Ёсць дзе прыкласці рукі

НА Мядзельшчыне  праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Па сутнасці, работы ў гэтым накірунку не спыняюцца круглы год. Месячнік жа толькі ўзмацняе і актывізуе работу, прымушае звярнуць больш пільную ўвагу на навядзенне належнага парадку на замацаваных тэрыторыях, на вытворчых аб’ектах, на прысядзібных участках. У ліку асноўных работ, як гэта было і заўсёды, уборка смецця і ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, навядзенне парадку ўздоўж дарог і ў лясных масівах, у населеных пунктах, на могілках і многае іншае. Ёсць дзе прыкласці рукі. Толькі агульнымі намаганнямі і стараннямі кожнага горад, і вёскі раёна павінны змяніць свой знешні выгляд, стаць больш чыстымі і прывабнымі. Сёлета гэта асабліва важна, бо менавіта ў нас запланавана правесці абласное свята хлебаробаў «Дажынкі-2018». Таму падрыхтавацца і дастойна сустрэць шматлікіх гасцей — гонар усіх жыхароў азёрнага краю. А ці ўсё магчымае робіцца на месцах? Гэта і паспрабавалі высветліць у час маніторынгу спецыялісты санітарнай і экалагічнай службаў, наведаўшы некаторыя прадпрыемствы і населеныя пункты раёна, машынныя двары і жывёлагадоўчыя фермы сельгаспрадпрыемстваў.


Адразу наведалі вёску Мікольцы Мядзельскага сельсавета. Работа па добраўпарадкаванні і ўборцы тэрыторыі населенага пункта не праводзілася — абочыны цэнтральнай вуліцы ў многіх месцах зараслі кустоўем, не прыбіралася своечасова высокая сухая расліннасць, вецер разнёс бытавое смецце. А «ўпрыгожваннем» Мікольцаў можна лічыць дом нумар 54, будынак колішняй школы без акон і дзвярэй, які патанае ў зарасніках кустоўя (здымак 1). Ёсць пытанні і па могілках у гэтым населеным пункце. Кантэйнер для смецця перапоўнены (здымак 2). А непадалёку за агароджай «красуецца» гара смецця, па ўсёй бачнасці не першы год. Убачылі мы яшчэ два кантэйнеры, якія ляжалі ля могілак, але ў іх няма дна. Дык навошта яны тут?


Наступны прыпынак — курортны пасёлак Нарач. Тут таксама далёка да ідэальнага парадку. З пачатку месячніка не праведзены работы па ўборцы сухога мінулагодняга лісця на тэрыторыі ўздоўж агароджы з боку вуліц Набярэжная, Ленінская, Зялёная (якія знаходзяцца практычна ў цэнтры пасёлка). Гэта тэрыторыя ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама № 400 ад 6 красавіка 2017 года замацавана за санаторыем «Нарач». Таму калектыў здраўніцы і павінен наводзіць тут парадак.
Аграгарадок Нарач. Кучы бытавога смецця, паламаная мэбля, рэшткі бытавой тэхнікі ў лясным масіве непадалёку ад вуліцы Паўднёвай аграгарадка, што выяўлены таксама ў час маніторынгу, не прыцягнулі пакуль увагі Нарацкага сельвыканкама. Вывезлі ўсё гэта смецце, зразумела, жыхары бліжэйшых дамоў. А чаму ў лес? Побач жа стаяць спецыяльныя кантэйнеры. Хто будзе прыбіраць — невядома. Лес жа знаходзіцца ў падпарадкаванні Нацпарку.


Вёска Пронькі. Уздоўж цэнтральнай вуліцы населенага пункта трэба ўбраць кустоўе і сухую расліннасць, прыбраць смецце, якое разносіцца ветрам. Кантэйнеры для збору бытавых адыходаў устаноўлены на зямлю, адсутнічаюць спецыяльныя пляцоўкі.
Прыемна адзначыць, што тэрыторыя машынна-трактарнага парку ТАА «Нарачанская Ніва 2004» агароджана, утрымліваецца ў чысціні і парадку. Вытворчыя, санітарна-бытавыя памяшканні знаходзяцца ў здавальняючым санітарным стане. Транспартныя сродкі ўкамплектаваны аптэчкамі першай медыцынскай дапамогі. Пратэрмінаваных лекавых сродкаў не выяўлена. Арганізаваны пітны рэжым для ўдзельнікаў палявых работ на працягу ўсяго працоўнага дня (падвоз пітной і мінеральнай вады). На тэрыторыі рамонтнай майстэрні працуе душ. Што датычыць складоў для захоўвання ядахімікатаў і мінеральных угнаенняў, то выяўлены некаторыя недахопы. Пра гэта адразу паведамілі адказным асобам таварыства, якія абяцалі ў бліжэйшы час усё выправіць.


Пакуль ніхто не браўся за добраўпарадкаванне могілак вёскі Сідаравічы. Кантэйнеры для смецця перапоўнены, агароджа паламаная (здымак 3). Кучы смецця з тыльнага боку могілак.
На ўездзе у Буйкі з боку вёскі Балтагузы з правага боку стаяць два дамы, а дакладней — склады смецця. Напэўна, менавіта сюды мясцовыя людзі зносяць усё непатрэбнае (здымак 4).
Пры правядзенні маніторынгу могілак у вёсцы Буйкі паступалі скаргі ад насельніцтва на нездавальняючае іх ўтрыманне — з тыльнага боку адсутнічае агароджа і не абмежаваны доступ хатняй птушкі, у выніку чаго пашкоджваюцца магілы грамадзянскага насельніцтва і пахаванні салдат Першай сусветнай вайны. Побач з кантэйнерам — вялікая куча галля і іншага смецця. З тыльнага боку могілак вёскі Сырмеж паламана агароджа. Некаторыя праёмы застаўлены знятымі з магіл агароджамі. З восені тут не прыбраны кучы смецця. Няма агароджы і з тыльнага боку могілак вёскі Хоневічы. Тут паўсюдна валяецца смецце. Забруджана тэрыторыя вакол будынка былой сталовай у вёсцы Старлыгі. А гаспадарчы кар’ер «Міціненты» ператвораны ў месца складзіравання бытавога і будаўнічага смецця (здымак 5). І нікому да гэтага няма справы.
Не прыбіралі яшчэ замацаваную тэрыторыю жывёлаводы фермы «Засвір» ААТ «Свір-Агра». А ўпрыгожвае яе вялікая куча поліэтыленавай плёнкі. На машынна-трактарным двары таварыства дапускаецца неўпарадкаванае захоўванне металалому і зношаных шын на неабазначаных пляцоўках (здымак 6). Памяшканне для нагрэву вады не ўтрымліваецца ў чысціні, усярэдзіне раскіданы дровы, бытавое і вытворчае смецце. На тэрыторыі не прыбрана драўляная канструкцыя надворнага туалета, які не выкарыстоўваецца. Словам, заўваг шмат.


З добрага боку варта адзначыць тэрыторыю вытворчага ўчастка філіяла «ДЭУ-66» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» (начальнік філіяла Віктар Буйко). Чысціня, парадак, акуратнасць — усё гэта характэрна для ўчастка. Нічога падобнага нельга сказаць пра тэрыторыю, якая замацавана за Свірскім аператыўна-эксплуатацыйным пунктам раёна электрычных сетак. Гэты калектыў узначальвае майстар Юрый Марчанка. Жыве ён ў доме, дзе і знаходзіцца пункт. На тэрыторыі не ўпарадкавана захоўванне вытворчай і асабістай тэхнікі, дроў, піламатэрыялаў. У многіх месцах валяецца смецце. Удзельнікамі маніторынгу былі выказаны заўвагі жыхарам дамоў № 14, 16, 18, 19, 21 па вуліцы Першамайскай наконт уборкі смецця ля жылля.
Да заканчэння месячніка яшчэ ёсць крыху часу. Таму патрэбна прыкласці максімум намаганняў, каб усё запланаванае выканаць, каб наш азёрны край выглядаў больш прывабным.

С. ДАЛІБА.
А. ФЁДАРАВА.
Памочнікі ўрача-гігіеніста ДУ «Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».
А. КУЛЬЧЫНСКАЯ.
Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
І. ЛУБНЕЎСКІ.
Загадчык аддзела курорта, турызму і АПК рэдакцыі раённай газеты «Нарачанская зара».



14 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Вострым пяром

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 на Блакітных азёрах        0-170 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела