Статус удзельніцы вайны ўстаноўлены!

Як паведамляла ўжо раённая газета “Нарачанская зара”, напрыканцы мінулага года на пасяджэнні камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь жыхарка Княгініна Варвара Клімовіч прызнана ўдзельніцай партызанскага руху. А ў лютым з гэтай нагоды ў дом да пенсіянеркі прыехалі шматлікія госці з райцэнтра: прадстаўнікі раённага ваеннага камісарыята, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Таксама завітаў з Мінска педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік гуртка “Баявы-177” школы № 177 Першамайскага раёна г. Мінска Яўген Антановіч, дзякуючы энтузіязму і неабыякавасці якога і была распачата вялікая праца па ўзнаўленні справядлівасці. Разам з ім прыбылі раздзяліць з Варварай Фёдараўнай яе радасць педагог сацыяльны названай установы адукацыі Марына Ермалаева, удзельніца гуртка “Баявы-177” Лізавета Коўзелева, а таксама Яўген Жукаў, які падчас вучобы ў школе прымаў непасрэдны ўдзел у пошукавай рабоце.
Першым прывітаў жыхарку Княгініна ваенны камісар раёна Алег Радкевіч, які ўручыў ёй пасведчанні партызана Беларусі і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Разам з гэтымі дакументамі атрымала жанчына памятны знак “Партызан Беларусі” і медаль “100 год Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”.
Павіншавала Варвару Фёдараўну са статусам удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны старшыня Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта Вольга Галко і ўручыла ёй букет кветак.
Меў слова і Яўген Антановіч. У прыватнасці, Яўген Уладзіміравіч расказаў, якім няпростым і доўгім быў пошук справядлівасці, бо з прычыны памылак, дапушчаных у справаздачах партызанскім сакратаром, ніяк не ўдавалася ўстанавіць прыналежнасць Варвары Клімовіч (дзявочае прозвішча Падбярэзская) да ўдзелу у партызанскім руху. Давялося звяртацца ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, у занальны архіў у Маладзечна, нават у раённы суд, дзе і быў пацверджаны факт знаходжання Варвары Фёдараўны ў вызначаны перыяд у партызанскім атрадзе імя Будзённага ў якасці сувязной. Канчатковае слова ў гэтай гісторыі было, вядома, за камісіяй па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая, як ведаем, прыняла станоўчае рашэнне. Кіраўнік пошукавага гуртка выказаў удзячнасць раённаму ваеннаму камісарыяту, органам мясцовай улады за разуменне і падтрымку, падзякаваў і сыну Мікалаю, які не апусціў рукі і давёў пачатую справу да канца.
Павіншавалі Варвару Фёдараўну з прысваеннем ёй статуса ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны старшыні раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Юрый Мяркулаў і Валянціна Стрэж. Уручылі яны і падарункі. А начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Габрусенак расказала пра льготы, якімі цяпер можа карыстацца жанчына.
Радасцю свяціліся вочы сына Мікалая Кайтанавіча, нявесткі Ларысы Іосіфаўны, унука Ільі, яго жонкі Алёны, праўнука Мацвея. Яны ўсе з павагай і гонарам глядзелі на матулю, бабулю і прабабулю і цешыліся, што, нарэшце, праз многія дзесяцігоддзі мірнага жыцця праўда ўзяла верх. А значыць, удзел іх роднага чалавека ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны не знікне бясследна ў часе, а будзе жыць у памяці нашчадкаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



09 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай возера Мястра 223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси