У адным рытме з прыродай

Пару гадоў таму ў мяне з’явіліся дзве традыцыі. Першая — сустракаць свой дзень нараджэння на світанні каля Вяснянскага вадасховішча. Другая — падарожнічаць да паўночнага мора кожную зіму. Паўночнае мора ў маім выпадку часцей за ўсё — Балтыйскае. Традыцыя ўжо завяла мяне ў Рыгу, Талін… а вось зараз і ў Хельсінкі.
Паспела ў пачатку сакавіка, калі ў горадзе яшчэ ляжаў снег, але лёд ля берага ўжо даў ход. Было ветрана і сонечна, таму з аднолькавым задавальненнем гуляла па горадзе і сядзела ў кафэ з кавай.
Людзі
Гарадское жыццё Хельсінкі прыемна здзіўляе. Пачаць можна з таго, што любімы занятак жыхароў горада — бегаць. Ну або займацца скандынаўскай хадзьбой. Дарослыя бегаюць хто з сабакамі, хто з дзецьмі, паасобку або групамі. Хто не бегае — выкарыстоўвае веласіпед, у горадзе амаль на кожнай вуліцы прысутнічае адпаведная разметка. І, самае дзіўнае, пешаходы не заходзяць на веласіпедную частку, нават калі яна пазначана толькі намаляванай на асфальце лініяй. Магчыма, калі ўсіх беларусаў, хто ваюе за правы пешаходаў (або веласіпедыстаў — залежыць ад лаяльнасці), на які тыдзень пасяліць у Хельсінкі і паказаць, што людзі здольныя мірна суіснаваць, усім разам стане сорамна.
А яшчэ тут вельмі спакойнае стаўленне да сабак. Напэўна, таму, што амаль у кожнага жыхара ёсць чацвераногія сябры. Пры гэтым яны рэдка калі ходзяць у намордніках, часцей выкарыстоўваецца аброць, якая не перашкаджае сабаку, але ў выпадку чаго не дазволіць яму праявіць агрэсію. І людзі вакол ставяцца да гэтага спакойна. Сабака ў грамадскім месцы не лічыцца чымсьці дзіўным і небяспечным. З ім часта можна зайсці ў кафэ — і жывёле асобна прынясуць вады, а дзесьці нават дазволяць заскочыць на канапку.
Ад Санкт-Пецярбурга да Хельсінкі чатыры гадзіны на машыне, таму ў сталіцы Фінляндыі вельмі шмат рускіх. Нават у сваім хостэле пазнаёмілася з двума жыхарамі Санкт-Пецярбурга, і мы разам шукалі месца, дзе можам паснедаць.
На рускай мове гавораць многія пажылыя фіны, а вось моладзь ужо разумее толькі родную і англійскую мовы. Але агульнай зычлівасці і гатоўнасці дапамагчы гэта не адмяняе. А дапамога была патрэбна ў многім, бо ў Хельсінкі ўсе шыльды, назвы, апісанні — на фінскай мове. Нават у турыстычных месцах не сустрэць таблічак-дублікатаў на англійскай. І, не ведаючы мовы, немагчыма нават вызначыць, якія кансервы ты купляеш у краме: мясныя або рыбныя.
Але за ўсю паездку не было ні разу, каб чалавек, да якога звярталася, адмовіў у дапамозе. Мінакі на вуліцах з гатоўнасцю перакладалі назвы, дзяўчына на прыпынку доўга «на пальцах» тлумачыла, што купіць талончык можна толькі ў спецыяльным аўтамаце (а яго побач не было), або ў дадатку для мабільнага тэлефона. І ледзь не прапаноўвала падзяліцца вай-фай, каб змагла яго запампаваць.
Прынята лічыць, што добразычлівасць жыхароў Еўропы — не сапраўдная. У тым сэнсе, што табе могуць усміхацца, але гэта не значыць, што да цябе добра адносяцца. Але, на маю думку, усмешка і гатоўнасць дапамагчы, якімі б “фармальнымі” яны не былі, заўсёды будуць лепшымі за абыякавасць і грубасць.
Ежа
Фінляндыя, як і ўсе скандынаўскія краіны, адрозніваецца высокімі цэннікамі. І харчаванне таксама дарагое. У Хельсінкі прыйшлося ўзгадаць, што ў душы я ўсё яшчэ студэнт і магу перабівацца фастфудам і паўфабрыкатамі з супермаркетаў. Таму з пункцікам падарожнікаў «пакаштаваць нацыянальную ежу» можна было развітацца. Але ўсё ж такі знайшла выхад.
У Хельсінкі існуе распаўсюджаная сістэма меню, калі з дзесяці раніцы да трох гадзін дня кафэ і рэстараны прапануюць наведвальнікам шведскі стол (у іх гэта называецца «буфет») па фіксаванай цане. Выходзіць даражэй, чым стандартны набор у «Макдональдсе», напрыклад, але затое ты атрымліваеш магчымасць есці колькі хочаш, шырокі выбар страў (і нацыянальных у тым ліку) і паўнавартасны абед: першае-другое-кампот. Таму грунтоўна снедала ў кафэ «Фабрыка», затым у краме распаўсюджанай гандлёвай сеткі (тыпу нашага «Еўраопта») брала сэндвічы, каб перакусіць у горадзе, а ўвечары купляла паўфабрыкаты і гатавала сабе ежу ў хостэле.
Самыя нізкія цэны на буфет — у сетцы студэнцкіх кафэ «Юнікафе». Асабліва для студэнтаў пры прад’яўленні міжнароднага пасведчання. Але трэба быць уважлівым, таму што ў некаторых месцах па фіксаванай цане толькі гарніры, напоі і салаты, а гарачае трэба аплачваць дадаткова.
Дзякуючы такой сістэме ўдалося пакаштаваць запечаную чырвоную рыбу, шарыкі з каштана ў кляры, смачны дэсерт з джэмам з марошкі. Але і з няменшым задавальненнем паснедаць бутэрбродамі са шклянкай гарачай гарбаты, схаваўшыся ад ветру ў скалах ля самага мора.
Трапіць у Хельсінкі мне пашчасціла ў тыдзень перад Вялікаднем. То тут, то там сустракаліся дзеці з трусінымі вушкамі і рознакаляровымі пёркамі ў валасах, а ў крамах вочы разбягаліся ад неверагоднай разнастайнасці салодкіх яек. Для ласуноў гэта — сапраўднае выпрабаванне, таму што цяжка ўстрымацца і не пакаштаваць усё. А яшчэ Фінляндыя — гэта салодкакорань! Спецыфічная слодыч, якая спадабаецца далёка не кожнаму. Але калі вы аматар — то трапіце ў рай. Салодкая, салёная, з напаўняльнікамі і без, дыетычная з аўсянкі… Здаецца, наелася салодкакораню на ўсё жыццё наперад. Можна сказаць, адносна ежы праграма максімум была выканана.
Горад
На вакзал прыехала ў пяць раніцы. Яго масіўны будынак з шырокімі вокнамі і статуямі на фасадзе зачароўвае. У руках у статуй — шары-лямпы, у ранішніх прыцемках яны выглядалі таямніча і чароўна. Залюбаваўшыся імі, не адразу зразумела, што гарадскі транспарт яшчэ не ходзіць і мне няма на чым ехаць да хостэла. Тым больш, что засяленне пачыналася толькі з дзвюх гадзін дня. Сядзець у зале чакання не хацелася, таму вырашыла прайсціся да хостэла пешшу і, як мінімум, пакінуць там заплечнік. Навігатар праклаў шлях праз парк каля вакзала. Па дарозе мне сустрэлася толькі пажылая пара, якая… бегала! Так, у пяць раніцы, узяўшыся за рукі і са званочкам.
Я — аматар старажытнасцей, замкавай архітэктуры, зброі і даспехаў, марскіх музеяў… Але Хельсінкі — горад у цэлым сучасны. Пакінуўшы ўсе свае запісы пра славутасці, вырашыла першы дзень прысвяціць проста прагулцы і не думаць пра тое, які храм у якім годзе і кім быў пабудаваны. Ад вакзала якраз лёгка было дабрацца да порта, а там працягнуць шлях па набярэжнай. З берага тут перакінуты мосцікі на невялікія скальныя астраўкі. Максімум, што там можна знайсці — гэта кафэ або лодачную станцыю, але ў гэтым і крыецца адмысловая прыгажосць.
Мне пашанцавала: першы дзень паездкі выдаўся цёплым і сонечным. І вельмі прыемна было сядзець на скалістым уступе над самым морам, любавацца чыстым яркім небам, лёдам у расколінах, які быццам бы дыхаў падчас прыліву, і далёкімі рэйсавымі паромамі са Стакгольма, што заходзілі ў порт. Разам са мной пагрэцца на сонейку на скалы выходзілі і мясцовыя жыхары. Атрымліваць асалоду ад аднаго і таго ж пейзажу разам з зусім незнаёмымі людзьмі было цікава. На зваротнай дарозе нават павіталася з бабуляй, быццам за гэты час паспела пазнаёміцца. Набярэжная ў Хельсінкі такая доўгая, што гуляць па ёй можна хоць цэлы дзень. Тым больш, што часта сцяжынкі выводзяць да славутасцей. Напрыклад, да помніка вядомаму фінскаму кампазітару Яну Сібеліусу. Кажуць, калі крычаць у трубы помніка, можна атрымаць мелодыю, але ў мяне гэта так і не выйшла.
Самае яркае, што адразу кідаецца ў вочы ў гэтым горадзе — стаўленне да прыроды. Калі раптам валун ляжыць на шляху сцяжынкі, то сцяжынка проста пойдзе ўбок, ці нават ляжа па скале, але ніхто не будзе чапаць камень, каб было зручней. У горадзе шмат невялікіх скверыкаў (таксама пераважна са скаламі). Нават адна царква размешчана цалкам у скале. Усярэдзіну пускаюць экскурсіі, але пры гэтым храм дзейнічае.
Падчас прагулкі мяне зацікавіў прыгожы старадаўні будынак з вежай, вітражамі і скульптурай мядзведзя ля ўваходу. Аказалася, што гэта — краязнаўчы музей. Яго калекцыя можа здацца не вельмі вялікай, але сама экспазіцыя захапляе. Вельмі падкупляе, што выстава інтэрактыўная і аформлена не без гумару. Напрыклад, каля стэнда са зброяй каменнага стагоддзя прапануюць адказаць на пытанне: «Камяні апрацаваны людзьмі або часам?» А калі адказваеш, то высвечваецца надпіс: «Мы самі не ведаем». Тут можна паслухаць галасы вымерлых жывёл, прымерыць віртуальны пярсцёнак ці ўбачыць у акне маманта. Я “засела” ў музеі на некалькі гадзін.
Горад выглядае вельмі прывабна, на вуліцах у самых нечаканых месцах можна сустрэць незвычайныя скульптуры, у цэнтры шмат гандлёва-забаўляльных комплексаў і буцікоў, але пры гэтым няма адчування загрувашчвання. Па вуліцах прыемна гуляць, няма натоўпу, шуму — я адчувала сябе вельмі вольна. Можа, таму, што Хельсінкі не лічыцца “турыстычным” горадам. Смешна сказаць — нават крамку з сувенірамі шукала не менш за гадзіну, у выніку знайшла некалькі каля царквы ў скале, але ў нядзелю ўсе не працавалі.
Свеаборг
За два дні абышла цэнтр горада ўздоўж і ўпоперак. І таму на трэці вырашыла адправіцца на суседнія астравы, на якіх размешчана сістэма бастыённых умацаванняў, марская крэпасць Свеаборг (Суоменліна). Добра, што паромы да яе ходзяць круглы год.
Калі чытаеш слова “крэпасць”, уяўляеш нешта непрыступнае, ізаляванае. І для мяне было дзіўна, што на гэтых астравах жывуць людзі. Проста жывуць, плаваюць на “вялікую зямлю” на працу кожны дзень і вяртаюцца назад. Дамы выглядаюць “тыповымі” паўночнымі. Дошкі са светлай аблупленай фарбай, каваныя ліхтары над парогамі. На падаконніках стаяць вазы з сухой жоўтай травою і галінкамі выкінутага на бераг абчасанага морам дрэва. На маленькіх прыстанях прышвартаваны лодкі. З-за мяккасці колераў і пэўнай пацёртасці будынкаў здавалася, што знаходзішся ўнутры маляванага мультфільма японскага аніматара Хаяо Міядзакі. Вельмі ўтульна, нягледзячы на вецер і снег.
У бясплатнай карце, якую можна знайсці на стэндзе інфармацыі, паведамлялася: “Памятайце: вы самі несяце адказнасць за сваё здароўе і жыццё”. З гэтага можна было б пасмяяцца, але нават афіцыйная турыстычная сцежка аказалася даволі складанай. Тым больш, што надвор’е зноў сапсавалася, пад нагамі мяшалася брудная каша са снегу і лёду. Зімой увогуле не рэкамендавалі спускацца да вады па скалах. Я паўтарала сабе гэта кожны раз, як бачыла цікавы пагорак. Але ў выніку не змагла перамагчы спакусы. Ну як гэта, апынуцца сярод такой прыгажосці і хадзіць толькі па сцежках?! Так, скарыстаўшыся адным са спецыяльна ўсталяваных прыстасаванняў, спусцілася да мора. Там, схаваўшыся ад ветру ў невялікім закутку, перакусіла і знайшла лепшы ў свеце сувенір — кавалачак кварцу, які адкалоўся ад скалы. І зараз у маёй прыроднай калекцыі сувеніраў папаўненне. Да галькі з Апійскага пагорка (Рым), кветак з Каўказа, галінак плаўніка з Таліна далучыліся букецік сухой травы і кварц з Хельсінкі.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



27 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 _dsc1133-3 dsc_5774-3 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси