Шчасце чакала ў Княгініне | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Шчасце чакала ў Княгініне

У народзе кажуць, што калі нараджаецца чалавек — загараецца на небе зорка. Яна накіроўвае яго па жыцці, асвятляе шлях. Таццяну Святоху яе зорка прывяла ў Княгінін. Ніколі не думала дзяўчына з Валожыншчыны, што менавіта гэты населены пункт пасля любых Загорцаў стане для яе таксама родным.
Пасля заканчэння Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума Белспажыўсаюза ў 1991 годзе накіравалі Таню бухгалтарам у аптова-гандлёвую базу райспажыўсаюза, якая знаходзілася ў Княгініне. З першых дзён самастойнай працы яна імкнулася паглыбіцца ў спецыфіку работы, старанна адносілася да службовых абавязкаў. Пакрысе і з мясцовымі жыхарамі знаёмілася. Свайго будучага мужа Валерыя дзяўчына ўпершыню ўбачыла ў клубе, куды пайшла з сяброўкай Людмілай у кіно. Хлопец таксама быў не адзін. Прыглянуліся яны адзін аднаму практычна з першага позірку, аднак узаконьваць узаемаадносіны не спяшаліся. У 1995 годзе згулялі вяселле. Адразу жылі з бацькамі мужа.
— Раіса Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч, — расказвае Таццяна Тамашаўна, — вельмі добрыя, шчырыя людзі. Прынялі мяне як сваю, ва ўсім дапамагалі. Нездарма іх з першых дзён сумеснага жыцця стала называць мамай і татам. Яны і цяпер — нашы найлепшыя сябры. Калі нарадзіўся Яўген, мы тады яшчэ жылі разам, матуля мужа раздзяляла са мной усе клопаты па дому, па доглядзе малыша. Без яе я, напэўна, не справілася б. Пасля мы купілі свой дом. Ужо там у нас другі сын нарадзіўся — Сяргей. Валерый таксама вельмі добры чалавек: клапатлівы сын, муж, бацька нашых дзяцей. З ім лёгка і проста. Паважае маіх бацькоў. Да таго ж, і спецыяліст выдатны. Працуе на газанапаўняльнай станцыі.
Калі ў 2000 годзе ў Княгініне закрылася аптова-гандлёвая база, Таццяне прапанавалі работу ў сельскім выканаўчым камітэце. З таго часу яна тут і працуе. Пачынала бухгалтарам. Зараз яна — старшы інспектар. Займаецца выкананнем працэдур па прынцыпе “адно акно”, па пашпартным стале і некаторых іншых. Замяняе пры неабходнасці і кіраўніка справамі сельвыканкама. Жанчына добра ведае мясцовых жыхароў, да вырашэння ўсіх пытанняў падыходзіць добрасумленна і адказна. Ва ўсім любіць парадак: і на рабоце, і дома.
— Таццяна Тамашаўна — чалавек, якому можна смела даць любое даручэнне і быць упэўненым, што яно будзе выканана так, як трэба. Яна ніколі не падвядзе. Гэта чалавек слова, — кажа пра калегу старшыня Княгінінскага сельвыканкама Вольга Галко. — Пастаянна працуе ў складзе камісій на выбарах розных узроўняў. Увогуле гэта выдатны спецыяліст і шчыры, неабыякавы чалавек. Яна — добрая жонка, маці, дачка, нявестка. Дапамагае і словам, і справай бацькам мужа. І пра сваіх бацькоў, якія жывуць у Валожынскім раёне, не забывае. Пастаянна ім тэлефануе, цікавіцца здароўем. Праўда, ездзіць да іх не так часта, як хочацца.
Як прызнаецца мая суразмоўца, яе надзейная падтрымка — любячы муж, сыны, сёстры Марыя, Ядвіга, Алена, з якімі падтрымлівае шчырыя ўзаемаадносіны, а таксама бацькі — свае і мужа. Старэйшы сын атрымаў вышэйшую адукацыю, зараз праходзіць тэрміновую ваенную службу, а малодшы — яшчэ школьнік. Мае жанчына надзейных сябровак, добрыя ў яе і суседзі.
Ёсць у сям’і Святохаў уласная падсобная гаспадарка, дзе ўсе дружна шчыруюць. З задавальненнем вырошчвае Таццяна кветкі. З вулічных яе самыя любімыя — лілеі і ружы. А яшчэ яна — выдатная гаспадыня. Добра гатуе, пячэ пірагі, тарты. Найбольш падабаюцца яе блізкім галубцы, клёцкі, дранікі, пельмені, чабурэкі, беляшы, іншыя стравы, якімі з нагоды і без яе радуе яна сваіх родных. Вядома, яны вельмі смачныя, зусім не такія, як набытыя ў краме.
Вось такая жанчына, прыгожая і тварам, і душой, жыве ў аграгарадку Княгінін. Радуецца кожнаму пражытаму дню, з верай і надзеяй сустракае наступны, які, спадзяецца, будзе лепшым за папярэдні.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



08 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах        на Блакітных азёрах        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси