Навука навук

З ТАКІМ перакананнем жыве і працуе настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ірына Алексіевіч. А калі чалавек у нечым упэўнены, то будзе несці светач сваіх перакананняў праз усё жыццё, працаваць так, каб няпростая навука для школьнікаў ператварылася ў радасны занятак. У кожнага настаўніка свой педагагічны лёс, свой шлях да сэрцаў дзяцей, свая дарога да педагагічнага майстэрства. Нельга сказаць, што ў некага яна лёгкая і бязвоблачная — усе прабіраюцца праз церні, шукаюць і знаходзяць, губляюць і ідуць
наперад, да новых вяршынь. А вось Ірына Генадзьеўна, як яе называюць вучні і калегі, толькі робіць першыя крокі па гэтай дарозе.
У 2011 годзе дзяўчына закончыла Старагабскую школу і паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці “матэматыка і інфарматыка”. Студэнцкія гады хутка праляцелі. І вось Ірына зноў пераступае парог роднай школы. На гэты раз не ў якасці вучаніцы, а ў якасці педагога.
— Не боязна было? — пытаюся.
— Безумоўна, вельмі хвалявалася. Але дарэмна. Прынялі прыязна, добразычліва. Былыя мае настаўнікі сталі калегамі. Яны дапамаглі хутчэй адаптавацца. Падчас вучобы была ў нас вытворчая практыка ў школах. Там крыху набралася вопыту. А тут вельмі ўдзячна дырэктару Таццяне Мікалаеўна Уласавец, яе намесніку Івану Часлававічу Босаму. Менавіта яны вучылі, як запаўняць журналы, іншыя дакументы, — чую ў адказ.
— А хто прывіў любоў да матэматыкі? Што ці хто паўплываў на выбар прафесіі? — цікаўлюся ў педагога.
— Матэматыка мне падабалася яшчэ ў школе. Выкладалі яе Ганна Іванаўна Сліж, зараз яна вядзе фізіку, малады спецыяліст Сяргей Сяргеевіч Пуня. Яшчэ ў школе працаваў матэматык Міхаіл Іосіфавіч Качарго. Ён часта «падкідваў» нам цікавыя задачкі, — расказвае Ірына Генадзьеўна. — На тое, што стала настаўнікам матэматыкі, значны ўплыў аказаў тата. Ён пераконваў, што матэматыка спатрэбіцца ўсюды: у бухгалтэрыі, у школе, на будоўлі. Зараз сама разумею, што свет будуецца на лічбах. Упэўнена, што з матэматыкай не прападзе ні адзін чалавек. Яна ёсць паўсюдна…
Прыемна чуць такія разважанні маладога педагога, які толькі распачынае свой працоўны шлях.
— Не думала, што вярнуся ў сваю школу, дзе ўсё блізкае, знаёмае, роднае. Але так распарадзіўся лёс. Ніколькі не шкадую, — працягвае размову гэта абаяльная дзяўчына. — Працаваць з дзецьмі вельмі цікава. Сама маладая, таму разумею іх. Выкладаю ў 5, 7, 8 і 10 класах матэматыку, а таксама інфарматыку.
— Вольны час. Як яго бавіце?
— Чытаю кнігі. Любоў да іх таксама ад таты. Яшчэ захапляюся танцамі. Таму і ў школе з дзецьмі рыхтуем танцавальныя нумары. Не цураюся спорту, — адказвае Ірына Алексіевіч.
— Дзеці яе вельмі любяць, — кажа намеснік дырэктара Іван Часлававіч. — «Наша Ірына Генадзьеўна», — пачуеце вы цёплае ад нашых школьнікаў… Яна сапраўды іх настаўнік, таму што любіць іх бязмерна, простая ў абыходжанні, шчырая і адкрытая, такая — якая ёсць.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ірына Алексіевіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.



08 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 img_4257 Царква ў Крывічах возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси