У СТРОГА АКРЭСЛЕНЫЯ ТЭРМІНЫ

НАПРЫКАНЦЫ мінулага тыдня ў райвыканкаме адбылося чарговае, ужо чацвёртае, пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы і правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Што ўжо ўдалося зрабіць? Наконт гэтага старшыню абласнога Савета дэпутатаў Наталлю Якубіцкую, якая і ўзначальвае гэты штаб, праінфармавалі выканаўцы з розных сфер народнай гаспадаркі. Варта адзначыць, што за апошні час у горадзе забяспечаны прыкметныя зрухі да лепшага. І яны радуюць вока. У прыватнасці, па вуліцы 17 верасня распачаты работы па афабоўцы фасадаў і цокаляў дамоў пад нумарамі 14, 16, 17, уладкаванні адмосткі, балконаў і ўваходных груп.

На чарзе ў нашай жыллёва-камунальнай гаспадаркі іншыя шматкватэрнікі не толькі па гэтай вуліцы, але і па Юбілейнай, Ленінскай. Задзейнічаны ў добрай справе і спецыялісты “Нарачпрафбуда”. Многія заўважылі таксама, што паляпшаюць аблічча Мядзела абноўленыя аб’екты раёна электрычных сетак, на якіх робяць скатныя дахі з чырвонага металапрофілю. Тратуарную плітку ўкладваюць зараз на плошчы Шаранговіча, па вуліцы імя Крупскай і ў завулку Савецкі. На месцы былога будынка Дома дзіцячай творчасці вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Калі некалькі больш канкрэтна, то майстры з прадпрыемства меліярацыйных сістэм укладваюць там тратуарную плітку, разбіваюць клумбы…


Вялікай справай можна лічыць таксама замену ў горадзе водаправоднай сеткі працягласцю каля сямі кіламетраў. Зараз вядзецца аднаўленне тэрыторыі, якая была пашкоджана пры выкананні гэтых работ. Вельмі актуальная для горада і мадэрнізацыя сеткі цеплазабеспячэння з выкарыстаннем Пі-трубы. З намечаных на гэты год 3,2 кіламетра заданне выканана на чвэрць. Даволі актыўна распачаты запланаваныя работы і на аб’ектах адукацыі, аховы здароўя, культуры. Так, прыгожы дах з чырвонай металачарапіцы вымалёўваецца на будынку спецыялізаванай дзіцячай юнацкай школы алімпійскага рэзерву, уладкоўваюць падобны і на гарадскім Доме культуры. “Першыя крокі па добраўпарадкаванні, — адзначае намеснік старшыні райвыканкама Жанна Апановіч, — зроблены ў прыватным сектары, па бягучым рамонце дваровых тэрыторый шматкватэрнікаў. Гэтымі днямі праводзім з іх жыхарамі сходы, абмяркоўваем аб’ёмы работ, якія будуць выкананы ў бліжэйшы час. І вы ведаеце, людзі адгукаюцца…”
На пасяджэнні штаба асаблівая ўвага акцэнтавалася на тым, што ўсе запланаваныя работы, даручэнні павінны выконвацца ў строга вызначаныя тэрміны. Запатрабаванне за гэта будзе сур’ёзным. Іншага проста не дадзена, бо гэта — толькі пачатак вялікай справы, якую неабходна завяршыць агульнымі намаганнямі да абласнога хлебаробскага свята-2018.

Павел ЖУКАЎ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



25 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах        лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела