроблена адмостка, у іншых месцах — уваходная група… Чаму, што перашкаджала? Гэтыя пытанні засталіся практычна без адказу. Нямала не высветленых да канца момантаў і па рамонце дзевятнаццаці дваровых тэрыторый. Маецца на ўвазе, якія работы будуць выкананы там за кошт бюджэтных сродкаў, а што зробяць самі жыхары шматкватэрнікаў. Тым больш, што райвыканкам яшчэ ў сакавіку аб’явіў агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і шматкватэрных жылых дамоў. Тых, чыя дваровая тэрыторыя будзе прызнана самай узорнай, чакае не толькі дыплом райвыканкама, але і каштоўны прыз, які эквівалентны дваццаці сямі базавым велічыням. Заахвоцяць таксама і здатнага арганізатара работ па мабілізацыі жыхароў на стварэнне прыгажосці на ўласных дваровых тэрыторыях. А што датычыцца дванаццаці гарадскіх вуліц, то, як паставіў задачу губернатар Анатолій Ісачанка, яны павінны быць прыведзены ў парадак на працягу месяца…
Без асаблівых заўваг, як вынікала са справаздач начальнікаў упраўленняў адукацыі аблвыканкама Галіны Казак, спорту і турызму Яўгена Булойчыка, генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз” Юрыя Кукліцкага і шэрагу іншых, на іх падведамасных аб’ектах на Мядзельшчыне работы вядуцца планамерна, без збояў, згодна з распрацаванымі графікамі. У завяршэнне абмяркоўваўся праект рэканструкцыі плошчы Леніна горада і амфітэатра. Тлумачэнні даваў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Вілейскага раёна Аляксандр Крупскі, дзе ён першапачаткова і распрацоўваўся. Сваімі меркаваннямі па ўдасканаленні гэтага праекта, яго аптымізацыі і мастацкім афармленні вуліцы 17 Верасня таксама падзялілася загадчыца кафедры дызайн-архітэктурнага асяродку Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганна Літвінава. Падагульняючы абмеркаванне, Анатолій Ісачанка адзначыў, што ад прапанаваных архітэктурна-дызайнерскіх праектаў трэба ўзяць лепшае, а плошча Леніна, якая адыгрывае не толькі адміністрацыйную, але і культурную функцыю, у рэшце рэшт “павінна зазіхацець”…

Павел ЖУКАЎ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



23 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Царква ў Крывічах _dsc1133-3 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси