І дах у форме дэльфіна

— ДЗЕ можна ўбачыць загадчыка падсобнай вытворчасці Валерыя Кудзіна? — пацікавіўся ў работнікаў бухгалтэрыі БВУП «Нарачпрафбуд».
— З самай раніцы быў тут на базе, а зараз на аб’екце, на адміністрацыйным будынку санаторыя «Нарачанскі бераг» мяняюць дах, — чую ў адказ. — Зараз патэлефануем, удакладнім…
Едзем да здраўніцы. Здалёку заўважылі будаўнікоў, якія завіхаліся на даху. Ля вагончыка-бытоўкі сустрэлі Валерыя Кудзіна.
— Мяняем дах, будзем рамантаваць фасад, — тлумачыць ён. — Але хлопцам не прывыкаць, яны працуюць з адказнасцю. Яно і зразумела: дапусці брак у рабоце на адным аб’екце — на другі не запросяць. Таму кожны стараецца…
Сам жа Валерый Сцяпанавіч будаўнік вопытны, дваццаць год на гэтай пасадзе. Хаця свой працоўны шлях распачынаў у зусім іншай галіне народнай гаспадаркі. Пасля заканчэння Новамётчынскай сярэдняй школы, што ў Барысаўскім раёне, паступіў вучыцца ў машынабудаўнічы тэхнікум. Па накіраванні прыехаў працаваць у Маладзечна, на тагачасны завод «Спадарожнік». Займаў пасаду намесніка начальніка, а потым і начальніка цэха. Пэўны час папрацаваў за былым заводзе парашковай металургіі.
— А як з машынабудавання, металургіі перайшлі ў будаўнічую арганізацыю? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Будучы ў Маладзечне, закончыў вучылішча, атрымаў прафесію цесляра 4 разраду. Тут, у Нарачы, жылі сябры. Да іх часта прыязджаў адпачываць. Вось яны і падгаварылі, маўляў, кідай Маладзечна, перабірайся да нас. Так і зрабіў, — расказвае Валерый Сцяпанавіч. — Звярнуўся ў сельсавет, мне далі ўчастак ў аграгарадку Нарач. Пабудаваў дом, узвёў гаспадарчыя пабудовы. Большасць работ выконваў сам.
— Адразу ў «Нарачпрафбуд» уладкаваліся? — цікаўлюся.
— Не. Тры гады працаваў у Мядзельскім лясгасе, потым сюды перайшоў, — расказвае Валерый Кудзін. — За мной замацавалі пілараму, раствора-бетонны вузел, сталярны цэх, дзе выраблялі вокны, дзверы. Словам, клопатаў хапала. Будаўнічых аб’ектаў тады было шмат. Але надышлі не лепшыя часы для нашай арганізацыі. Многія работнікі звальняліся, шукалі іншае месца працы. У маім падпарадкаванні былі станочнікі, цесляры, сталяры — усяго дванаццаць чалавек. Амаль усе падаліся ў пошуках лепшай, як кажуць, долі. Засталіся чатыры. Аднак з часам сітуацыя выправілася. І людзі зноў папрасіліся ў брыгаду. Ужо вярнуліся дзесяць работнікаў. Днямі прыходзіць на працу былы брыгадзір. А яшчэ адзін сталяр зараз знаходзіцца на заробках у Маскве, але цікавіўся, маўляў, ці можна назад. Такім чынам, хутка брыгада зноў будзе ў поўным складзе.
Валерый Сцяпанавіч з гонарам называў аб’екты, на якіх шчыравала брыгада. Мянялі дахі, дзверы, вокны, рамантавалі фасады. За старанне і руплівасць будаўнікоў неаднаразова заахвочвалі маральна і матэрыяльна.
— А хто з падначаленых вызначаецца стараннем? — пытаюся.
Выдзеліць каго-небудзь аднаго складана. Літаральна пра кожнага магу сказаць толькі добрае. Вярнуўся ў брыгаду станочнік Уладзімір Янцэвіч. Дарэчы, яго сын таксама ў нас працаваў, а зараз на пасадзе прараба завіхаецца, — чую ў адказ. — Цесляры Сяргей Ворса, Андрэй Янцэвіч, станочнікі Іван Лушчык, Іван Падрэз — калі патрэбна, працуюць на вышыні. Увогуле, усе хлопцы валодаюць сумежнымі спецыяльнасцямі, прайшлі адпаведнае навучанне і могуць у любы момант замяніць таварыша. Усе могуць працаваць з бенза- і электраінструментам, яны і рамшчыкі, і стропальшчыкі. Маюць адпаведныя пасведчанні і допуск да работ.
— Ці памятаеце, на якім аб’екце даводзілася выконваць вельмі складаную задачу? — пытаюся.
— А чаму не?! Гадоў дванаццаць таму мянялі дах на трох карпусах у НДЦ «Зубраня». Раней рабілі дахі рознай складанасці: круглыя, плоскія, авальныя, касыя. А тут па італьянскім праекце дах павінен быў мець форму дэльфіна. Нос, хвост, вочы — усё з металу. Стараліся, зрабілі. І сёння гэтыя дахі служаць, нараканняў няма, — чую ў адказ.
З вытворчых спраў размова паціху пераходзіць на асабістыя. Прыжыўся Валерый Сцяпанавіч на Мядзельшчыне, трывала пусціў карані.
— Раней трымаў ладную гаспадарку. Былі дзве каровы, конь, іншая жыўнасць. Зараз меншая: свінні, куры, індыкі, качкі. З дзяцінства прывык да вясковай працы. У горадзе, здаецца, не жыў бы і дня, — кажа Валерый Кудзін. — Жонка працуе медрэгістратарам у Нарацкай бальніцы. Выраслі дзеці, маюць свае сем’і. Сын Аляксандр закончыў будаўнічае вучылішча, набыў прафесію тынкоўшчыка-аддзелачніка і зараз працуе на рамонце дома ў курортным пасёлку Нарач. Дачка Вольга ў Маладзечне на мытні завіхаецца, а Аляксандра — у Гродне — інжынер-канструктар. Дзеці раз’ехаліся. Але мы з жонкай не адзінокія, маем трох унукаў і ўнучку. Ёсць у нас шмат добрых сяброў, ладзім з суседзямі. Словам, не шкадую, што пераехаў на Мядзельшчыну…
Застаецца дадаць, што старанне і руплівасць Валерыя Сцяпанавіча не заставаліся незаўважанымі. Яго заўсёды адзначалі ў ліку лепшых работнікаў, заахвочвалі маральна і матэрыяльна, фотаздымак заносілі на Дошку гонару Нарацкага сельсавета. А колькі падзяк, дыпломаў, грамат, якімі адзначаны дбайны будаўнік, захоўваецца ў дамашнім архіве Кудзіных!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: загадчык падсобнай вытворчасці БВУП «Нарачпрафбуд» Валерый Кудзін.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



24 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Будаўніцтва

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра 1-12 лебедзі на Мястры Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси