Дата нараджэння — 8 сакавіка | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Дата нараджэння — 8 сакавіка

НАШЫ падвоеныя віншаванні і пажаданні — жыхаркам азёрнага краю, якім выпала нарадзіцца ў Дзень жанчын. Тром з іх мы адрасавалі і наступныя пытанні…
1. Як гэта: адначасова адзначаць галоўнае жаночае свята і дзень нараджэння? Добра ці дрэнна?
2. Які ў вас любімы месяц — выпадкова, не сакавік?
3. Чаго сёлета чакаеце ад Дня жанчын і ад вясны ўвогуле?
4. Чаго пажадаеце ўсім жанчынам з нагоды 8 Сакавіка?

 

Раіса БУКАЕМСКАЯ, кладаўшчык Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.
1. Можа, і не зусім добра: нарадзілася б у іншы дзень — падарункаў атрымлівала б удвая больш (усміхаецца). А калі сур’ёзна, не думаю, што гэта ўвогуле мае значэнне. Нарадзіўся ў свята ці не — па вялікім рахунку, нічога ад таго не зменіцца.
2. Не, не сакавік. Я больш лета люблю: цёпла, добра. І ў Сэрвачы пакупацца можна, калі надвор’е дазваляе.
3. Сёлета святкаваць дакладна не будзем: на тое ёсць важная прычына. Хаця і ўвогуле застолляў звычайна не робім.
…А самым памятным быў восьмы дзень сакавіка 1988 года. Тады з мужам-афіцэрам мы служылі ў Чэхаславакіі. Якраз на галоўнае жаночае свята (і вядома, мой дзень нараджэння) паехалі ў Карлавы Вары. Усё было цудоўна: і прырода, і адпачынак, і настрой, і падарункі.
…Чаго чакаю ад вясны? Лета!
4. Здароўя.

Жанна КАЗУРА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага садка аграгарадка Нарач.
1. Адразу і не скажаш.
З аднаго боку, у большасці жанчын — два святы: дзень нараджэння і 8 Сакавіка, а ў мяне — толькі адно. Быццам бы, дрэнна.
З іншага боку… Мужчынам большасці жанчын двойчы трэба думаць, як павіншаваць, што падараваць. А маім мужчынам (мужу, двум сынам, унуку) такі клопат выпадае раз на год.
Ну і калі разважаць пра фінансавы бок пытання… Мужам жанчын, якія святкуюць дзень нараджэння і 8 Сакавіка ў розныя дні, двойчы даводзіцца выдаткоўваць грошы на падарункі. А бюджэт жа агульны — сямейны.
Так што не магу сказаць, добра гэта ці дрэнна — адначасова адзначаць два святы. А вось што зручна — дакладна.
Звычайна мне дораць карысныя рэчы. Спатрэбілася мультыварка — атрымала яе ў свой дзень нараджэння. Неяк патрэбны былі каструлі — і яны з’явіліся ў мяне акурат 8 сакавіка. Добрыя падарункі, і карысць ад іх для ўсёй сям’і. Але заўсёды найбольш радуюся кветкам. Бо ўсё астатняе жанчына і сама можа набыць. А кветкі сама сабе купляць не пойдзеш.
2. Сакавік — пачатак вясны, абуджаецца прырода, ды і самі мы быццам прачынаемся ад зімовай спячкі… І сонейка грэе па-іншаму, і жыць хочацца! Сакавік — добры месяц.
Але ўсё ж самы любімы — май! Усё зелянее, квітнее. Пачынаецца праца ў гародзе — яна мне вельмі падабаецца.
3. Восьмага сакавіка звычайна збіраемся разам, прыязджаюць госці, сядзім за сталом. Потым, калі надвор’е дазваляе, усе — і дарослыя, і дзеці — ідзём катацца з гары (у Ляшчынску жывём, там ёсць высокая гара). Думаю, так будзе і сёлета — абы толькі ўсе здаровыя былі і надвор’е не перашкодзіла.
…Чаго чакаю ад вясны ўвогуле? Міру і згоды, спакою, добрага настрою, каб людзі былі лагоднымі, з разуменнем ставіліся адзін да аднаго — але гэта патрэбна не толькі вясной, а заўсёды. А што да вясны — то няхай хутчэй прыходзіць!
4. Усім жанчынам пажадаю шчасця, дабрыні, спакою, сямейнага дабрабыту, здароўя. Мудрасці, цярпення — каб не прымаць неабдуманых рашэнняў. Грошай (хоць іх у любым выпадку на ўсё не хопіць, але трэба пажадаць).

 

Любоў БУМБІЧ, жыхарка вёскі Альсевічы (мы сустрэліся ў Сватках, дзе Любоў Пятроўна зімуе ў дачкі)
1. Не ведаю, што і адказаць. У маім дзяцінстве і маладосці не адзначалі ні 8 Сакавіка, ні дні нараджэння. Святкаваць пачала, як дочкі павырасталі ды замуж павыходзілі. Яны ўжо сталі мяне віншаваць, падарункі дарыць. У Веры, дачкі, свякроў настаўніцай у Сватках была — таксама падарункі дарыла, віншавала мяне.
А ў дзяцінстве не да святкаванняў было. Не дай Бог, як гадаваліся! Я з Брусоў: нашу вёску і бамбілі, і палілі…
2. Месяц — усё роўна які, няма любімага.
Якраз у сакавіку (не памятаю толькі, каторага чысла) Брусы бамбілі. Амаль уся наша сям’я тады на тыф хварэла. Толькі меншая сястра, брат (з 1930-га года) і я — не. Пайшла я па малако для хворых — не да суседзяў, далёка. Самалёты ляцяць, бамбяць — а я як нічога ніякага: не разумела, што робіцца. Прыйшла дамоў, а ў хаце і вокны пасыпаліся ўжо. Прыбеглі мамін брат і татавай сястры сын — каня запрэглі, хворых на воз паклалі, кажухамі, коўдрамі накрылі, вывезлі за гумно, каня выпраглі… А як паляцелі самалёты (пэўна, усе бомбы выкінулі) — павезлі хворых у дзедаву хату. Пад вечар — зноў самалёты… Але, дзякуй Богу, з нашых ніхто не загінуў: ні як бамбілі, ні блакадай.
3. Госці будуць: прыедуць зяцева сястра, мая другая дачка, унукі, праўнукі. Пяцёра праўнукаў ужо маю! А ўнучка адна аж у Ізраілі замужам.
Восьмага сакавіка мне споўняцца 83 гады.
…Як пацяплее, настане сапраўдная вясна, паеду дадому — у Альсевічы.
4. Жадаю, каб усе здаровыя былі. Каб усім добра жылося, каб вайны не было.

Падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.



08 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры dsc_5774-3 Царква ў Крывічах 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси