Няма мяжы для развіцця

Зусім нядаўна санаторый «Нарач» адсвяткаваў юбілей — пяцьдзясят пяць гадоў — паважны ўзрост для любой здраўніцы. За такі доўгі і паспяховы шлях у сферы аздараўленчага і лячэбнага адпачынку хіба можна жадаць яшчэ лепшага? Можна! Упэўнена адказвае галоўны ўрач Яўген Шапэчка. Ён прапануе пазнаёміцца з двума новымі апаратамі, з дапамогай якіх зусім хутка будуць праводзіць новыя працэдуры.
Абодва — падарункі вышэйстаячай арганізацыі — унітарнага прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт». І разлічаны як на лячэбныя, так і на эстэтычныя працэдуры.
Першай Яўген Леанардавіч прадстаўляе кушэтку бескантактавага гідрамасажу «АкваСПА».
Выглядае яна ўражальна, як своеасаблівая лава-лямпа антыстрэс. Кушэтка вялікая, з панэллю кіравання і напаўпразрыстым пакрыццём. Дакраніся да пакрыцця — зразумееш, што гэта толькі верхні пласт, а ўнутры знаходзіцца дыстыляваная вада (можна не баяцца, што «заквітнее»). Калі ўключаецца падсвятленне, нават класціся шкада — хочацца проста назіраць, так прыгожа.
У першую чаргу гідрамасажная кушэтка не столькі для лячэння захворванняў, колькі для прафілактыкі. Яна валодае расслабляльным, заспакойваючым эфектам, дапамагае зняць напружанасць і хваляванне.
Яе асаблівасць у тым, што ў кушэтцы выкарыстоўваецца дваццаць восем гідрамасажных фарсунак, якія могуць працаваць у некалькіх рэжымах. Напрыклад, усе адначасова або групамі. Яе можна выкарыстоўваць для масажу асобных зон: шыйнага аддзела, паяснічнага, ягадзіц, а таксама ў комплексе.
Для гэтага масажу не патрэбна ніякая спецыяльная падрыхтоўка. Ён нават дазволены пры такіх захворваннях, як спінна-мазгавыя грыжы. Гэта вельмі пашырае магчымасці лячэння, таму што ручныя масажы пры гэтых захворваннях проціпаказаныя.
— За кошт дваццаці васьмі гідрамасажных фарсунак дасягаецца так званы эфект флаацінгу — гэта значыць бязважкасці, — распавядае Яўген Леанардавіч. — Чалавек перастае адчуваць вагу ўласнага цела, як быццам ляціць. Пры ўдалых гукавым суправаджэнні і відэарадзе цалкам можна адчуць сябе ў космасе. Гэта паслуга не ўключана ў кошт пуцёўкі, яна ўводзіцца на платнай аснове, але кошт цалкам памяркоўны.
Такі апарат абавязвае і да адпаведнага афармлення кабінета. Таму апроч іншага, у памяшканні збіраюцца зрабіць усе ўмовы для спакойнага эстэтычнага адпачынку: усталяваць тэлевізар, дадаць прыемнае гукавое суправаджэнне.
Другі прыбор — нямецкі апарат экстракарпаральнай радыяльнай ударна-хвалевай тэрапіі «Zimmer Z-wave».
— Трэба адзначыць, што ў наш санаторый гэты апарат паступае з пашыраным дыяпазонам дзеяння. Гэта значыць, яго можна будзе выкарыстоўваць не толькі для фізіятэрапеўтычных працэдур і лячэння суставаў і пазваночніка, але і для эстэтычных: ліквідацыі парушэння тлушчавага абмену, цэлэлюліту і так далей. Дзякуючы сістэме радыяльнага ўдарна-хвалевага ўздзеяння магчыма істотна палепшыць пругкасць скуры, рэгенерацыю калагену, дасягнуць змяншэння тлушчавых адкладаў. Гэта павінна прыйсціся па душы жаночай частцы адпачываючых «Нарачы», — лічыць Яўген Леанардавіч.
Важная асаблівасць працэдур з выкарыстаннем гэтага апарата ў тым, што ён не прычыняе дыскамфорту. Пры тым, што часта ўдарна-хвалевая тэрапія бывае балючай.
У фізіятэрапіі гэты апарат выкарыстоўваюць пры такіх захворваннях, як артрыты дробных суставаў кісцяў і ступняў, сіндромы локця гальфіста, тэнісіста, тэндынітаў, бурсітаў суставаў, пятачных шпор. А яшчэ хваробы Дзюпюітрэна — незапаленчага захворвання, з прычыны якога чалавеку цяжка згінаць адзін або некалькі пальцаў. З гэтым захворваннем часцей за ўсё спраўляюцца хірургічным шляхам, апарат жа дазваляе вырашыць праблему без аперацыі.
— Вучыць рабоце з апаратам будзе сама кампанія-вытворца. Таксама ўрача-фізіятэрапеўта плануецца накіраваць на курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі, — распавядае кіраўнік здраўніцы.
Але гэта не ўсе запланаваныя новаўвядзенні санаторыя-юбіляра. У бліжэйшы час тут збіраюцца набыць апарат ультрагукавой дыягностыкі экспертнага класа.
— Асноўны профіль нашага санаторыя — кардыялагічны. Апарат зможа праводзіць усе агульныя даследаванні, а таксама сасудаў канечнасцяў і, вядома, сэрца.
Яшчэ ў гэтым годзе ў планах — цалкам абнавіць водалячэбніцу (палова абсталявання для гэтага ўжо закуплена), а таксама трэнажоры ў кабінеце лячэбнай фізкультуры, закупіць апарат карбоксітэрапіі, з дапамогай якога праводзяцца ін’екцыі вуглякіслага газу. Яго ў першую чаргу выкарыстоўваюць для лячэння суставаў, але працэдура вельмі карысная і для сардэчна-сасудзістай сістэмы, нармалізацыі артэрыяльнага ціску, зніжэння пераднагрузкі на сэрца.
Акрамя гэтага, у санаторыі збіраюцца цалкам адрамантаваць адзін паверх нумарнога фонду — гэта васямнаццаць нумароў. На дадзены момант ужо закончаны работы на другім паверсе другога корпуса, пасля рамонту адкрылі новы бар.
— Сёння санаторый прадастаўляе каля двух з паловай соцень відаў медыцынскіх паслуг, — завяршае Яўген Леанардавіч. — Але мы лічым, што гэта не мяжа і плануем толькі пашырацца.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



13 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава       Паруснікі                          0-178 06-012

Пабрацімы Мядзела