Да вас едзе аўтакрама!

У невялікай вёсцы Баравікі ажыўлена, нягледзячы на мароз і снег, на вуліцы шмат людзей. А ўсё таму, што ў гэты дзень сюды прыехала аўтакрама, і ўсе спяшаюцца набыць прадукты.
За рулём — Павел Дучынскі. Прадавец Алена Шуман разлічвае пакупнікоў, жартуе і ўсміхаецца.
— Дзякуй, што прыязджаеце на месца, кажа жанчына і бярэ ў яе бохан хлеба. — А то мы ўжо зусім старыя, каб да крамы дабрацца.
— Я вам заўсёды кажу, ну якія вы старыя, — смяецца Алена Сцяпанаўна. — Старыя па хатах сядзяць і з печы не злазяць, а вы яшчэ такія бадзёрыя!
Пакупніца толькі ўсміхаецца і не спрачаецца. Яна заўважае машыну з надпісам “прэса” і сама падыходзіць да мяне. Гэта жанчына — Яніна Ковель.
— Вы пра нашу прадаўшчыцу пісаць прыехалі? — пытаецца з цікаўнасцю. — Дык вось ведайце, яна вельмі добрая! Закупляемся ў краме кожны раз, як прыязджае. Машына бывае два разы на тыдзень, у аўторак і пятніцу — нам гэтага хапае. Вельмі рады, што падвоз у нас ёсць. І прадаўшчыцу вельмі любім. Такая акуратная, ветлівая. Заўсёды ўсміхаецца, пацікавіцца, як у нас справы, як здароўе. Прадуктаў у краме заўсёды хапае — на любы густ, а калі раптам нешта спатрэбіцца, ведаем, што можам замовіць, і яна абавязкова прывязе. Ні да крамы, ні да прадаўшчыцы прэтэнзій няма. Не бывае такога, каб машына не прыехала. Хіба што самі не пачуем, дык прадавец падыдзе, пастукае ў дзверы, каб не прапусцілі.


Да сябе ў сведкі яна кліча яшчэ аднаго пакупніка Уладзіміра Фарыну, той актыўна згаджаецца.
Алена Шуман працуе прадаўцом на ўнітарным прадпрыемстве “Крывіцкае РГП” ужо амаль два гады. Яна нарадзілася ў вёсцы Княгінін, з адзнакай закончыла Нарачанскае вучылішча па спецыяльнасці “прадавец”, атрымала вышэйшую катэгорыю. Працавала ў розных месцах, але заўсёды яны былі звязаны са спецыяльнасцю. Спачатку была загадчыцай крамы, затым працавала на аптова-гандлёвай базе, пасля — на птушкафабрыцы, у фірменнай краме і вось — у аўтакраме.
— Працую пяць дзён, выхадныя — чацвер і нядзеля. Вадзіцель забірае мяне недзе а палове восьмай. Адразу едзем у Княгінін. Там атрымліваем свежы хлеб, які кожны дзень прывозяць з Вілейскага хлебазавода. Як толькі ўсё складзём, адпраўляемся па маршруце. Стараемся працаваць якасна і хутка. Вадзіцель прыйшоў на працу каля двух месяцаў таму. Гэта надзейны чалавек. Часам дзіўлюся — на вуліцы мароз, мінус дваццаць пяць, а машына заводзіцца з паўабарота.
— Пакупнікі вас вельмі хвалілі…
— У мяне з людзьмі склаліся цёплыя і блізкія адносіны. Спатрэбіўся час, каб мы адзін
да аднаго прывыклі. Людзі тут вельмі адкрытыя і добрыя. Многія жывуць адны, мала з кім маюць зносіны. А я, калі прыеду, абавязкова пагавару, навінамі падзялюся. Не бывае такога, каб проста прыйшлі, купілі прадукты і пайшлі. Ім хочацца пагутарыць, летам, бывае, не адпускаюць нават. А зімой, як холадна, стараюся хутчэй паехаць, не крыўдзяцца — усё разумеюць. Хвалююцца за мяне, як за блізкага чалавека. Памятаю, у адпачынак пайшла, а калі вярнулася — мне былі так рады!
А калісьці ўдарыла нагу, дык мне 80-гадовы дзядуля тэлефанаваў у выхадны, пытаўся, як я.
— А прадуктамі ў краме жыхары заўсёды задаволены?
—Вельмі рэдка бывае так, што чагосьці не хапае. Калі моцныя маразы, можам не ўзяць гародніну, разумеем, што проста не давязём у належным выглядзе. І пакупнікам тлумачым, яны не скардзяцца. Тавар камплектуецца ў асноўным, зыходзячы з майго досведу. Я ўжо ведаю людзей, бачу, колькі і чаго купляюць. Таму даволі дакладна ўяўляю, колькі трэба хлеба, малака. Людзі прадукты звычайна купляюць адны і тыя ж. А калі патрэбна мне дапамога, наш таваразнаўца Таццяна Лазарэвіч заўсёды падкажа. Ды і дзяўчынкі на складзе вельмі адказныя. Патэлефаную ім, папярэджу, што хутка прыеду, яны тут жа ўсё падрыхтуюць: і тавар складуць, і дакументы выпішуць.


— Можа, бывалі выпадкі, калі прасілі нешта асаблівае?
— Хіба што аднойчы мужчына чырвоную ікру замовіў (смяецца). Звычайна заказваюць нешта перад святамі.
— Ці не стамляе, што цэлы дзень у раз’ездах?
— Ні кроплі! Пастаянны рух мне, наадварот, вельмі падабаецца. Пад’язджаю да дома, тэлефаную мужу, каб паставіў чайнік. Пап’ю кавы — і бягу назад у машыну. Бо, акрамя продажу прадуктаў, адказваю за афармленне дакументаў, складанне справаздач, праверку цэннікаў. А яшчэ за фасоўку тавару і ўборку. Я ж не магу паехаць раніцай у непадрыхтаванай машыне.
— Што самае важнае для вас у працы?
— Думаю, зносіны. Людзі ж розныя, кожны чымсьці цікавы, заўсёды даведваешся ад іх нешта новае. А яшчэ мне вельмі прыемна ім дапамагаць. Зрабіў камусьці добрае — адчуваеш такое задавальненне. Мне прыемна, калі магу камусьці дапамагчы. І сама шчаслівая, калі хтосьці мне падзякуе.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



15 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Сядзіба Максіма Танка  1-12 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси