Прыгоды машэраўцаў у партызанскіх лясах

Студэнты і выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава напярэдадні стагоддзя з дня нараджэння Пятра Міронавіча наведалі Мядзел. Біяграфія беларускага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча цесна звязана з нарачанскай зямлёй. Тут у часы Вялікай Айчыннай вайны Пётр Машэраў быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху. Дэлегацыя з Віцебска вырашыла пабываць на партызанскіх базах, дзе тады дыслацыраваліся народныя мсціўцы.

Пачалося падарожжа студэнтаў з Мядзельскага музея народнай славы, дзе іх прывітала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол. Яна адзначыла сімвалічнасць таго, што сустрэча і наведванне месцаў баявой славы праходзяць менавіта дваццаць трэцяга лютага — у Дзень абаронцаў Айчыны.
— Мядзельшчына — дзіўны, цікавы край, і мы вельмі ганарымся людзьмі, якія тут жывуць і жылі. І таму з вялікім задавальненнем пазнаёмім і вас з гісторыяй нашага раёна, — гаворыць Ганна Мікалаеўна.
У музеі для гасцей правялі экскурсію. Акрамя асноўнай экспазіцыі, была прадстаўлена дадатковая выстава “Аб доблесці, аб подзвігу, аб гонары”, прысвечаная 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пасля госці атрымалі сувеніры і друкаваную прадукцыю “Край таямнічы, азёрны”. Падковы на шчасце і абярэгі-падарожніцы прыйшліся дарэчы ў гэтым паходзе. Сувеніры былі падрыхтаваны Цэнтрам турызму, творчасці дзяцей і моладзі раёна, а зрабілі іх дзеці Нарачанскага краю.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Метадыст раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Севярын пажадала студэнтам і выкладчыкам захаваць найкаштоўнейшую ў жыцці якасць — вечную дапытлівасць, не задаволеную гадамі, што адраджаецца кожную раніцу (як казаў французскі пісьменнік Рамэн Ралан). А таксама несці ганаровае званне машэраўцаў, быць не проста карыснымі, але незаменнымі, і без праблем уліцца ў працоўныя калектывы.

У сваю чаргу студэнты ўніверсітэта падарылі музею сувенірную прадукцыю, прысвечаную стагоддзю з дня нараджэння Пятра Міронавіча, а таксама кнігу з яго біяграфіяй.
Але экскурсійная частка не абмежавалася толькі музеем — экскурсавод суправаджаў групу на працягу ўсёй паездкі па месцах баявой славы. Распавядаў пра падзеі, якія разгортваліся ў нашым раёне падчас Першай і Другой сусветных войнаў, пра партызанскі рух Вялікай Айчыннай вайны і дапаўняў ужо расказаныя гістарычныя звесткі аб Мядзеле цікавымі фактамі.
Студэнты наведалі помнік “Партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай”, дзе ўсклалі вянкі і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Перад гасцямі выступіў старшыня раённага савета ветэранаў, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Мяркулаў:
— Наша Радзіма больш за ўсіх пацярпела ў час Вялікай Айчыннай вайны. І мемарыялы ў памяць герояў і загінуушых ёсць у кожным раёне Беларусі. Наш помнік сімвалізуе баявы дух і самаадданасць, увекавечвае памяць пра партызанскія брыгады, якія ваявалі на тэрыторыі раёна. Ён усхваляе мужнасць і адвагу ўдзельнікаў. Назвы брыгад выгравіраваны на прыступках, і кожны, хто ўздымаецца да помніка, можа прачытаць іх. Я лічу, што гэта часцінка гісторыі не павінна знікнуць, і спадзяюся, што менавіта вы, педагогі, дапаможаце данесці яе будучым пакаленням.
Зрабіўшы памятнае фота ля помніка і нацешыўшыся з выдатнага зімовага пейзажу Нарачы, студэнты адправіліся да партызанскіх баз, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны базіравалася брыгада імя Варашылава і дзе размяшчаўся Вілейскі падпольны абкам камсамола, першым сакратаром якога быў Пётр Машэраў.
Да баз некалькі кіламетраў удзельнікі ішлі на лыжах. Некаторыя сталі на іх упершыню. У выніку паход ператварыўся ў сапраўдную прыгоду ў казачным зімовым лесе. У зямлянках студэнты змаглі адпачыць і паслухаць невялікі, але змястоўны аповед прадстаўніка раённага камітэта БРСМ Сяргея Багданава пра партызанскі рух. Бурныя абмеркаванні выклікаў спосаб ацяплення зямлянак — сухімі дрывамі, якія дымяць менш, чым сырыя. Студэнтаў вельмі цікавіла, як партызанам удавалася нарыхтоўваць іх у такіх умовах. Захапіла стварэнне лжывых зямлянак, а рабілі іх для таго, каб зменшыць шанцы траплення авіябомбаў у жылыя. А таксама пастак і траншэй, каб затрымаць ворага, калі той выявіць базу.
Сагрэўшыся гарачай гарбатай і падмацаваўшы сілы, дэлегацыя рушыла ў зваротны шлях. Закончыўшы лыжны паход, госці развіталіся з прадстаўнікамі раёна. Павезлі яны з сабой не толькі сувеніры, але і добрыя ўражанні і ўспаміны.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



13 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах        Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела