Надзейны тыл плюс зоркі на пагонах | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Надзейны тыл плюс зоркі на пагонах

23 лютага… Гэта свята мужчын, якія насілі або носяць ваенную форму. І наогул усіх мужных, дастойных і смелых мужчын… Але сённяшні расказ — пра жанчын, жонак афіцэраў, цяперашніх жыхарак Мядзела. І нездарма. Лёс у кожнай своеасаблівы, далёка не просты. Яны, як нітка за іголкай, ехалі за мужамі ў розныя кропкі былога Саюза і нават далёка за яго межы. Пакавалі чамаданы, абжывалі новыя і не вядомыя раней месцы, стваралі ўтульнасць, гадавалі дзетак, раздзялялі складанасць ваеннай службы. Словам, былі надзейным тылам, апорай, падтрымкай. У поспехах мужоў, у прыбаўленні зорак на пагонах ёсць і іх немалая заслуга.
Вірынея Мікалаеўна — жонка падпалкоўніка Віктара Барысеева. Яна — ураджэнка суседняга раёна. З будучым мужам, маладзенькім лейтэнантам з Украіны, пазнаёмілася на танцах у Пастаўскім Доме афіцэраў. Музыка вальса закружыла галаву, зачаравала сэрцы абоіх. Сустракаліся, сябравалі нядоўга — прыйшоў загад аб перамяшчэнні Віктара на новае месца службы — ва Узбекістан. Перад закаханымі паўстаў выбар: альбо зарэгістраваць шлюб і паехаць разам, альбо невядома колькі часу абменьвацца галубамі-пісьмамі…
Выбралі першае. І не памыліліся. Іх каханне аказалася надзейным. На доўгія гады. Прыбавілася радасць, калі там, ва Узбекістане, нарадзіўся сын Віцюша. Малышу споўніліся два з паловай гады, і Барысеевы па загадзе камандавання пачалі рыхтавацца да новага месца службы ў Чэхаславакіі, адтуль — у Кіеў. Дарэчы, у Кіеве Віктар Барысееў закончыў Вышэйшае ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча. Нарадзіўся другі сын Коля, а змены месца жыхарства працягваліся. На гэты раз чакала выкладчыцкая праца ў Васількоўскім авіяцыйна-тэхнічным ваенным вучылішчы, затым — адпаведная работа ў Лівіі.
Спытаем пра цяжкасці? Вірынея Мікалаеўна кажа: “За любімым мужам мне было хоць на край свету. Маладосць, рамантыка, таму цяжкасці не палохалі. Узаемаразуменне, сямейная згода — вось што галоўнае”. Працавала яна, дзе было месца: і настаўніцай, і поварам, і карэктарам у газеце, на іншых пасадах. Уваходзіла ў склад жаночага Савета, наведвала маладыя сем’і, клапацілася пра іх быт і маральны клімат. І сваіх дастойных сыноў выхавала. Такіх, як і бацька.
***
Яўгенія Уладзіміраўна — жонка маёра Вячаслава Гардона. Абое з Мядзельшчыны, былі аднакласнікамі, сябравалі ледзь не з дзяцінства. Пасля заканчэння Пузыроўскай школы паступілі на вучобу: Слава — у Вільнюскае радыётэхнічнае ваеннае вучылішча, Жэня набыла прафесію бухгалтара. Пасля вучобы — сустрэча: высокі, статны малады чалавек у ваеннай форме, з зоркамі лейтэнанта на пагонах, і расквітнеўшая, надзвычай прыгожая дзяўчына. Яшчэ мацней, чым раней, успыхнула каханне, згулялі вяселле. І вось яны, муж і жонка Гардоны, па абавязку ваеннай службы накіроўваюцца ў “падарожжы”, пра якія не снілася нават. А гэта — Кастрама, Мардовія, Азербайджан, Якуція, Зямля Франца Іосіфа, Крым…
— Жылі на так званых ваенных кропках, удалечыні ад населеных пунктаў,— расказвае Яўгенія Уладзіміраўна. Туліліся і ў пакойчыках казармы, і на агульных кухнях. Не было належных бытавых умоў. Мэбля — салдацкія ложкі, сталы, тумбачкі. Жонкі ваеннаслужачых — прадстаўніцы многіх нацыянальнасцей. Нягледзячы на гэта, згуртаваліся, сябравалі, жылі агульным клопатам пра мужоў і дзяцей. Калі можна так сказаць — належным чынам забяспечвалі тыл.
Якія ўражанні засталіся ў памяці жонкі афіцэра? Самыя розныя. Адно з іх — незвычайнай прыгажосці паўночнае ззянне, калі цёмнае неба палала яркім рознакаляровым убраннем. А яшчэ ўзгадваецца, як пасля водпуску вярталіся да месца службы: у Мінску ўзялі білеты на вячэрні цягнік, днём прайшліся па сталічных магазінах, спыніліся адпачыць у сястры, якая з сям’ёй жыла тут. І раптам… Выклік машыны “хуткай дапамогі”, радзільны дом, раней тэрміну з’яўленне на свет двойні — хлопчыкаў Паўлушы і Андрушы. З малымі, якім трэба было набрацца сіл, пэўны час давялося правесці ў бальніцы, пасля — у сястры. Шчаслівы тата пазваніў у часць, на некалькі дзён затрымаўся ў Мінску, але павінен быў спяшацца да месца службы. На падмогу прыехала бабуля з Пузыроў. Ледзь-ледзь акрэплі малышы — і маладая мама з адным на адной, з другім на другой руцэ хлопчыкамі паехала ў ваенную часць, да мужа.
Ну што сказаць тут? Дзекабрыстка? Ці любячая, самаадданая Любаша, жонка Аляксея Трафімава з кінафільма “Афіцэры”, які сям’я зноў і зноў глядзіць з задавальненнем, і кожны раз — з замілаваннем, з ручаямі слёз. Унук генерала Трафімава (па фільму) — суворавец Ванюшка. А які ж лёс маленькіх Пашы і Андрушы Гардонаў? Яны выраслі, закончылі вышэйшыя навучальныя установы. Адзін з іх стаў таксама ваенным, мае званне падпалкоўніка.
***
Валянціна Віктараўна — жонка палкоўніка Анатолія Кандрашкіна. Абое родам з Паволжжа, з Ульянаўскай вобласці. Вучыліся ў паралельных класах. У 1972 годзе пажаніліся. Толя закончыў Казанскае Вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча і быў накіраваны куды? У Беларускую ваенную акругу! І менавіта тут прайшла ўся яго афіцэрская служба.
— Першы наш адрас — Станькава Дзяржынскага раёна, — расказвае Валянціна, — затым — Маладзечна, Нясвіж. У Мядзеле Анатолій Міхайлавіч узначальваў раённы ваенны камісарыят, а напрыканцы службы быў Мінск. Лічу, што служба, жыццё наша выдаліся шчаслівымі. Чаму? Такая прыгожая Беларусь, такія цудоўныя людзі! Праўда, мы былі далёка ад сваіх родных і блізкіх, але ездзілі да іх у водпуск, яны да нас прыязджалі. І таксама былі ў захапленні ад Беларусі.
Пасля звальнення ў запас Кандрашкіны засталіся ў Мядзеле. Кажуць, што назаўсёды. У Мінску з сям’ёю жыве сын, але з вялікім задавальненнем прыязджае сюды, дзе лясы, азёры і чыстае паветра. А ўнучка-студэнтка гатова ўсе канікулы праводзіць у бабулі і дзядулі.
Валянціна Віктараўна шмат год працавала ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яе многія добра ведаюць. Абаяльная, добразычлівая, спагадлівая. Мо ад прыроднага характару, мо ад разумення таго, што жонцы ваеннага нельга быць іншай.

В. ЯФІМАВА.



09 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра 1-12 _dsc1133-3 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси