Разам – да спартыўных вышынь

У круглагадовай спартакіядзе сярод калектываў фізічнай культуры арганізацый і прадпрыемстваў раёна перамагла Мядзельская ЖКГ. Недарэмна яе і прызналі пераможцай конкурсу на лепшую пастаноўку масавай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы.
— Як лічыце, чаму перамога за вамі? — пытаю ў старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мядзельскай ЖКГ Марыі Мялешкі.
— Таму што многія ў нашым калектыве вядуць актыўны і здаровы лад жыцця. Заўсёды стараемся прадставіць нашу арганізацыю на раённых і абласных спаборніцтвах. Удзельнічаем паўсюдна — няма такога, каб мы куды не паехалі.
Для нашага дырэктара Аляксандра Чарняўскага спорт мае важнае значэнне. У калектыўны дагавор унесены пункты, якія дазваляюць заахвочваць работнікаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці. А яшчэ мы — каманда, у нас — камандны дух. Бывае ж такое, што хтосьці захварэў, не атрымліваецца выступіць. Тады абавязкова іншы «падставіць плячо» — умее-не ўмее, але выйдзе на пляцоўку. Было, што прадстаўнік у дартсе не змог паехаць на абласную спартакіяду. Папрасілі сакратара прыёмнай кіраўніка Марыну Лукашэвіч, мо паспрабуеш. Гадзіну патрэніравалася — і выступіла. Больш за тое, гэты від спорту яе зацікавіў, адкрыла ў сябе талент і потым заняла першае месца ў спаборніцтвах па дартсе на раённай спартакіядзе. Да таго ж, яна і на лыжнай трасе выступіць, і ў турзлёце паўдзельнічае.
— Якія яшчэ добрыя спартсмены ёсць на прадпрыемстве?
— Апаратчык хімводаачысткі на кацельні ў вёсцы Баравыя Руслан Шафіеў захапляецца настольным тэнісам. Ён — сярод лепшых тэнісістаў у раёне. На абласных спаборніцтвах нашай галіны заняў першае месца. І ў рэспубліканскіх удзельнічаў. Апальшчык Валерый Брэскі і ў шашкі, і ў шахматы добра гуляе. І на раённыя, і на абласныя мерапрыемствы гатовы ехаць. У спаборніцтвах
па гіравым спорце круглагадовай спартакіяды майстар Казімір Таразевіч заняў першае месца. Электраманцёр Алег Падрэз быў першым ў спаборніцтвах па дартсе
і другім — па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Ёсць у нас і добрыя більярдысты: вадзіцель Юрый Грынцэвіч і машыніст-качагар Генадзь Пятроўскі. Вядучы бухгалтар Вольга Новік можа і ў спаборніцтвах па бегу, і па плаванні паўдзельнічаць. Майстар па добраўпарадкаванні Алег Рагіня і інжынер па водпуску вады Іна Сіськевіч — добрыя валейбалісты. Рабочы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Вадзім Кабайла і ў валейбол згуляе, і на турзлёт з’ездзіць. Слесар цепласетак Аляксей Слабковіч добра гуляе ў валейбол, бегае на лыжах, у турзлёце ўдзельнічаў. І многіх яшчэ можна называць…


Дарэчы, і саму Марыю Мялешку можна ўбачыць на спартыўных пляцоўках: валейбольнай, стрэльбы з пнеўматычнай вінтоўкі.
Працаўнікі ЖКГ не толькі ў раённых спартыўных спаборніцтвах удзельнічаюць, але і ў абласных, і ў рэспубліканскіх. Таксама нядрэнныя вынікі паказваюць.
Летась у чэрвені ўдзельнічалі ў 12-й спартакіядзе арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці. Прайшла яна на Мядзельшчыне. Прыехала на спаборніцтвы 30 каманд. У складзе нашай было 16 чалавек, а заняла яна восьмае месца. Яе ўдзельнікі заваявалі два залатыя і адзін сярэбраны медалі. У настольным тэнісе сярод мужчын перамог Руслан Шафіеў. Валерый Брэскі заняў першае месца па шашках і другое — па шахматах сярод мужчын.
У ліпені ля Салігорскага вадасховішча прайшоў першы турыстычны злёт прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці. Удзельнічала ў ім каля паўтысячы чалавек. Вызначалі лепшых у тэхніцы пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму, перацягванні каната, конкурснай праграме. Ад прадпрыемства было 15 чалавек.
…Калектыў ЖКГ вынікова пачаў новы спартыўны год. Прайшлі ўжо традыцыйныя спаборніцтвы па зімовай рыбалцы, у якіх сваю ўдачлівасць праверыла 25 чалавек. Паўдзельнічалі таксама ў раённым спартыўным свяце «Мядзельская лыжня-2018». Сярод каманд прадпрыемстваў і арганізацый раёна занялі другое месца. Прадстаўлялі прадпрыемства Алег Чарняўскі, Марына Лукашэвіч і Аляксей Слабковіч.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара і з архіва ЖКГ.



03 красавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_dsc1133-3 на Блакітных азёрах        від на Мядзел Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела