Майскія клопаты

У МІНУЛУЮ суботу на тэрыторыі Мядзельшчыны адбыўся раённы суботнік. Актыўны ўдзел у ім прынялі жыхары азёрнага краю. Як і планавалася, людзі працавалі на сваіх рабочых месцах, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый, населеных пунктаў. Паўсюдна чуліся смех, жарты. Усе працавалі з прыўзнятым настроем. Гэтаму спрыяла і добрае сонечнае надвор’е.

Насупраць пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзела ўбачылі жанчын, якія завіхаліся ля клумбы.
— Хто тут працуе, з якой арганізацыі? — цікавімся.
— Супрацоўнікі фінансавага аддзела і нашага ўпраўлення, — адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Пруднікава.
— Якая задача пастаўлена перад вамі?
— Добраўпарадкуем клумбу. Садзім кветкі, паліваем іх. Тут павінна быць асабліва прыгожа на працягу ўсяго года. Гэта ж уезд у горад, як кажуць, наш твар, — гаворыць Таццяна Станіславаўна.
Нельга не пагадзіцца з такімі довадамі. Пажадаўшы поспехаў, кіруемся далей па вуліцах горада. То ў адным, то ў другім месцах бачны групы людзей, якія заняты добраўпарадкаваннем. Шматлюдна было і на тэрыторыі Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Вучні, педагогі з венікамі і граблямі ў руках наводзілі парадак на прышкольнай тэрыторыі.
Завіхаліся дзеці і ля помніка на беразе возера Мястра, дзе 22 студзеня 1942 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі савецкіх актывістаў. Разам з вучнямі быў педагог-арганізатар Ігар Барсук.
— Гэты помнік замацаваны за Мядзельскай сярэдняй школай №1. На працягу года мы пастаянна падтрымліваем тут чысціню і парадак. Зараз вучаніцы адзінаццатага класа Ганна Шылько і Дар’я Цімафеева чысцяць плітку, — тлумачыць Ігар Андрэевіч.
А вось работнікаў Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра мы сустрэлі на стадыёне па вуліцы Нарачанскай.
— Раскажыце, калі ласка, чым тут займаецеся? — звяртаемся да дырэктара цэнтра Андрэя Русака.
— З аднаго боку стадыёна не было агароджы. Таму зараз мы яе ўстанаўліваем. Пасля гэтага пляцоўка поўнасцю будзе закрытай, — чуем у адказ.
— Ці шмат людзей працуе на суботніку?
— Непасрэдна на стадыёне — дзесяць чалавек. Астатнія заняты добраўпарадкаваннем тэрыторыі ля будынка цэнтра, — адказвае Андрэй Ігаравіч.
Добраўпарадкаваннем старамядзельскага парку займаліся работнікі райвыканкама на чале з намеснікам старшыні Інай Барыевай.
Але не толькі ў Мядзеле завіхаліся людзі на суботніку. Па дарозе на курортны пасёлак Нарач на аўтобусным прыпынку «Сіманы» ўбачылі работнікаў філіяла «ДЭУ-66» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр».
— Чым заняты вашы людзі? — пытаемся ў начальніка лінейнай дарожнай дыстанцыі № 661 Яўгена Зубара.
— Дэманціравалі аўтобусную прыпыначную пляцоўку. На яе месца ўстановім новую, больш сучасную, — адказвае Яўген Андрэевіч.
— Напэўна, не толькі тут сёння працуюць работнікі філіяла?
— Безумоўна. Фарбуем бардзюры ў Мядзеле. Праводзім ямачны рамонт пакрыцця дарог Р-27, Р-58. У Свіры працуюць. Словам, на суботнік выйшлі ўсе і кожнаму знайшлася справа, — чуем у адказ.
— Хто тут вызначаецца стараннем і руплівасцю?
— Назваць кагосьці асобна немагчыма. Усе стараюцца. Напрыклад, вадзіцелі аўтамабіляў «МАЗ» Андрэй Купрэвіч і Алег Звяруга, — кажа Яўген Зубар.
У курортным пасёлку Нарач у многіх месцах бачылі людзей, якія прыбіралі тэрыторыю, завіхаліся ля клумбаў. А вось для хлебаробаў ААТ «Занарачанскі» субота была звычайным рабочым днём. Як расказала галоўны эканаміст таварыства Таццяна Шабан, усе намаганні зараз накіраваны на паспяховае завяршэнне пасяўной кампаніі.
— Сёння сейбіты працуюць на Старлыгскай зоне. А механізатары Леанід Буянаў, Іван Сурвіла і Аляксандр Шчамель уносяць арганічныя ўгнаенні пад кукурузу ва ўрочышчы «Кар’ер». Што датычыць жывёлаводаў, то яны, акрамя выканання звычайных абавязкаў па доглядзе жывёлы, прыбіраюць тэрыторыі каля ферм, — кажа Таццяна Веніямінаўна.
Работнікі Занарацкага сельвыканкама ў гэты дзень прыбіралі стыхійную звалку ў вёсцы Буйкі. Вучні і педагогі наводзілі парадак на прышкольных тэрыторыях.
У цэлым раённы суботнік быў накіраваны на выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, навядзенні чысціні, утрыманні ў належным санітарным стане тэрыторый грамадскага карыстання, жылых зон, двароў шматпавярховых дамоў і плошчаў. Яно і надалей неабходна паклапаціцца, каб наш раён стаў яшчэ больш чыстым, прыгожым і ўтульным, каб з гонарам прыняў шматлікіх гасцей абласнога свята «Дажынкі-2018».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 



11 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  223_ Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси