Немаляўнічыя пейзажы

Скажыце, каму не падабаецца жыць у чыстым і прыгожым горадзе, вёсцы? Напэўна, такіх не знойдзеш. Прыемна, калі дыхаецца лёгка, калі навокал парадак, шмат зелені, кветак. Толькі чамусьці часам забываем, што і ад нас шмат залежыць. Што мы самі, а не толькі ўлады, павінны клапаціцца пра знешні выгляд свайго населенага пункта. Так, павінны, але ці робім гэта? Напэўна, не заўсёды. Інакш не было б і несанкцыянаваных звалак, якія раз-пораз устройваюць у розных месцах самі ж людзі.
Нядаўна давялося пабываць за аўтадромам горада. Увагу прыцягнуў дым, які апошнім часам там даволі часта можна ўбачыць. І ў дзень нашага прыезду на полі тлела наваленае смецце (здымак 1). Хоць гарыць яно там часта, па велізарнейшай кучы бачна, што вывозяць туды непатрэбныя рэчы вельмі многія. Хутчэй за ўсё, і арганізацыі. Падпальваюць і спакойна пакідаюць гэта месца без нагляду. А так і да бяды недалёка…
Яшчэ больш уразіла карціна, убачаная далей. На ўскрайку поля каля кустоў валялася разбітае шкло, аконная рама, поліэтыленавыя пакеты, плёнка, пластыкавыя бутэлькі, іншае смецце. Крыху далей ляжаў… няспраўны халадзільнік (здымак 2).

Шмат чаго давялося пабачыць і ўздоўж дарогі, што насупраць старога навасёлкаўскага могільніка, побач з якім знаходзіцца пахаванне салдатаў часоў Першай сусветнай вайны. Праехаўшы ў напрамку прыватнага сектара, заўважылі ў розных месцах у кустах рэшткі пліткі, лінолеуму, кавалкі дошак, іншыя будаўнічыя матэрыялы, рэшткі разабранага халадзільніка… А пад адным з кустоў ляжаў завязаны вялікі мяшок са смеццем (здымак 3).

Вядома ж, сам ён туды не прыйшоў.
Каля вёсак Лук’янавічы, Круці, Азаркі-Старыя, Азаркі-Дворышча, Азаркі-Пудавінка, Ліпава, Шыкавічы несанкцыянаваных звалак не заўважылі. Толькі каля былых складоў у Лук’янавічах ляжалі непадалёку ад дарогі ў кучы металалом, пенапласт, поліэтыленавая плёнка (здымак 5).


А вось убачанае ў лясным масіве на Брусоўскім кальцы, якраз насупраць пляцоўкі, дзе вядзецца ўлетку ажыўлены гандаль ягадамі, грыбамі, сельскагаспадарчай прадукцыяй, проста шакіравала. Не зважаючы на тое, што зусім непадалёку ўстаноўлены кантэйнер, які, дарэчы, быў запоўнены менш чым на чвэрць, смеццем быў проста завалены ўчастак лесу амаль пры самай дарозе. Чаго толькі не было ў тых кучах, параскіданых у розных месцах, — пластыкававыя бутэлькі ад малака, кефіру, напіткаў, упакоўкі ад сокаў, поліэтыленавыя пакеты, папера, скрынка ад торта… А ў адной нават валяліся побач з іншым смеццем пустыя цюбікі ад зубной пасты, упакоўкі ад лекаў, быўшая ў выкарыстанні губка для мыцця посуду… Яны былі проста высыпаны ў лесе нейкім бескультурным чалавекам (здымак 4).

Так і хацелася крыкнуць: “Людзі добрыя, што ж вы робіце? Чаму сваімі рукамі наносіце ўрон прыродзе, парушаеце экалогію? Тут жа, на гэтай зямлі, жыць яшчэ вам, вашым дзецям, унукам!”
Цяпер жа ніякай праблемы са смеццем няма. І ў горадзе, і ў іншых населеных пунктах раёна яно збіраецца камунгасам па ўстаноўленым графіку. Можна ж штосьці закапаць, спаліць (вядома ж, пры захаванні ўсіх патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі). І якім трэба быць чэрствым, абыякавым, каб смеціць там, дзе сам і жывеш.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



10 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Вострым пяром

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 Сядзіба Максіма Танка  223_ 06-012

Пабрацімы Мядзела