У “Сосны” – да Леанарды Генрыхаўны

АПЫНУЦЦА ў адным з найлепшых санаторыяў Нарачанскага краю, выпрабаваць на сабя адмысловыя працэдуры, паправіць здароўе, адчуць прыемнае і гаючае ўздзеянне спакойнай і добразычлівай атмасферы, чыстага паветра, камфортнага быту… Для кагосьці такая мара цалкам дасягальная, ёсць і тыя, для каго яна так і застаецца марай. Леанарда Перагуд трыццаць сем гадоў таму трапіла ў легендарны санаторый “Сосны”. З той толькі розніцай, што не на адпачынак, а на працу. Пра ўсе перавагі здраўніцы ведае не па чутках, а працэдуры, хоць многія так і не выпрабавала на сабе, параіць з веданнем справы — самыя карысныя і патрэбныя для наведвальніка. Леанарда Генрыхаўна — урач функцыянальнай дыягностыкі.
— Прафесію ўрача выбрала інтуітыўна. Яшчэ ў школе. Паколькі сама з Гродзеншчыны, то і ў медінстытут бліжэйшы паступала. І адразу па размеркаванні трапіла ў санаторый “Сосны”. У 1980 годзе тут патрабаваліся ўрачы, — расказвае пра пачатак свайго “раману” з “Соснамі” Леанарда Генрыхаўна.
Спачатку малады спецыяліст працавала ўрачом-тэрапеўтам, потым, адвучыўшыся на курсах, стала ўрачом функцыянальнай дыягностыкі.
— Сям’ю стварылі ўжо тут?
— Так. Але з будучым мужам пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы, у будатрадзе на Брэстчыне. Ён разам з іншымі хлопцамі працаваў на ўзвядзенні сельгасаб’екта, а я ў тым населеным пункце — у якасці ўрача. Статны хлопец, пасля службы ў арміі — чаму б і не пазнаёміцца? Уладзімір аказаўся родам з Пінска, а праз пэўны час прыехаў да мяне на Нарач.
Маладой сям’і далі кватэру. Нарадзіліся дзеці: сын Васіль і дачка Марына. Няўмольна бяжыць час. Яны ўжо дарослыя і самастойныя людзі. У сына свой сын ёсць. Марына, гледзячы на матулю, таксама ўрачом стала (Леанарда Генрыхаўна прызналася, што адгаворвала яе). Жыве і працуе ў Брэсце.
— Няўжо за гэтыя амаль чатыры дзесяцігоддзі не было спакусы памяняць працу? — пытаюся.
— Ды не. Мяне заўсёды ў “Соснах” усё задавальняла — і прырода, і ўмовы. Муж цяжэй прызвычайваўся, бо ў горадзе выхоўваўся. Але і ён прырос душой да гэтых мясцін.
Як кажа Леанарда Генрыхаўна, працаваць
атрымліваецца ў пазітыўным ключы. Усё ж людзі прыязджаюць у санаторый на адпачынак. Для многіх прырода і навакольная цішыня — самі па сабе ўжо лекі. А ў спалучэнні з прызначэннямі ўрача станоўчы эфект узрастае ў разы. У выніку адпачываючыя ад’язджаюць і дзякуюць, у тым ліку і персанальна Леанардзе Генрыхаўне.
— Прыемна, канечне, атрымліваць падзяку. Але ж разумею, што ўдалы адпачынак — заслуга ўсяго нашага калектыву, — разважае ўрач.
— Ці здаралася аказваць гасцям сур’ёзную медыцынскую дапамогу?
— Рэдка, але бывае. Памятаю, у пачатку працоўнай дзейнасці давялося змагацца з прыступам бранхіяльнай астмы, з ацёкам лёгкіх. Выклік паступіў ноччу. Але ўсё абышлося, чалавека выратавалі. Гэта жанчына потым некалькі разоў яшчэ да нас прыязджала. Сустракаліся і прыступы стэнакардыі, востры жывот, траўмы бываюць. Ад гэтага ніхто не застрахаваны.
— Ведаю, што адпачываючыя прыязджаюць і просяцца на прыём менавіта да вас…
— Ёсць і такія! Была ў мяне Вера Іванаўна, дык яна гадоў дваццаць рэгулярна прыязджала. І такіх шмат. Напэўна, зручней звяртацца да знаёмага ўрача.
Са сціплым адказам урача не пагаджаецца начальнік аддзела маркетынгу санаторыя Наталля Фалевіч, якая пазней патлумачыла, што Леанарда Генрыхаўна, як кажуць, у топе самых запатрабаваных урачоў санаторыя. Некаторыя перш, чым забраніраваць пуцёўку, высвятляюць, ці будзе на месцы менавіта гэты ўрач. Такія адносіны самі па сабе не ўзнікаюць, іх заслужыць трэба. Чалавечы фактар, як ні кажы, адыгравае важную ролю.
— Леанарда Генрыхаўна, з якім кантынгентам вам больш падабаецца працаваць? Магчыма, з замежнікамі? Ці, наадварот, з беларусамі? Ці мае значэнне ўзрост?
— Як паказвае вопыт, самыя зацікаўленыя ў выніках санаторнага прабывання людзі сярэдняга ўзросту. Ім трэба аздаравіцца, падлячыцца, каб далей працаваць. Моладзь часцей за ўсё прыязджае па расслабленне, адпачыць ад горада. Ну а ў адносінах з больш пажылымі важна не перагрузіць іх працэдурамі, хаця некаторыя і чакаюць цуду выздараўлення.
— Цуду не здараецца?
— Ім становіцца лягчэй — яны задаволеныя і шчаслівыя. Магчыма, для некага гэтага і дастаткова для цуда. Ну а замежнікаў, калі ўзяць расіян, вельмі кранае шчырасць адносін. Яны бясконца “рассыпаюцца” ў падзяках за гэта. Здаецца, мы робім сваю звычайную справу, а людзі адзначаюць тое, што для нас даўно стала звыклым.
— Як вопытны ўрач што можаце параіць для захавання здароўя і добрага самаадчування?
— У першую чаргу неабходны — пазітыўны настрой. Не раз заўважала: калі прыязджаюць капрызныя адпачываючыя ( і тое ім не так, і гэта), глядзіш — прастудзіліся ці спатыкнуліся. Да іх негатыў прыцягваецца, бо самі яго выпраменьваюць. А хто з адкрытай душой і радаснай усмешкай — у тых усё цудоўна. Ну і, канечне, неабходна рухацца — нагрузка павінна быць адэкватная ўзросту і стану здароўя. Важныя фактары — харчаванне і калі ёсць пытанні, — своечасовае абследаванне. Тады ў санаторый, напрыклад, у “Сосны”, можна ездзіць выключна на адпачынак і для задавальнення, чаго ўсім і жадаю.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



02 мая 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  223_ _06-040 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси