Мядзельскі “Універмаг”. Новая версія

ХТО нядаўна быў на плошчы Шаранговіча ў райцэнтры, не мог не заўважыць, як папрыгажэў “Універмаг” знадворку. Аднак пазітыўныя змены адбыліся і ўсярэдзіне: пасля рамонту зноў адкрыўся для пакупнікоў другі паверх. Пра пераўтварэнні ў адным са старэйшых гарадскіх магазінаў гутарым са старшынёй праўлення райспажыўтаварыства Аксанай ГРУЗД.

— Аксана Мікалаеўна, не сакрэт, што райспажыўтаварыства перажывае не лепшыя часы. Як рашыліся на такі маштабны рамонт?
— “Універмаг” у Мядзеле адкрыўся 30 снежня 1968 года — амаль паўстагоддзя таму. Натуральна, наспела неабходнасць рамонту, бо магазін ужо не адпавядаў сучасным патрабаванням і дакладна не ўпрыгожваў цэнтр горада. Не раз заўвагі наконт неэстэтычнага выгляду будынка рабіў старшыня райвыканкама Анатолій Мар’янавіч Вайнілка.
Распачалі рамонт работнікі Мядзельскага ПМС. Яны паменшылі аконныя праёмы, уставілі сучасныя шклопакеты, усталявалі калоны. У выніку атрымаўся сімпатычны з выгляду будынак — і па цеплазберажэнні, і па функцыянальнасці куды лепшы, чым быў.
Унутраныя работы на другім паверсе выканала наша будаўнічая брыгада на чале з прарабам Алегам Садоўскім і галоўным інжынерам Дзмітрыем Звяругам. Атынкавалі і пафарбавалі сцены, абнавілі парэнчы і лесвічныя пралёты, самі зманціравалі абсталяванне. І вось ужо адкрыты для пакупнікоў другі паверх. На чарзе — унутраныя работы на першым. Мяркую, што 50-годдзе магазіна сустрэнем у абноўленых сценах: да снежня час яшчэ ёсць.
— На будынку замест адной вялікай вывескі “Универмаг” з’явіліся дзве: “Хозтовары” і “Промтовары”. Што стаіць за зменай шыльдаў?
— На першым паверсе, як і раней, прадаюцца гаспадарчыя тавары. Гандлёвы аб’ект на другім паверсе па асартыменце цяпер адпавядае тыпу “прамтавары”. Дарэчы, там прадаюцца і тавары для дзяцей: асобнага магазіна “Дзіцячы свет” у горадзе ўжо няма.
Адзначу, што асартымент у “Прамтаварах” досыць багаты. І, як вынік, маем рост тавараабароту. У мінулую суботу эстонцы прыязджалі (яны адпачываюць у адной з нарачанскіх здраўніц) — адразу на тысячу рублёў усяго накуплялі.
— Варта ісці па пакупкі ўжо зараз ці лепш пачакаць “Дзён зніжак”? Або ў абноўленых сценах яны праводзіцца не будуць?
— Будуць, але не ў ранейшай колькасці. Каб прывабіць пакупнікоў, устанавілі больш нізкую гандлёвую надбаўку. Так што цэны ў “Прамтаварах” цяпер парадуюць штодня, а не толькі падчас акцыі. Ад “Дзён зніжак” не адмаўляемся, толькі праводзіць іх будзем не кожны тыдзень, як раней, а, магчыма, раз на месяц.
***
Кіруючыся прыказкай “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, спяшаемся ў “Прамтавары”.
— Вельмі ўдзячны кіраўніцтву, што ў такі няпросты для спажыўкааперацыі час знайшло магчымасць зрабіць рамонт, — кажа Алёна ШАШУРА (яна выконвае абавязкі прадаўца-загадчыка “Прамтавараў”). — Цяпер тут усё прыгожа — і пакупнікам прыемна, і мы (са мной працуюць прадаўцы пятага разраду Ганна Хацяновіч і Тамара Субач) з настроем на працу ідзём. Столь прыгожая, новыя свяцільні, у прыемны колер пафарбаваны сцены… Частка абсталявання яшчэ будзе манціравацца. І, галоўнае, асартымент добры. Секцыі дзіцячага, жаночага, мужчынскага адзення, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, цацак. Вялікі выбар мужчынскіх кашуль. Шырока прадстаўлена галантарэя: сумкі жаночыя і мужчынскія, гаспадарчыя, спартыўныя, для ноўтбукаў, заплечнікі, барсеткі, рамяні… Мне вельмі падабаецца фірменная секцыя “Аршанскага лёну”: тут па прымальнай цане можна выбраць цудоўны падарунак. Ільняныя вырабы часта набываюць расіяне, аддаюць перавагу пасцельнай бялізне (у тым ліку дзіцячай), настольнікам з сурвэткамі, махровым ручнікам… Ёсць і асобная секцыя тавараў уласнага швейнага цэху: пасцельная бялізна з бязі, саціну, папліну і нават фланелі (можна набыць як камплект, так і асобна прасціну, падкоўдранік або навалачку), сурвэткі, ручнікі, пледы, падушкі. І хоць яшчэ не ўсе патэнцыяльныя пакупнікі ведаюць пра адкрыццё “Прамтавараў”, тавараабарот расце. І гэта, вядома, радуе.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



04 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 06-043 Сядзіба Максіма Танка  0-178

Пабрацімы Мядзела