“У рытме” школьнага жыцця

Пасля размеркавання выпускнікоў-2017 вышэйшых навучальных устаноў мінула больш за паўгода. Дастатковы тэрмін, каб выпрабаваць сябе, прызвычаіцца да самастойнага жыцця, сур’ёзнай работы і адказнасці за свае дзеянні. Для арганізацый — зразумець, хто да чаго здольны. Таму, прыехаўшы ў Будслаўскую сярэднюю школу імя Паўліны Мядзёлкі, дзе па размеркаванні настаўнікам хіміі і біялогіі працуе Святлана Азарка, звярнулася да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алены Ланец. Пра маладую настаўніцу яна адгукаецца пазітыўна.
— Здараецца, старэйшыя калегі не ведаюць, што рабіць, а яна знойдзе выхад. Але і сама не баіцца прасіць дапамогі. Вельмі здольная дзяўчына, надзейны спецыяліст. Дзякуй педагагічнаму ўніверсітэту за такую добрую падрыхтоўку моладзі.
Святлана Азарка вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце “Прыродазнаўства”. Атрымала спецыяльнасць “настаўнік хіміі і біялогіі”. Акрамя хіміі і біялогіі, якія выкладае ў вучняў з шостага па дзясяты клас, Святлана вядзе гурток “У рытме”, дзе займаецца з дзецьмі танцавальнымі гульнямі, развучвае розныя танцы.
— У школе заўсёды танцавала, прымала ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах, — расказвае Святлана. — Ва ўніверсітэце нават прайшла з сяброўкай кастынг на сур’ёзны конкурс, але было цяжка сумяшчаць вучобу і хобі, таму кінула танцы. Але любоў да іх засталася. Мне вельмі прыемна займацца з дзецьмі. Так не проста арганізоўваю вольны час вучняў, а падтрымліваю іх у добрай фізічнай форме. У мяне займаюцца пятнаццаць чалавек, і мне з імі цікава. Раніцай, перад заняткамі, робім размінку пад музыку — зарад пазітыву гарантаваны на цэлы дзень і дзецям, і мне.
— Два прадметы і гурток — вольны час застаецца?
— Дык гэта ж яшчэ не ўсё! (Смяецца.) У дзявятым і дзясятым класах вяду два гурткі: “Прафесійная будучыня” і “Біялагічныя веды ў жыцці чалавека”. Першы — гэта прафарыентацыя, дзе даю дзецям розныя тэсты, разам разбіраем навыкі, неабходныя для розных прафесій. Гэта абавязковыя заняткі, па выніках якіх зможам высветліць, якому вучню якая сфера занятасці падыходзіць больш за ўсё. І дзеці змогуць арыентавацца падчас выбару ўніверсітэта. У біялагічным гуртку знаёмімся з інфармацыяй, якую можна выкарыстоўваць у звычайным жыцці: аб раслінах, жывёлах, грыбах — усё гэта можа спатрэбіцца, нават калі школьнікі не стануць працягваць вучобу ў прыродазнаўчым напрамку. Акрамя гэтага, мой вольны час як у маладога спецыяліста займае падрыхтоўка да заняткаў. Пасля чакаюць хатнія справы: працепліць, прыгатаваць ежу і так далей. Вельмі люблю ездзіць на веласіпедзе, а яшчэ — займацца са скакалкай.
— Не стамляе такі аб’ём працы?
— Не, я ўсім задаволена. З дзяцінства жадала працаваць настаўнікам, памятаю, часта гуляла ў школу з двума братамі. Ужо ў старэйшых класах зрабіла ўхіл на біялогію і хімію, бо падабаліся прадметы і вырашыла, што прафесія настаўніка — лепшы варыянт для мяне. Працаваць пачала без праблем. З калектывам склаліся вельмі добрыя адносіны: усе прыязныя, дапамагаюць, падказваюць. Адзінае, чаго не чакала, што адпраўлюся працаваць далёка ад дому. Я родам з вёскі каля Мядзела, але Будслаў выбрала сама, бо вельмі ён мне падабаецца, тут прыгожа.
— Вы працавалі з дзецьмі і ў Мінску. Як лічыце, ёсць розніца ў падыходзе і адносінах да вучобы?
— Вялікай — няма. Мабыць, толькі сталічныя вучні крыху больш матываваныя, некаторыя ўжо з малодшых класаў ведаюць, куды жадаюць паступіць, і занятыя рознымі гурткамі і дадатковымі заняткамі. Але, вядома, кожны клас, нават кожны вучань адрозніваецца адзін ад аднаго. І вельмі прыемна атрымліваць аддачу ад дзяцей, якім падабаецца твой прадмет. Радасна бачыць, як вучні стараюцца. Напрыклад, прапануеш ім падрыхтаваць звычайнае паведамленне па тэме, а яны ствараюць амаль міні-праект.
— А адносіны з дзецьмі падтрымліваеце сяброўскія?
— Самыя старэйшыя мае вучні — з дзясятага класа, розніца ва ўзросце нязначная, але пытанняў ніколі не было. Я — настаўніца, яны — вучні. Пры гэтым заўсёды іду на кантакт, магу падказаць нешта, што не датычыцца прадмета, даць параду. Больш за ўсё ўзнікае пытанняў пра вучобу ва ўніверсітэце. Іх цікавіць, чаму я абрала менавіта гэту спецыяльнасць, прыехала ў Будслаў. Распавядаю ім пра ўніверсітэт, лекцыі, іспыты, каб яны ведалі, да чаго рыхтавацца. Мне здаецца, настаўнік павінен вучыць не толькі свайму прадмету, а яшчэ і некаторым агульным рэчам.
— За час работы ў школе не расчараваліся ў прафесіі?
— Не, бо ўпэўнена, што не змагла б быць бухгалтарам, напрыклад: засумавала б. З дзецьмі працаваць няпроста, але вельмі цікава.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



04 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Лебедзі на Нарачы Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-012

Пабрацімы Мядзела