І нарцысы ад Таццяны Адамовіч | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

І нарцысы ад Таццяны Адамовіч

Напісаць пра Таццяну Адамовіч параіла пры сустрэчы намеснік старшыні праўлення райПО па кадрах і ідэалагічнай рабоце Таццяна Крыштопа.
— І па рабоце да Тані няма пытанняў, і ў грамадскім жыцці актыўна ўдзельнічае, — паведаміла Таццяна Іосіфаўна. — Вельмі лёгкая на пад’ём. Патрэбна прадставіць каманду на спартыўных спаборніцтвах па сістэме спажывецкай кааперацыі — Таццяна ў першых радах. Неабходна падрыхтаваць нумары мастацкай самадзейнасці — зноў жа выручае.
У 2013 годзе пасля заканчэння Мінскага гандлёвага каледжа прыйшла дзяўчына ў райПО. Адразу была справаводам, пасля — інспектарам. А зараз — спецыяліст I катэгорыі. Працуе ў аддзеле кадраў. Як расказалі калегі, Таня практычна з першых дзён улілася ў калектыў. Хутка асвоілася і са сваімі службовымі абавязкамі. А ўвогуле яна — чалавек адказны, добрасумленны і вельмі старанны. Завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Дарэчы, заканчвае яго сёлета.
Таццяна — ураджэнка Мядзельшчыны. У сістэме спажыўкааперацыі раёна працуе таксама і яе мама, Алена Віктараўна. Яна — прадавец магазіна “Прадукты” ў аграгарадку Нарач.
Са спортам Таня сябруе яшчэ са школы, а заканчвала яна Нарацкую СШ №1.
— Наша каманда пастаянна ўдзельнічае ў абласных спаборніцтвах па валейболе па нашай сістэме, — расказвае. — Я — таксама ў яе складзе. Люблю гэты від спорту. Стараемся гуляць зладжана, а таму ёсць і вынікі. У 2014, а таксама ў 2015 годзе занялі другое месца ў вобласці. Дадому вярнуліся з кубкамі. І ў спаборніцтвах па мнагаборстве наша каманда сябе нядрэнна паказвае. Вызначыліся прадстаўнікі райПО і ў гіравым спорце, дзе занялі першае месца.
Ёсць у Таццяны і захапленне. Вельмі прыгожыя нарцысы з паперы робіць дзяўчына. Упрыгожваюць гэтыя дзівосныя кветкі і кабінет, у якім працуе. Здалёку нават не скажаш, што яны не сапраўдныя, папяровыя. Мне асабіста, калі ўпершыню ўбачыла, вельмі захацелася падысці бліжэй да стала, каб разгледзець іх лепш. Зацікавілася я і вазачкай, у якой стаялі кветкі. Як даведалася, яе таксама прынесла Таццяна.
— Ды нічога тут незвычайнага няма, — падкрэсліла яна. — Кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Вунь колькі ўсяго можна пабачыць у інтэрнэце, было б толькі жаданне. Менавіта там адшукала, як зрабіць з паперы нарцысы. А такія вазы рабілі яшчэ ў школе. Выкарыстоўвалі для гэтай мэты звычайны шкляны посуд з-пад кавы, на які зверху надзявалі чахол, звязаны з нітак. Атрымлівалася прыгожа і арыгінальна.
— Можа, хто з тваіх блізкіх чымсьці таксама займаецца? — пытаюся.
— Шмат што ўмее і сястра Людміла, — кажа мая суразмоўца. — Лічу, што ў яе ўвогуле залатыя рукі. Яна, калі вучылася на чацвёртым курсе ўніверсітэта, сама рабіла паштоўкі. Вельмі прыгожыя яны атрымліваліся. Такіх арыгінальных, вядома, у магазіне не купіш. Расказвала, што ўсе, каму іх дарыла, заставаліся вельмі задаволеныя.
Мяне асабіста парадавала, што сярод моладзі сустракаюцца актыўныя, неабыякавыя людзі, якія і ў працы імкнуцца сябе праявіць, і ў грамадскім жыцці таксама.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



08 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры 0-170 від на Мядзел 0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси