Па сямі відах

У Мядзеле адбылася спартакіяда работнікаў сістэмы адукацыі. Удзельнічалі ў ёй 19 каманд, якія спаборнічалі па сямі відах: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, дартс, штрафны кідок, шашкі, настольны тэніс, скачкі на скакалцы і штрафны ўдар.
У апошнім трэба было патрапіць у міні-футбольныя вароты.
— Вароты маюць зоны. Тыя, у якія патрапіць цяжэй, “каштуюць” большы бал, — тлумачыць пасля выканання задання настаўнік фізічнай культуры і здароўя Занарацкай СШ Аляксандр Жыхар. — Хацелася трапіць у дзявяткі — за пяць удараў выбіў чатыры дзявяткі і адну тройку. Усё атрымалася, за выключэннем аднаго ўдару.
— У такіх спартакіядах каманда з Занарачы ўдзельнічае пастаянна? — пытаю.
— Так. У першай, якая праходзіла гады чатыры таму, нават занялі першае месца. У другі раз выступілі горш. Сёння спадзяюся на лепшы вынік.
— Колькі чалавек у камандзе?
— Сем. Ва ўсіх відах спорту ўдзельнічаем.
— Лічыце, такія спартакіяды патрэбныя?
— Так. У школе пастаянна ўрокі, хтосьці дамоў спяшаецца, нехта больш часу ў школе праводзіць… Перапынкі таксама не прыносяць жывых зносін. А спартакіяда і падрыхтоўка да яе якраз аб’ядноўвае калектыў.
Дарэчы, у гэтым відзе Аляксандр Жыхар перамог у групе «А». У групе «Б» самым трапным быў Мікалай Петух з установы адукацыі са Старых Габ.


У шашках у групе «А» лепшым быў Іван Якімец, які выступаў за каманду аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У групе «Б» першае месца заняў Леанід Жыхар у складзе каманды са Старых Габ.
У настольным тэнісе перамаглі: у групе «А» Таццяна Наруць (Нарацкая СШ №1) і Дзмітрый Дурэйка (Крывіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа).
У скачках на скакалцы ў групе «А» найлепшыя вынікі паказала Святлана Азарка з Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі, у «Б» — Пётр Сурвіла са Старлыгскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Івана Аніські.
У групе «А» штрафны кідок лепш удаўся Івану Нехвядовічу са Сватак і Таццяне Ходзінай з Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. А ў групе «Б» — Алене Дунец са Старлыг і Аляксандру Гарадзецкаму, які выступаў за Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна.
Старшыні прафкамаў спаборнічалі ў дартсе. У групе «А» самым трапным аказаўся Сяргей Баброўка з Нарацкай СШ №2. Абодва разы ён набраў 41 ачко з 50 магчымых.
— Дома ёсць дартс, і ў спартакіядах удзельнічаю. Так што для мяне выступаць на падобных спаборніцтвах — не ў навіну, — расказаў ён.
У групе «Б» перамагла Людміла Кавальчук са Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча.
Кіраўнікі ўстаноў спаборніча-
лі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У групе «А» перамог Уладзімір Талкановіч (Будслаўская СШ імя Паўліны Мядзёлкі), у «Б» — Святлана Тацэвіч (Старлыгскі ВПК).
Па выніках усіх відаў пераможцам спартакіяды ў групе «А» стала каманда Нарацкай СШ №2. На другім месцы — Занарацкая сярэдняя школа, на трэцім — Нарацкая СШ №1.
У групе «Б» перамогу святкавалі прадстаўнікі ўстановы адукацыі са Старлыг. Другой была каманда Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, трэцяй — Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча. Пра ўсё гэта паведаміла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская.
Яшчэ ў рамках правядзення спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі адбыліся спаборніцтвы па міні-футболе. Каманды з устаноў адукацыі ствараліся па зонах: Крывіцкай, Нарацкай, Мядзельскай і Свірскай. У выніку перамагла каманда Крывіцкай зоны.
Лепшых узнагародзілі Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі райкама галіновага прафсаюза.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



14 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          на Блакітных азёрах        0-178 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси