ЧАРОЎНАЕ ЗЗЯННЕ ТВОРЧЫХ ЗОРАЧАК

НЯМАЛА добрых уражанняў пакінуў рэспубліканскі конкурс паэтычнай творчасці “Юныя таленты Беларусі”, які прайшоў надоечы ў нашым азёрным краі. Цудоўныя эмоцыі ад судакранання са светам прыгожага выклікалі выступленні шаснаццаці таленавітых прадстаўнікоў розных куткоў краіны, якія вызначыліся ў папярэдніх турах на шляху да фіналу. Па добрай традыцыі ён праводзіўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У складзе журы конкурсу — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі, паэт Рагнед Малахоўскі і аўтар гэтых радкоў. Перш, чым завітаць да вялікай групы падлеткаў у малую актавую залу цэнтра, дзе намячалася творчая сустрэча, літаратары з задавальненнем пагутарылі з дырэктарам Надзеяй Ануфрыевай. Між іншым, як заўважыла яна ў размове пад кубачак гарбаты, у жніўні наступнага года “Зубраня” адзначыць сваё 50-годдзе. Што можна сказаць з такой нагоды? Безумоўна, Нацыянальнаму дзіцячаму цэнтру ёсць з чым сустракаць слаўны юбілей. За апошнія гады ён імкліва развіваўся, павышаючы свой прывабны імідж ва ўсім свеце. Сёння сюды з вялікай ахвотай едуць на аздараўленне і адпачынак хлопчыкі і дзяўчынкі з дваццаці трох дзяржаў. Блізкіх і далёкіх! Пацвярджэннем таму і тое, што ў вялікім пераліку краін ёсць Кітай, Сірыя, Японія. Як неаспрэчна і наступнае: у прагрэсіруючым развіцці цэнтра вялікая заслуга яго кіраўніка — Надзеі Генадзьеўны, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, чалавека неабыякавага, мэтанакіраванага і творчага…
Сустрэча дзяцей з літаратарамі, якая папярэднічала рэспубліканскаму конкурсу, уразіла высокай актыўнасцю і зацікаўленасцю яе ўдзельнікаў. Пісьменнікам толькі заставалася паспяваць адказваць на самыя розныя пытанні дапытлівай аўдыторыі. У прыватнасці, “У чым асаблівасць і непаўторнасць сучаснай беларускай літаратуры?”, “Якой вы бачыце яе праз 35-40 год?”, “Якому выданню лепш за ўсё маладому аўтару прапаноўваць свае першыя творы?”…
Умела настройвала на дыскусійны тон размовы ў самым пачатку і вядучая Маргарыта Блізнюк, настаўніца рускай мовы і літаратуры цэнтра. Нямала парупілася, каб гэта мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, і педагог-арганізатар Таццяна Ягоршына. Канечне, пра ўсё не раскажаш. Адно, што варта адзначыць, наша беларуская літаратура развіваецца разам з грамадствам з улікам яго патрэб і запытаў. Напісанае аўтарам павінна выклікаць цікавасць у чытача, інакш празаік ці паэт застанецца незапатрабаваным. Бо калі мы бяром у рукі кнігу, пачынаем чытаць, а праз хвіліну-другую адкладваем яе ўбок, значыць, там штосьці не так. Сапраўдныя ж літаратары ў пастаянным пошуку трапнага мастацкага слова, незвычайных тэм, з’яў і працэсаў, якія хвалююць людзей, актуальных для нашай краіны — незалежнай і суверэннай. Ёсць тэмы, якія не згубяць сваёй актуальнасці і праз дзесяцігоддзі. У іх ліку — гісторыя Беларусі, у якой, на жаль, застаецца яшчэ нямала чыстых старонак. Тое ж тычыцца і культуры, народных традыцый, багатай спадчыны. Сёння мы здаём у музеі лапці, жорны, сярмягі, ступы, маслабойкі і шмат чаго іншага, аднак сапраўдныя беларусы ніколі і нізавошта не развітаюцца са сваімі гонарам, працавітасцю, умельствам, любоўю да зямлі, дзяцей, Айчыны. Вось у гэтым і заключаецца моц нацыі, яе магутнасць, а для пісьменніка — невычарпальная крыніца натхнення.
Безумоўна і тое, што паэту ці празаіку, які толькі пачынае творчы шлях, важна вызначыцца, у якія ж дзверы “пастукацца” са сваім першым вершам, заметкай? Гэта залежыць ад многіх абставін, аднак найбольш аптымальным падаецца варыянт з мясцовай газетай — раённай або гарадской. Не выключэнне і наша “Нарачанская зара”, якая дае пуцёўку ў творчае жыццё таленавітым людзям, з яе старонак стартавалі ў вялікую
літаратуру многія вядомыя пісьменнікі. Можна ўспомніць хаця б Мар’яна Дуксу з вёскі Каракулічы, колішняга ўлікоўца трактарнай брыгады калгаса імя Горкага, які літаральна на мінулым тыдні адзначыў свой
75-гадовы юбілей. Юнак імкліва ўварваўся ў паэтычны свет з вершам “Жанчыны”, які надрукавалі ў газеце азёрнага краю да 8 Сакавіка ў далёкім ад сёння 1960 годзе. Дадам, што Мар’ян Мікалаевіч дасылаў у газету нямала і празаічных твораў: інфармацый, заметак, замалёвак пра лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Яны і зараз прывабліваюць нестандартнай падачай матэрыялу. З выхаду ў свет першага верша мінула ўсяго тры гады, і малады паэт становіцца жаданым аўтарам у многіх рэспубліканскіх газетах і часопісах. Неўзабаве Мар’ян Дукса выдае сваю першую кнігу “Спатканне”, а на дваццаць шостым годзе жыцця хлопца ўжо прымаюць у Саюз пісьменнікаў, што па тым часе здаралася нячаста. Нельга не дадаць і таго, што наш зямляк Мар’ян Мікалаевіч з’яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі-2016 у намінацыі “паэзія” за зборнік вершаў “Птушка вечнасці — душа”. З “Нарачанскай зары” пачыналі і вядомыя сёння пісьменнікі Мечыслаў Шаховіч, Мікола Шабовіч. Асабліва трэба сказаць пра Іосіфа Скурко — хрэсніка Максіма Танка, які таксама нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына. Яго геніяльны твор пра “полымя ружовых верасоў” быў прызнаны ў 1972 годзе лепшай песняй на неабсяжнай прасторы ўсяго Савецкага Саюза.
У добразычлівай атмасферы прайшоў і рэспубліканскі конкурс паэтычнай творчасці. Адкрыла яго даволі ўдалым выступленнем Лаура Банькоўская з горада Ганцавічы. Парадавала, што ў канферэнц-зале Палаца дзіцячай творчасці цэнтра, дзе і праходзіў конкурс, былі прадстаўнікі Мядзельшчыны. І яны не проста паўдзельнічалі! Паліна Малькевіч са Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа пакарыла членаў журы тым, што чытала свае добрыя вершы, прысвечаныя Радзіме, Язэпу Драздовічу, Галіне Сідзельнікавай, на беларускай мове з душэўным пачуццём, праяўляючы майстэрства дэкламацыі. Вось некалькі радкоў з яе верша “Іграйце, музыкі!”:
Якія знаёмыя, родныя
Скрыпачкі плаўныя зыкі…
У пераходзе падземным
Ігралі цудоўна музыкі…
Капелюшы саламяныя
І строі ў іх беларускія,
Вочы блакітна-шэрыя,
А валасы — русыя.
Скрыпачкі іх прамаўлялі:
Мы — беларусы!..
Сур’ёзную заяўку на перамогу зрабіла прачытанымі ўласнымі вершамі і яе сяброўка па школе Паліна Марчанка. І зусім не выпадкова пазней, падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы Уладзімір Ліпскі адзначыў, што ў Свірскай школе вельмі сур’ёзна працуюць з адоранымі дзецьмі, усебакова і мэтанакіравана рыхтуюць іх да конкурсаў. Таму і вынікі заўсёды ўражваюць. У сувязі з гэтым узгадвалася педагог дадатковай адукацыі Валянціна Пісарчык, якая, не шкадуючы сіл і часу, працуе ў навучальнай установе з творчымі дзецьмі, ды і сама піша вершы, прозу, выпускае запатрабаваныя ў чытача кнігі.
З усіх удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу ў выніковы пратакол патрапілі толькі шэсць падлеткаў. Першае месца ў намінацыі “паэзія” з уручэннем крыштальнага зубра і Дыплома Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь журы прысудзіла ўзгаданай вышэй нашай зямлячцы Паліне Малькевіч, а сярод чытальнікаў вершаў — Вікторыі Піліпёнак з Коханаўскай сярэдняй школы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Дыпломы Міністэрства адукацыі атрымалі таксама прызёры, якія апынуліся на другіх і трэціх месцах — Лаура Банькоўская і Аляксандр Мяшок з Магілёўскай гімназіі, Анастасія Грышкова з Магілёўскай сярэдняй школы № 34 і Дар’я Баброва са сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола-
дзі “Ветразь”. Усе астатнія ўдзельнікі адзначаны Дыпломамі лаўрэатаў НДЦ “Зубраня”. Перад развітаннем з канкурсантамі Уладзімір Ліпскі пажадаў, каб яны больш пісалі і чыталі на беларускай мове. “У нашай краіне, — адзначыў, у прыватнасці, Уладзімір Сцяпанавіч, — дзве дзяржаўныя мовы, але адна з іх — родная!” А мы ім зычым новых удалых твораў, а з часам — першых кніжак і яркіх удач на няпростай творчай дарозе!

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.



12 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай     Паруснікі                           возера Мястра  84

Пабрацімы Мядзела