У палоне зімовай спячкі

ІНЖЫНЕРНЫМ службам гаспадарак раёна давялі заданне — паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку, якая будзе працаваць на яравым палетку, да 1 сакавіка. Але справіліся з ёй далёка не ўсе. У гэтым мы пераканаліся, наведаўшы 5 сакавіка ААТ «Пруднікі-Агра». На тэрыторыі машыннага двара ў Княгініне сустрэлі галоўнага інжынера таварыства Ігара Шаблоўскага і начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэя Марозава.
— Як справы? Ці гатова тэхніка да веснавых палявых работ? — цікавімся ў інжынера.
— Часткова гатова, але не ўся, — чуем у адказ. — Адрамантавалі чатыры плугі. Два пасяўныя агрэгаты, лічыце, гатовы.
— Вось, бачу, завіхаюцца рамонтнікі ля глебаапрацоўчага агрэгата «АКШ», — працягваю размову.
— Так, за пару дзён, думаю, давядзём да ладу і яго, — адказвае Ігар Мечыслававіч. — Чызельныя культыватары гатовы да выхаду ў поле, сеялкі «СПУ» і «СЗ» таксама адрамантаваны…
— А чым будзеце ўносіць у глебу мінеральныя ўгнаенні? — пытаюся.
— Пакуль яшчэ няспраўныя агрэгаты для ўнясення тукаў «МВУ» і «РДУ», — адказвае інжынер.
Да гэтага часу не адрамантавана энергетычная ўніверсальная малагабарытная машына «Раса», прызначаная для ўнясення цвёрдых і вадкіх мінеральных угнаенняў, а таксама гербіцыдаў. Менавіта гэту тэхніку, дзякуючы яе канструкцыйным асаблівасцям, пачынаюць эксплуатаваць дбайныя гаспадары з ранняй вясны. А тут, па ўсёй бачнасці, не вельмі спяшаюцца давесці яе да ладу.


У рамонтнай майстэрні стаяць паўдзясятка трактароў, пагрузчык.
— Што, усе яны няспраўныя? — цікаўлюся.
— Да трактара «МТЗ-1221» матор знаходзіцца ў рамонце ў ААТ «Мядзелаграсэрвіс». Да аднаго “МТЗ-82” няма масла, каб заліць у матор, а другі, здаецца, спраўны. Пагрузчык прастойвае з прычыны таго, што зняты размеркавальнік і завезены на рамонт у Мінск. «МТЗ-3022» спраўны, а стаіць у майстэрні таму, што прыцягнулі падварыць прычэп, — спрабуе патлумачыць Ігар Мечыслававіч.
Як бы там ні было, а заданне па пастаноўцы тэхнікі на лінейку гатоўнасці да 1 сакавіка механізатары ААТ «Пруднікі-Агра» не выканалі.
— Што з’яўляецца асноўнай прычынай гэтага? — пытаемся ў інжынера.
— У першую чаргу, лічу, недахоп фінансавых сродкаў, — чуем у адказ.
— У іншых гаспадарках таксама грошы з неба не сыплюцца, але там змаглі значна лепш падрыхтаваць тэхніку. Што можаце сказаць у сваё апраўданне?
У адказ — толькі цішыня.
Недахоп грашовых сродкаў для рамонту — адна справа. А вось каб у мехмайстэрні навесці элементарную чысціню і парадак, вялікіх выдаткаў не трэба. Гэта яўны пралік інжынернай службы.
Зазірнулі мы ў мехмайстэрню, якая знаходзіцца ў Прудніках. Тут таксама няспраўныя два трактары — «МТЗ-1523» і «МТЗ-952».
— На першым выйшла са строю пярэдняя бартавая сістэма. Запчасткі заказалі, чакаем, калі прывязуць. На другім неабходна было замяніць сальнік каленвала. Механізатар справіўся з гэтай задачай і зараз заканчвае рамонт, — гаворыць Ігар Мечыслававіч.
Увогуле, пасля знаёмства з ходам падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі складваецца ўражанне, што для хлебаробаў з «Пруднікаў-Агра» вясна прыйдзе на месяц пазней. Яна пачакае, пакуль тут прачнуцца ад зімовага сну.


А прыклад ім ёсць з каго браць — з суседзяў, механізатараў ААТ «Сваткі». Інжынерная служба, якую ўзначальвае Уладзімір Кайко, прыклала максімум намаганняў, каб у вызначаны тэрмін паставіць на лінейку гатоўнасці глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку. Роўнай шарэнгай стаяць адрамантаваныя і пафарбаваныя дыскатары, плугі, сеялкі, культыватары, агрэгаты для ўнясення цвёрдых і вадкіх мінеральных угнаенняў, арганікі, падбору камянёў і іншыя сельскагаспадарчыя прылады. Тут не спасылаюцца на фінансавыя цяжкасці, а вышукваюць рэзервы і робяць справу. Менавіта таму сваткаўскія хлебаробы заўсёды ў ліку першых заканчваюць веснавую сяўбу, атрымліваюць някепскія ўраджаі, уносяць важкі ўклад у агульны каравай Мядзельшчыны.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



07 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Вострым пяром

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Царква ў Слабадзе 06-043 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела