“ВОСЬ ГЭТА САПРАЎДНАЕ СЕНА!”

МОЖНА сказаць, чарговая вясенняя пасяўная адшумела-адзвінела. Хаця напачатку яе з прычыны запозненага прыходу цяпла ў красавіку хлебаробам хапіла трывог і перажыванняў: ці ўправяцца на палях у аптымальныя тэрміны, ці паспрыяе ў адказнай кампаніі капрызнае надвор’е? На радасць многім, паспрыяла. Бясспрэчна і тое, што вырашальную ролю ў большасці нашых гаспадарак усё ж адыграла дакладная арганізацыя працы механізатараў, якія былі задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы, унясенні тукаў, сяўбе яравых. Работы ў полі працягваюцца і сёння. Адны дасяваюць кукурузу і проса, другія — аднагадовыя культуры на корм або “зялёны канвеер”. Не выключэнне і працаўнікі таварыства “Занарачанскі”. А тут яшчэ падаспела нарыхтоўка кармоў. І з гэтым таксама нельга прамарудзіць, бо пазней сена ды сянаж ужо будуць не той якасці, не той пажыўнасці. Таму і ажываюць пакрысе сенажаці гаспадарак. У мінулую нядзелю за вёскай Астраўляны ўбачыў трактар “МТЗ-1221” з “Кронай”. Майскі дзянёк таксама выдаўся як па заказу: цёплы і сонечны.
— На гэтым абшары, — паведаў механізатар Аляксандр Нор, — пасеяны люцэрна з купкоўкай. Тэхніка гэта наогул не мая, а трактарыста Ігара Качарго. На жаль, ён крыху прыхварэў, таму мне і даручылі гэту справу, бо травы чакаць не будуць…
У кароткай размове высветлілася, што ў Аляксандра Аляксандравіча дакладна такі ж трактар, а механізатарскі стаж пасля заканчэння Свірскага прафтэхвучылішча набліжаецца да трыццаці год. Жыве ён у вёсцы Жалезнікі. “Што даручаюць, тое і раблю, — працягвае Аляксандр Нор, — стараюся нікога не падводзіць…”
Тым днём у таварыстве не толькі касілі травы. На заходнім канцы вялікай гаспадаркі, пад Старлыгамі, на іншай сенажаці з граблямі працаваў Яўген Кунавіч. “Да гэтага, — падзяліўся Яўген Васільевіч, — быў задзейнічаны на комплексе “Міціненты”: раздаваў кармы, адвозіў арганіку, дастаўляў на пашу ваду. А цяпер, з надыходам корманарыхтоўкі, мяркую, мне спаўна хопіць спраў і на сенажаці”.

Сюды ж пад’ехаў і дбайны куратар таварыства, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Пётр Каўрус. Пётр Уладзіміравіч, хапянуўшы з валка поўную жменю сухой зялёнай купкоўкі, трапна заўважыў: “Вось гэта сапраўднае сена! Цудоўны корм будзе для цялятак!”
Крыху пазней на гэтай сенажаці з’явіўся і прэс-падборшчык. А бліжэй да вечара ў таварыстве ўжо нарыхтавалі першыя ў нашым азёрным краі тоны духмянага, бы зялёны чай, сена. На раніцу ўчарашняга дня ў “Занарачанскім” было скошана 55 гектараў траў першага ўкосу і нарыхтавана 15 тон сена. Канечне, гэта толькі пачатак вялікай і адказнай кампаніі па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка. І ад таго, на якім узроўні мы яе правядзем, колькі і якой якасці нарыхтуем сена, сянажу і сіласу, напрамую будзе залежаць узровень прадукцыйнасці жывёлы на фермах гаспадарак Мядзельшчыны у наступны стойлавы перыяд.

Павел ЖУКАЎ.



16 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          возера Мястра 84 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела