“Часта сніцца дарагі куточак…” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

“Часта сніцца дарагі куточак…”

Валянціна Гардзіенка мае самае непасрэднае дачыненне да той далёкай чарнобыльскай бяды. Яна пераехала з сям’ёй на Мядзельшчыну хутка пасля аварыі на атамнай электрастанцыі. А іх родная вёска Піркі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці стала нябожчыцай, знішчанай мірным атамам. Яна цяпер знаходзіцца за калючым дротам, у зоне адчужэння.
Жанчына з болем успамінае сваю радзіму. Яе вочы перапаўняюцца слязьмі, калі ўзгадвае, якую незагойную рану нанёс жыццю яе самой і блізкіх Чарнобыль.
— Пра аварыю мы пачулі назаўтра, 27 красавіка 1986 года. Ранак той выдаўся прыгожым, росным. Управіўшыся па гаспадарцы, вяла дзяцей у дзіцячы сад, школу. Навокал чуліся размовы пра выбух на Чарнобыльскай АЭС, пра радыяцыю, якая пераносіцца ветрам і ўсё атручвае на сваім шляху, — кажа Валянціна Афанасьеўна. — Гаварылі рознае, але ніхто толкам нічога не ведаў. Улады маўчалі, а часам супакойвалі, што ўсё нармалізуецца. Таму жылі, як і звычайна. Дзеці корпаліся ў пяску, загаралі. Усе елі першую зеляніну, пілі малако, садзілі агароды… Толькі праз пару дзён галоўны санітарны ўрач раёна па радыё паведаміў, што нельга ўжываць прадукты мясцовай вытворчасці, у тым ліку малако, рыбу, патрэбна зачыняць форткі, часцей рабіць у пакоях вільготную ўборку. Памятаю, як у наш калгас, які быў вельмі заможным, прывезлі саджанцы паркавых руж. І мы, настаўнікі, разам са старэйшымі вучнямі іх высаджвалі ўздоўж дарожак, на клумбах каля будынкаў школы, Дома культуры… Жыццё ж працягвалася. Яшчэ верылася ў нейкі цуд, але ён не здарыўся…
Па словах жанчыны, ужо 4 мая пачалося адсяленне людзей з 30-кіламетровай зоны, у якой апынуўся і іх населены пункт. Першымі вывозілі на аздараўленне дзяцей у піянерскія лагеры пад Мазыр, Мінск, Маладзечна. Пазней — усіх астатніх.
— Так з дзеткамі Наталляй і Аленкай у хуткім часе пераехала на Мядзельшчыну. Прывезла з сабой у Лук’янавічы і дачушку сястры — Галю. Глядзела ўсіх траіх, пакуль бацькі дзяўчынкі заставаліся яшчэ ў Нараўлянскім раёне. Нам гаспадарка дала дом, мужу прапанавалі пасаду галоўнага агранома. Я ўладкавалася настаўнікам пачатковых класаў у мясцовую школу, — працягвае свой аповед мая суразмоўца. — Праўда, Леанід прыехаў пазней за нас. Ён, як чалавек адказны, застаўся яшчэ на Гомельшчыне на паўгода. З забруджанай мясцовасці (а быў галоўным аграномам саўгаса) дапамагаў вывозіць у чыстыя раёны жывёлу, збожжа. Праз два гады пасля аварыі муж цяжка захварэў, а пасля яго не стала… Вось ужо 21 год, як яго няма побач. Шчыміць, баліць сэрца, што ўсё магло быць інакш, калі б не тая чарнобыльская навала… Але нікуды ад бяды не схаваешся, не ўцячэш…
Мядзельшчыну жанчына даўно лічыць сваёй другой радзімай. Палюбілі ўсім сэрцам гэты цудоўны куточак Беларусі і яе дачушкі. Яны выраслі тут, выйшлі замуж, зараз жывуць, працуюць і нікуды адсюль пераязджаць не збіраюцца. А вось самая малодшая Кацюша нарадзілася ў азёрным краі. Яна таксама ўжо дарослая, закончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Цяпер працуе ў Чысцінскай участковай бальніцы ўрачом-педыятрам, замужам.
— Як вас сустрэлі ў Лук’янавічах? — цікаўлюся ў Валянціны Афанасьеўны.
— Ведаеце, вельмі добра, — чую ў адказ. — Тут такія шчырыя, сардэчныя людзі жывуць. Вельмі падтрымлівалі, дапамагалі Тамара Берняковіч, Леанарда і Генадзій Чарняўскія. Прыносілі і бульбу, і малако… Удзячна ўсім ім да глыбіні душы. Пасля завялі і сваю гаспадарку, садзілі агароды… Цёпла прынялі мяне ў калектыве школы, пасля працавала і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. А якіх цудоўных дзетак я вучыла! Мае першыя пачаткоўцы выраслі дастойнымі людзьмі, знайшлі сябе ў дарослым жыцці. І цяпер памятаю Наталлю Коршун, Таццяну Касач, Таццяну Лойку, Юрыя Мацкевіча, Сашу Цімашова… Я вас усіх люблю і ганаруся вамі! А калі ў Лук’янавічах установа адукацыі перастала функцыянаваць, перайшла ў Мядзельскую сярэднюю школу №1 імя Уладзіміра Дубоўкі настаўнікам пачатковых класаў. Два гады там працавала. Пасля мяне запрасілі ў сельскую бібліятэку. Пагадзілася, вядома. Імпанавала тое, што работа — у сваім населеным пункце, нікуды не трэба ездзіць. Хутка асвоілася, паглыбілася ў дэталі і тонкасці новай прафесіі. І, як бачыце, знайшла сябе тут. Лук’янавічы — прыгожая вёска, размяшчаецца недалёка ад райцэнтра, што зручна. Дом, дзе жыву, добраўпарадкаваны. Ёсць вада, дайшоў да нас прыродны газ. Умовы — выдатныя. А якая прырода наўкола!
Цешыцца бабуля і ўнучкамі. Старэйшая Аня зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Паліна — школьніца. З задавальненнем наведвае дзяўчынка і Мядзельскую дзіцячую школу мастацтваў. Яна хораша спявае. А пяцігадовая Марыя ходзіць у дзіцячы садок.
Па душы прыйшоўся Валянціне Афанасьеўне наш цудоўны Нарачанскі край. Добра, спакойна ёй тут жывецца. Але не забываецца і свая радзіма.
— Вельмі часта сніцца мілы, дарагі куточак. Бачу яго ў сваім дзяцінстве. Памятаю, як была там некалі праездам.
Углядаюся ўдалячынь — і нічога не бачу… Слёзы перашкаджаюць. Боль пякучы сціскае душу… Мёртвая цішыня наўкола. Палеткі зараслі дзікай травой. Ні спеву птушак, ні людской гамонкі. Адны толькі камяні — маўклівыя і сіратлівыя…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



25 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 1-12 на Блакітных азёрах        возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси