А ЎСУР’ЁЗ МАЛА ДЗЕ ЎЗЯЛІСЯ

1

У МІНУЛУЮ нядзелю давялося разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама-начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Уладзімірам Дытко наведаць з добры дзясятак ферм у розных гаспадарках азёрнага краю. Найбольш нас цікавілі добраўпарадкаванне тэрыторый вакол кароўнікаў і цялятнікаў, перавод статкаў жывёлы на пашавае ўтрыманне, пытанні вытворчасці малака і мяса. Першай на шляху аказалася ферма “Завуголле” АСП “Вузлянка”. У былыя гады на ёй утрымліваўся дойны статак, а цяпер тут гадуюць цялушак. Адразу заўважаеш, што па-сапраўднаму за навядзенне парадку ў Завуголлі яшчэ не браліся. Прама каля воданапорнай вежы валяецца крыху “абскублены” рулон саломы, а за ім — абгарэлы шланг з іржавай металічнай трубой. Праз некалькі метраў у невялічкай нізінцы позірк прыцягваюць два ладныя колы з дыскамі ад нейкай сельскагаспадарчай тэхнікі. На выгляд — цалкам прыгодныя для далейшай эксплуатацыі (здымак 1). Яўна патрабуе рамонту і плот вакол фермы.
Значна больш парадку на новым малочнатаварным комплексе “Пузыры”, дзе ўтрымліваецца 458 кароў. Адзначым, кармоў у сельскагаспадарчым падраздзяленні Камароўскага рынку хапае, таму і з пераводам пагалоўя на пашавае ўтрыманне тут не спяшаюцца. Надой ад каровы гэтымі днямі складае 13,52 кілаграма — на 1,52 кілаграма больш у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года.

2

Значны плюс — гэта, канечне, добра, аднак і тут ёсць да чаго прыкласці рукі. Агульны выгляд псуюць рэшткі згрувашчаных кармоў у тыпавых траншэях (здымак 2), плёнка, раскіданая ўздоўж плота на падыходах да бліжэйшага ляска. “Не заўважылі” ў мінулы санітарны дзень жывёлаводы і заляпаную брудам сцяну кароўніка з сучасных матэрыялаў (здымак 3).

3

Ёсць заўвага і па ўтрыманні малых цялятак. Як аказваецца, з іх пераводам у старэйшую групу на дарошчванне яўна марудзяць, таму нярэдка ў адной клетцы можна ўбачыць парачку гадаванцаў (здымак 4), што з’яўляецца грубым парушэннем тэхналагічных патрабаванняў.

4

На ферме “Вераб’і” плот адрамантаваны і пафарбаваны. Спадабаліся таксама парадак і чысціня ў цялятніку (здымак 5), сучасны супрацьпажарны шчыт (здымак 6).

5

6

А вось з тыльнага боку жывёлагадоўчага памяшкання патрабуюць рамонту дзверы, тэрыторыя загружана тонамі арганікі. Па словах выконваючага абавязкі дырэктара АСП “Вузлянка” Станіслава Кандратовіча, не сёння-заўтра прыступяць да яе вывазкі на палі. Тым не менш выклікае сумненне, што змогуць справіцца з такім вялікім аб’ёмам работ уласнымі сіламі.
Невялічкі склад дроў стварылі каля воданапорнай вежы на ферме “Яцкавічы” ААТ “Будслаўскае”. На комплексе “Палессе” чакае прывядзення ў парадак перасоўны “домік” для пастухоў (здымак 7).

7

З тыльнага боку бракуе агульнага парадку, параскідана плёнка (здымак 8), што таксама не ўпрыгожвае тэрыторыю.

8

За адкормачнікам для маладняку буйной рагатай жывёлы ўразілі сапраўдныя горы арганікі, на многія сотні тон (здымак 9).

9

Хапае яе і каля фермы “Будслаў”. Убачылі там таксама груду піламатэрыялаў, якія можна выкарыстаць для рамонту занядбанага плота вакол прыфермскай тэрыторыі…
Зусім іншы, куды больш прывабны малюнак разгортваўся на пад’ездзе да фермы “Матыкі”. Плот адрамантаваны і пабелены (здымак 10), цялушкі выпасаліся па свірэпіцы з выкарыстаннем франтальнага метаду (здымак 11).

10

11

Прыведзены ў парадак плот і на ферме “Крывічы” ААТ “Пруднікі-Агра”. Наколькі можна акуратна прыбрана ў памяшканні, дзе захоўваюцца малочны посуд і даільныя апараты. Запоўнены вытворчай дакументацыяй інфармацыйны стэнд у пакоі адпачынку жывёлаводаў. Дойны статак знаходзіўся на пашы паблізу ад фермы, там ёсць вада, соль. На жаль, хапае і прыкрых недапрацовак. Галоўная з іх у тым, што цяпер вельмі нізкая прадуктыўнасць жывёлы. Надоі ад каровы як тут, так і на суседняй ферме “Філіпкі”, ды і на комплексе “Княгінін” мізэрныя, на ўзроўні 4,5 — 5,2 кілаграма малака. З такімі паказчыкамі і гаспадарка ў цэлым мінусуе ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года больш, чым на 2,5 кілаграма, цягне на фоне вобласці і наш раён у лік адстаючых.
Што яшчэ трэба дадаць? Асобныя памяшканні на ферме “Крывічы” загрувашчаны, а ў Філіпках і Княгініне патрабуе капітальнага рамонту плот вакол прыфермскіх тэрыторый (здымак 12).

12

На ферме“Гарадзішча” паламаны ўваходныя дзверы. Таго і глядзі, зваляцца на галаву якому-небудзь жывёлаводу! А потым будзем разводзіць рукамі: і адкуль гэта ўзялася вытворчая траўма?! Востра наспеў тут таксама рамонт падлогі ў “малочнай” (здымак 13).

13

Ды яшчэ на комплексе “Княгінін” адзін гурт кароў чакаў з нецярпеннем, калі яго нарэшце выпусцяць на пашу… У падагульненне нельга не акцэнтаваць увагу на тым, што літаральна ва ўсіх гаспадарках, дзе давялося пабываць, на фермах вялікія запасы арганікі. У сувязі з гэтым падумалася вось аб чым: калі пастарацца і вывезці ўсю на палі, то яны абавязкова парадуюць нас увосень важкім ураджаем, што было б сёлета вельмі дарэчы з улікам правядзення на Мядзельшчыне абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018”.

Павел ЖУКАЎ.



26 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Вострым пяром

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе Сядзіба Максіма Танка  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела