АДНЫ ЗБОЛЬШАГА ПАРУПІЛІСЯ, А ДРУГІЯ НЕЧАГА ЧАКАЮЦЬ…

1

У НУМАРЫ газеты за 25 красавіка надрукаваны матэрыял “А ўсур’ёз мала дзе ўзяліся!” пад рубрыкай “Вострым пяром: добраўпарадкаванне ферм”. Роўна праз тыдзень, у мінулую нядзелю, вырашылі зноўку праехацца ў тым жа складзе па тым жа маршруце і пацікавіцца, як адказныя асобы гаспадарак адрэагавалі на крытыку, наколькі выправілі выяўленыя недахопы. Адначасова звярталі ўвагу і на выкананне тэхналагічных патрабаванняў пры выпасе дойнага статка. Рабілася гэта ў сувязі з тым, што некаторыя ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года мінусуюць па надоях ад каровы. Самае вялікае адставанне дапускаюць у таварыствах “Свір-агра”, “Занарачанскі”, “Пруднікі-Агра”, якія, у асноўным, і “цягнуць” Мядзельшчыну ў лік аўтсайдараў на фоне вобласці па вытворчасці малака. Зноў першай на нашым шляху аказалася ферма “Завуголле” АСП “Вузлянка”. Адразу адзначу, хаця выконваючы абавязкі дырэктара гэтага прадпрыемства Станіслаў Кандратовіч і абяцаў мінулым разам першаму намесніку старшыні райвыканкама Уладзіміру Дытко выправіць хібы, зрабілі тут вельмі мала. Адно што прыбралі ад воданапорнай вежы рулон саломы ды адкінулі ад яе метраў на пяць стары абгарэлы шланг.

2

На прыфермскай тэрыторыі па-ранейшаму неабходна ставіць плот (здымак 1), прыбіраць два кінутыя кімсьці колы з дыскамі (здымак 2), ачышчаць ад арганікі заваленыя дзверы цялятніка з тыльнага боку. Даўно пара прыступаць і да дэмантажу аднаго з жывёлагадоўчых будынкаў, які вось-вось рухне (здымак 3) Як мне падаецца, зараз яго можа “скласці” нават моцны вецер, а наступствы гэтага могуць быць самыя непрадказальныя. Няма належнага парадку і каля сяняжнай траншэі (здымак 4).

4

Штосьці падобнае, на жаль, назіралі і на комплексе “Пузыры”. Вока парадавала толькі тое, што ля бліжэйшага ўзлеску пазбіралі шматлікія абрыўкі поліэтыленавай плёнкі. Пазбіраць-то пазбіралі, аднак яна, як і ў мінулы раз, засталася ляжаць “мёртвым грузам” на тэрыторыі фермы (здымак 5).

5

І калі яе здадуць на прыёмны пункт — невядома. На комплексе так і не пазбавіліся тэхналагічных парушэнняў пры вырошчванні нованароджаных цялят, якія стаяць па дзве галавы ў адной клетцы, не спяшаюцца і з пераводам дойнага статка на пашавае ўтрыманне. Як і маладняку на адкорме на ферме “Вераб’і”. Хаця хваліцца высокімі вытворчымі паказчыкамі ў гэтым накірунку аніяк не выпадае. Дастаткова сказаць, што сярэднясутачныя прыбаўленні пагалоўя ў вазе з пачатку года —менш за 400 грамаў, што нікуды не варта. Асабліва з улікам наяўнай кармавой базы. Для дойных кароў зараз ёсць, у адрозненне ад некаторых іншых нашых гаспадарак, сянаж і кукурузны сілас, камбікармы і патака, шрот і гліцэрын. А вось належнай аддачы няма. З гэтым пагаджаецца і галоўны заатэхнік прадпрыемства Ларыса Ганчарова. Знешне, яно быццам і працуюць з малаком няблага: надой ад каровы — 14 кілаграмаў, ёсць прыбаўка ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года каля двух кілаграмаў. Але, калі ўлічыць, што гэта толькі шосты паказчык у раёне, то напрошваецца зусім іншая ацэнка. Нельга не адзначыць і наступнае: адносіны на комплексе да каровіных “далікатэсаў” зусім не ашчадныя. У прыватнасці, тую ж патаку набіраюць неахайна, таму каля ёмістасці ўтварылася ладная лужына, салодкі корм з якой расцякаецца навокал (здымак 6).

6

У разрэз з запэўніваннямі Станіслава Іосіфавіча не прыступілі на ферме “Вераб’і” і да вывазкі на палі гор арганікі (здымак 7).

7

А яшчэ на яе тэрыторыі патрабуюць рэканструкцыі ці зносу рэшткі будыніны незразумелага на сёння прызначэння, у якой ужо вымахалі ладныя дрэўцы (здымак 8).

8

Збольшага змаглі падабрацца за мінулы тыдзень на фермах у таварыстве “Будслаўскае”. Аднак і тут ёсць некалькі даволі вострых праблем, якія патрабуюць сваёй развязкі. Маецца на ўвазе вырашэнне лёсу пустуючага жывёлагадоўчага памяшкання на ферме “Будслаў”, якое пачало разбурацца, вываз на палі вялікіх запасаў арганікі ад адкормачніка буйной рагатай жывёлы на комплексе “Палессе”, прывядзенне ў парадак суседняга з ім склада для захоўвання мінеральных угнаенняў. І, вядомая справа, прыняцце дзейсных мер для значнага нарошчвання гэтымі майскімі днямі прадукцыйнасці дойнага статка.
Прыкметныя зрухі да лепшага заўважылі і на фермах таварыства “Пруднікі-Агра”. Так, на комплексе “Княгінін” агульны пейзаж да лепшага змяніў новы грунтоўны плот (здымак 9).

9

Аднак, бадай, самае галоўнае, што тут за апошнія дні сталі змяншаць дапушчанае раней адставанне па надоях малака ад каровы. Дырэктар Аляксандр Дзяконскі распавёў, што ўвесь дойны статак на пашы, у гаспадарцы стараюцца цяпер па максімуме выкарыстоўваць франтальны метад пасьбы. Пагутарылі і з пастухамі ў Крывічах, Філіпках. Вопытны жывёлавод Іван Якубовіч, які пачынаў працаваць “яшчэ пры Зінкевічу”, са сваім напарнікам былі заняты справай. “Цяпер загадзя рыхтуем для статка на 176 кароў на выдзеленай нам пашы загонкі, — расказвае ён, — вады і солі для жывёлы — удосталь. У выпадку дажджу можам схавацца ў невялічкім буданчыку. Добра і тое, што нам дастаўляюць у поле гарачыя абеды. У цэлым умовамі працы задаволены. Сам думаю яшчэ крыху папрацаваць, хаця мне да выхаду на пенсію і застаецца ўсяго сто дзён. Някепска было б, каб прадстаўнікі дырэкцыі гаспадаркі больш дэталёва растлумачылі ўмовы аплаты нашай працы ды яшчэ забяспечылі спецадзеннем: ботамі, плашчамі…” З недапрацовак трэба адзначыць і тое, што выганяюць кароў на пашу пазнавата, у 10 гадзін, а прыганяюць назад ранавата, у 18.30. Не вытрымліваюцца і тэхналагічныя патрабаванні па колькасці страўлівання загонак на працягу дня.
З іншых істотных недапрацовак кінулася ў вочы загрувашчанасць фермы “Крывічы” старымі плітамі перакрыцця, дзе ім зусім не месца для захоўвання (здымак 10).

10

Вялікая колькасць жалезабетонных пліт паскідана і крыху воддаль у нізінцы, якія, праявіўшы гаспадарскі падыход, можна пусціць у справу і атрымаць добрую аддачу (здымак 11). 

11

У адным з кароўнікаў моцна працякае водаправодная труба, таму на падлозе лужына, а ў памяшканні “разводзіцца” сырасць. На ферме “Філіпкі”
давялося пабачыць штосьці накшталт дажджу. Толькі не з неба, а з воданапорнай вежы — сведчанне таго, што тут у кадраў яшчэ востра не стае ашчаднасці. А вось у Гарадзішчы, апрача грунтоўнага рамонту падлогі ў “малочнай”, яшчэ неабходна навесці парадак каля сянажнай траншэі, бо да пачатку чарговага “зялёнага жніва” застаецца ўжо не так і шмат часу…

Павел ЖУКАЎ



04 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Вострым пяром

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 1-12 Касцёл у Мядзеле  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела