“Абаронцам Айчыны прысвячаецца…”

Сёлета Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адзначылі свой 100-гадовы юбілей. Урачыстасць, прымеркаваная да свята, адбылася ў гарадскім Доме культуры. На сцэне вядучыя — Аксана Мельнічэнка і Павел Акуневіч. Яны шчыра вітаюць прысутных у зале мужчын і запрашаюць на сцэну старшыню райвыканкама Анатолія Вайнілку. Анатолій Мар’янавіч падкрэсліў: “Наша гісторыя багатая на прыклады стойкасці і адвагі, мужнасці і гераізму абаронцаў Айчыны. Імёны герояў, іх ратныя подзвігі, баявыя традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне і служаць прыкладам адданасці воінскаму абавязку і гатоўнасці да самаахвяравання ў імя Радзімы. Сёння мы асабліва выразна разумеем цану міру на зямлі. Ён з’яўляецца вялікім набыткам, які неабходна берагчы і абараняць”. Прамоўца словы асаблівай удзячнасці адрасаваў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам, усім абаронцам Айчыны, якія годна і з гонарам выконвалі і зараз выконваюць воінскі абавязак, забяспечваюць мір і стабільнасць нашага агульнага дома. Выканаў кіраўнік раёна і прыемную місію: уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі са святам маёру ў адстаўцы Мікалаю Конанаву, начальніку групы прызыву на ваенную службу райваенкамата маёру Васілію Аскірку, настаўніку Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Валерыю Хацяновічу, а падзяку старшыні райвыканкама — старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” маёру ў адстаўцы Міхаілу Чаркасаву.


Слова мае ваенны камісар раёна Алег Радкевіч:
— Быць салдатам — высокі гонар і вялікая адказнасць. Разам са словамі ваеннай прысягі на вернасць Айчыне кожнае новае пакаленне прымае на сябе абавязак быць дастойнымі нашчадкамі гераічнай славы абаронцаў Айчыны, багатых армейскіх традыцый. У памяці народнай ніколі не знікне вобраз воінаў-пераможцаў, усіх тых, хто змагаўся за Айчыну, хто загінуў на полі бою, да канца выканаўшы свой абавязак, хто выратаваў свет ад карычневай чумы, хто ўзняў Сцяг Перамогі над звергнутым Рэйхстагам. Мы схіляем галовы перад ветэранамі, жывымі сведкамі тых грозных падзей, якія 73 гады таму заклалі надзейны падмурак сённяшняга мірнага суіснавання. Выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, нашы суайчыннікі ваявалі ў “гарачых” кропках. Многія не вярнуліся дадому. Памяць пра загінуўшых глыбока ўвайшла ў душы і сэрцы беларусаў, застыла ў гранітных помніках. Прайшло 29 год з таго дня, калі савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана, апошнюю краіну, у якой ваявалі нашы землякі, але як бы не аддаляліся тыя падзеі, мы ўяўляем боль людзей, якія страцілі на чужой зямлі сваіх родных і блізкіх. Воіны-інтэрнацыяналісты з гонарам выканалі воінскі абавязак. Чалавецтва ўступіла ў трэцяе тысячагоддзе. Але, на жаль, неабходнасць ва ўзброенай абароне не толькі не адпала, а, наадварот, набыла асаблівае значэнне і актуальнасць. Пра гэта нагадваюць узброеныя канфлікты ў розных кропках планеты, якія не спыняюцца. Глабальнай стала праблема тэрарызму і экстрэмізму. Названыя абставіны і вымушаюць Рэспубліку Беларусь прымаць адэкватныя меры па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і павышэнні абараназдольнасці краіны, умацаванні Узброеных Сіл. Упэўнены, што і надалей армія застанецца для краіны гарантам бяспекі, стабільнасці і спакою. Віншую ўсіх, хто знаходзіцца на баявым пасце, нясе адказную і нялёгкую службу. Выказваю ўдзячнасць ветэранам Узброеных Сіл, якія свае веды, вопыт перадаюць моладзі і аказваюць ёй неацэнную дапамогу ў прафесійным і грамадзянскім станаўленні. Дабра, шчасця, згоды і дабрабыту зычу кожнай сям’і. Здароўя і даўгалецця — ветэранам, паспяховай службы —салдатам і афіцэрам. Няхай гэта свята адважных і мужных людзей будзе заўсёды мірным і радасным!
Раённы ваенны камісар уручыў юбілейныя медалі “100 год Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Міхаілу Чарняўскаму, Міхаілу Гардону і Мар’яну Аніську. Такую ўзнагароду атрымалі на свяце таксама афіцэры райваенкамата маёры Віталій Якушаў, Яўген Яскавец, Васілій Аскірка, старшыні раённага савета ветэранаў, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” падпалкоўнік запасу Юрый Мяркулаў, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” маёр у адстаўцы Міхаіл Чаркасаў. За шматгадовую добрасумленную працу ў ваенным камісарыяце раёна былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Наталля Місуна, Жанна Марчанка і старшы прапаршчык Валянцін Грыбоўскі. Грамат прафсаюзнай арганізацыі ваеннага камісарыята вобласці ўдастоены Людміла Крэміс і Генадзь Лісоўскі. Падзячнае пісьмо ад камандуючага ўнутранымі войскамі за належную арганізацыю прызыву на тэрміновую ваенную службу атрымаў маёр Васілій Аскірка.


У рамках святкавання 100-годдзя Узброеных Сіл сярод навучэнцаў азёрнага краю праводзіўся конкурс на лепшы верш пра Узброеныя Сілы. Пераможцам яго стаў шасцікласнік з Будслаўскай СШ імя П. Мядзёлкі Ілья Хадзюш. Грамату і падарунак ад ваеннага камісарыята раёна ўручыў прадстаўніку названай установы адукацыі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” маёр у адстаўцы Міхаіл Чаркасаў.
З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі з нагоды адметнай даты да прысутных звярнуліся начальнікі раённых аддзелаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Андрэй Каркоцкі і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Штура, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Міхаіл Рымант. Яны ж уручылі райваенкаму вітальныя адрасы, а Андрэй Анатольевіч — і грамату за ўзаемадзеянне ў пытаннях прафілактыкі пажараў і надзвычайных здарэнняў.
Было што сказаць і Міхаілу Чаркасаву, служба якога праходзіла ў тым ліку і ў нашым Нарачанскім краі. Міхаіл Уладзіміравіч уручыў ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, якую ўзначальвае, граматы кадравым ваенным — Алегу Радкевічу, Віталію Якушаву, Віктару Барысееву, Пятру Райчонку, Генадзію Ефімаву, Юрыю Мяркулаву, Вячаславу Гардону, Леаніду Сульжыцкаму, воіну-інтэрнацыяналісту Мікалаю Калошку.
Удалым дапаўненнем да слоў вядучых, віншаванняў стала дэманстрацыя фільма пра афіцэраў у адстаўцы, якія пражываюць на тэрыторыі раёна. Упрыгожыла мерапрыемства і віншаванне дзяцей. У гонар моцнай паловы чалавецтва на працягу ўрачыстасці гучалі вершаваныя радкі, выконвалі песні. Бурнымі і працяглымі апладысментамі гледачы сустракалі салістаў Пятра Маўчана, Вікторыю Стэрнад, Вікторыю Багінскую, Анжаліку Кароль, Пятра Амірава, Валянціну Мандрык, Вольгу Буянаву. Хораша спявала трыа ў складзе Соф’і Мустафы, Камілы Вахрушавай, Вікторыі Багінскай. На “ўра” прысутныя ўспрынялі выступленне клуба аматараў песні “Верасень” (кіраўнік — лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэла Іванова), а таксама танцавальныя нумары, падрыхтаваныя вучнямі харэаграфічнага аддзялення Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



06 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах        223_ wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела