Нарацкія даследчыкі – лепшыя!

НА фотаздымку на першай старонцы — без усялякай лішняй сціпласці — вядомыя на ўзроўні рэспублікі людзі: уладальніца дыплома І ступені ХХІІ Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў у секцыі “Біялогія” Анастасія Вінаградава і яе настаўніца Таццяна Пракоп. І калі для адзінаццацікласніцы Нарацкай СШ №2 узнагарода такога ўзроўню — у першы раз, то Таццяна Уладзіміраўна не бярэцца ўжо назваць колькасць пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, якіх яна рыхтавала. Памятае толькі, што пяцёра з іх сталі ўладальнікамі прэзідэнцкіх прэмій.
— Лічу, што ў большай ступені гэта ўсё ж такі заслуга дзяцей, — сціпла зазначае настаўнік і тлумачыць: — Падрыхтаваць вучняў — гэта яшчэ не ўсё. Здараецца, што і тэма цікавая, і работа грунтоўная, а абараніць яе аўтар не змог. Уменне справіцца з хваляваннем, адказаць на дадатковыя пытанні, не разгубіцца, даказаць журы сваю зацікаўленасць — гэта ўжо праяўленне асабістых якасцей канкурсантаў.
Ёсць у Таццяны Уладзіміраўны і свая статыстыка. Яна заўважыла, што дзесьці з дзясятка зацікаўленых (алімпіяднікаў, гурткоўцаў, з якімі даводзіцца займацца) зорачкамі становяцца адзін-два вучні, якія могуць абараніць працу, прэзентаваць яе. Сваёй задачай яна бачыць адшукаць цікавую методыку і правесці згодна з ёй даследаванне (Ад сябе б дадала, што вопытны педагог таксама заслугоўвае дыплом І ступені: за сціпласць — аўт.). А вось тэмы выбіраюцца з прывязкай да Нарачанскага краю. Насціна тэма не стала выключэннем. Яна гучыць так: “Параўнанне вынікаў ацэнкі якасці вады ручаёў Нарачанскага рэгіёну біялагічнымі і хімічнымі метадамі”.
— Так сталася, што навукоўцы вывучаюць у асноўным азёры нашага краю. А ў нас жа шмат і ручаёў, якія ўплываюць на якасць вады ў вадаёмах. Вось мы з Таццянай Уладзіміраўнай і вывучалі два з іх, — расказвае Насця. — Тэма была выбрана невыпадкова, яе паспяхова асвятлялі старэйшыя за мяне школьнікі. Я ж пераняла эстафету і больш паглыбілася ў яе. У мінулым годзе з ёй нядрэнна выступіла на абласным узроўні, мела трэцяе месца. Ну а сёлета стала лепшай на рэспубліцы. Прыемна! Праўда, шмат пытанняў на абароне задавалі…
— Гэта ж добра! — падхоплівае Таццяна Уладзіміраўна. — Значыць, праца выклікала цікавасць у членаў журы. А адказы толькі падмацавалі тваё добрае валоданне тэмай. Значна горш, калі пытанняў няма. Заўсёды так кажу дзецям.
Падставай для гонару калектыву Нарацкай сярэдняй школы №2 апошнімі лютаўскімі днямі стала яшчэ адно дасягненне высокага ўзроўню: дзесяцікласнік Данііл Рудзянкоў стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Кіраўніком маёй працы была Юлія Канстанцінаўна Верас, якая з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Нарачанскай біястанцыі імя Вінберга, — распавядае Данііл. — Тэма гучыць так: “Экатаксікалагічная ацэнка ўздзеяння сродкаў бытавой хіміі на водныя экасістэмы”. Каштоўнасць вынікаў маёй працы заключаецца ў тым, што яна мае больш практычны падыход, чым тэарэтычны. Падчас падрыхтоўкі мы з Юліяй Канстанцінаўнай праводзілі ў нас у курортным пасёлку анкетаванне, пыталіся, якой бытавой хіміяй карыстаюцца мясцовыя жыхары, ці ведаюць пра экасродкі і так далей. Праца стала захапляльнай, а яе вынікі значна папоўнілі мой багаж ведаў і ўвогуле пашырылі кругагляд. Спыняцца на дасягнутым не збіраюся.
З чарговай вас перамогай, юныя даследчыкі! Натхнення вам і вашым настаўнікам у далейшай дзейнасці!

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



09 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  возера Мястра _06-040

Пабрацімы Мядзела