“Аб доблесці, аб подзвігу, аб гонары”

Выстава пад такой назвай праходзіць у музеі народнай славы. Прысвечана яна 100-годдзю стварэння Узброеных Сіл. На ёй можна пабачыць узоры форменнага адзення і галаўных убораў ваеннаслужачых Узброеных Сіл і Ваенна-Марскога Флоту Савецкага Саюза, форму беларускіх вайскоўцаў, савецкія і беларускія дзяржаўныя ўзнагароды, знакі адрознення і многае іншае. Усё гэта прадставіў настаўнік Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі Валерый Хацяновіч.
У музеі наведвальнікі змогуць даведацца, як стваралася форма Чырвонай Арміі:
— Дэкрэт аб стварэнні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі быў зацверджаны 15 студзеня 1918 года, — расказвае навуковы супрацоўнік Валянціна Карзяёнак. — А 7 мая абвясцілі палажэнне аб конкурсе па ўстанаўленні формы абмундзіравання арміі. У распрацоўцы формы ўдзельнічалі такія вядомыя мастакі, як Васняцоў і Кустодзіеў. У ліпені 1918 года былі зацверджаны першыя адметныя знакі, якія паказваюць на прыналежнасць да Чырвонай Арміі: нагрудны знак і значок-кукарда на галаўны ўбор. За аснову новай формы ўзялі паходнае салдацкае абмундзіраванне рускай арміі.
Дарэчы, на выставе экспануюцца ўзоры форменнага адзення, пачынаючы з 1919 года.
Падчас экскурсіі можна дазнацца шмат цікавага пра форму. Скажам, пра тое, што ў студзені 1943 года ў Чырвонай Арміі адбылося апошняе радыкальнае змяненне знакаў адрознення па званнях — увялі пагоны. Раскажуць у музеі, што гэтыя знакі адрознення будуць выкарыстоўвацца да самага канца існавання Чырвонай (Савецкай) Арміі. Памяняюцца расфарбоўкі пагонаў, іх форма, размяшчэнне і колер нашывак, але ў цэлым сістэма адрознення ваеннаслужачых па званнях застанецца нязменнай. Сама сістэма адрознення пры дапамозе пагонаў была запазычана з войска дарэвалюцыйнай Расіі. Памеры, форма пагонаў цалкам паўтаралі пагоны царскай арміі, аднак колькасць і колер нашывак былі іншыя, і яны пазначалі іншыя званні.
Ёсць на выставе макет ваеннай формы ўдзельніка легендарнага Парада Перамогі, які прайшоў 24 чэрвеня 1945 года на Чырвонай плошчы ў Маскве Прымаў яго маршал Георгій Жукаў. Адметна, што 200 сцягоў і штандараў разгромленых нямецкіх частак байцы неслі ў чорных пальчатках. Так падкрэслівалі тое, што нават у рукі дрэўкі гэтых штандараў браць агідна. І кідалі іх на спецыяльны памост, каб яны не закранулі бруку Чырвонай плошчы. А ўвечары таго ж дня памост і ўсе пальчаткі спалілі.
На выставе можна таксама ўбачыць выцяжны, або стабілізуючы, парашут, Ваенна-марскі сцяг СССР і сцяг Ваенна-дэсантных войскаў. Прадстаўлены тут узоры ваеннай формы, узнагарод, нашывак Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Распавядаецца пра першых герояў нашай краіны: Уладзіміра Карвата, Дзмітрыя Гвішыані і Уладзіміра Тышкевіча.
— Валерый Сяргеевіч Хацяновіч — энтузіяст. Ён сваёй працай паказаў гісторыю Узброеных Сіл, пачынаючы з паслярэвалюцыйнага часу і заканчваючы сучаснасцю. За гэта яму — вялікі дзякуй, — дзеліцца ўражаннямі старшыня раённых арганізацый грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і «Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў» Юрый Мяркулаў. — Лічу, карысна прадэманстраваць моладзі гісторыю Узброеных Сіл, тое, якую форму насілі вайскоўцы. Увогуле гэта цікавы раздзел у гісторыі.


Працягнецца выстава да 15 сакавіка.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: фрагменты выставы.
Фота аўтара.



13 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 1-12 06-043 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела