Італія — мае абдымкі. Фларэнцыя

Тыдзень у Рыме падыходзіў да канца, і пара была збірацца ў наступны пункт маёй паездкі — Фларэнцыю.
Транспартныя шляхі ў Італіі наладжаны нават паміж самымі дробнымі гарадамі. Аўтобусы і цягнікі па папулярных маршрутах ідуць кожныя паўгадзіны. Квіткі можна набыць у касах вакзала, а можна ў спецыяльных аўтаматах, якіх так шмат, што чарга — з’ява рэдкая. З інтэрфейсам разбярэцца нават той, хто не моцны ў мовах, аплаціць можна наяўнымі і па картцы.
Адзінае, чаму трэба надаць большую ўвагу — гэта пункт адпраўлення. У Рыме, напрыклад, не ўсе цягнікі па маршрутах сыходзяць з цэнтральнага вакзала. Але нават калі вы раптам заблукалі і не паспелі на свой, хвалявацца не варта. У Італіі вельмі гнуткая сістэма пасадкі на рэгіянальныя цягнікі. Фактычна набываеце квіток без часу і даты адпраўлення. А перад патрэбным вам прабіваеце білет на пероне. І з гэтага моманту ў вас у запасе яшчэ чатыры гадзіны на тое, каб сесці на цягнік. Гэта дае пэўную перавагу.
Напрыклад, калі раптам у дарозе ўбачылі маляўнічую вёсачку, а час пасадкі яшчэ не закончыўся — можна смела выйсці і пагуляць па правінцыі, а затым сесці на наступны цягнік.
Я ж купляла ўсе квіткі загадзя, з фіксаванымі датамі і часам, але цяжкасцей з прычыны гэтага не адчула. Адзінае да чаго была не гатова — цягнікі ў Італіі спазняюцца, гэта нармальна. І калі кажу спазняюцца, то не маю на ўвазе дзесяць-пятнаццаць хвілін чакання. З Рыма ў Фларэнцыю паехала праз паўтары гадзіны пасля таго, як абвясцілі пасадку. На шчасце, у мяне не было жорсткага графіка, а пытанне з засяленнем у хостэл вырашылася адным СМС.
Пасля ўжо стала зразумела, ехаць па правінцыі Таскане на цягніку — глупства. Гэта вельмі ўзгорыстая мясцовасць, і чыгуначнае палатно раз-пораз нырае ў тунэлі. Што ў выніку не дае ў поўнай меры атрымаць асалоду ад пейзажу. Таму лепш аўтобус, хай ён і едзе даўжэй, але пры гэтым квіток каштуе танней, а дарога дазваляе любавацца праз акно колькі заўгодна.

Людзі

Пасля шумнага, шматлюднага Рыма Фларэнцыя сустрэла спакоем і цішынёй. У пятніцу вечарам, здавалася б, самы час для гулянак і кампаній — тут нават у самым цэнтры было пуста. За вулічнымі столікамі кафэ сядзелі мясцовыя жыхары, пілі сангрыю, слухалі жывую музыку і проста размаўлялі.
Я правяла ў Італіі ўжо тыдзень, і ўсё ж для мяне заставалася дзіўным, што можна вось так піць кожны дзень і пры гэтым не зарабіць залежнасць. З цяжкасцю ўяўляецца, як у кавярні ля майго дома ў Мінску кожны вечар сядзелі б адны і тыя ж людзі, пілі, размаўлялі пра жыццё і мастацтва і не выклікалі асуджэння навакольных. Здаецца, менавіта гэта і называецца «культурай піцця».
Мой хостэл знайшоўся ў дворыку дома на адной з цэнтральных вуліц. Маленькі, але ўтульны, з альтанкай пад вокнамі i густым садком з кустоў і дрэў у традыцыйных аранжавых кадках. Я была ўпэўнена, што начаваць давядзецца адной, але ў пакой зайшла мініяцюрная караянка. Мы хутка пазнаёміліся і вырашылі, што не варта адразу класціся спаць. І, пакінуўшы рэчы, пайшлі шукаць, дзе павячэраць, і шпацыраваць.
Зусім хутка выйшлі да галоўнай славутасці горада — кафедральнага сабора Санта Марыя дэль-Ф’ёрэ. Калі бачыш яго на паштоўках, здаецца, што нічога грандыёзнага ў ім няма. Ну так, узвышаецца над усім горадам, ну так, купал яго (аўтарства Піліпа Брунэлескі) лічыцца адным з самых грандыёзных праектаў эпохі Адраджэння. Ну і што? Паштоўка, як паштоўка.
У рэальнасці ж ад выгляду сабора захоплівае дух. Ён велізарны і велічны. А каб разгледзець усе дэталі мармуровых сцен, не хопіць і цэлага дня. Калі яго пачыналі будаваць ў 1296 годзе, меркавалася, што сабор зможа змясціць у сябе ўсё насельніцтва горада (на той момант дзевяноста тысяч чалавек). Але вось ліпеньскі вечар, і на плошчы — толькі я і мая суседка караянка.
У выніку — вячэралі прама тут. Купілі ў суседняй забягалаўцы кебаб (прадавец доўга думаў, калі я сказала, што з Беларусі, а потым папрасіў прабачэння і дадаў мне пабольш пякучага перцу — цікава, да чаго б гэта?) і ўладкаваліся на каменнай лаўцы ля паўночнай сцяны сабора.
Перац зрабіў сваю справу, але кебаб быў смачны, таму мы абедзве плакалі, але працягвалі есці. Адначасова спрабуючы распавядаць адна адной пра свае краіны. У перапынках чыталі вершы на родных мовах і дзяліліся планамі на падарожжа. Калі сказала, што дабіраюся да сваёй хроснай мамы ў Мілан, мая спадарожніца вельмі здзівілася.
— А што такое «хросная мама»?
Да гэтага моманту ні разу не задумвалася, як бывае цяжка растлумачыць хрысціянскую ідэю будысту. Прайшла амаль гадзіна, перш чым мая субяседніца ўсклікнула:
— О, я зразумела. Гэта мама, якую прызначаюць табе, калі твае бацькі памерлі?
Вядома, пачала пратэставаць, але, здаецца, больш канкрэтна растлумачыць так і не змагла. У выніку вырашылі спыніцца на тым, што гэта проста сваячка і нікому паміраць не трэба.
На наступную раніцу дзяўчына з’ехала, пакінуўшы ў мяне на тумбачцы піражок і запіску з кантактамі, каб я змагла знайсці яе ў інтэрнэце. У хостэл засяліліся дзве немкі, але гутарка з імі ў нас не заладзілася, і я пайшла гуляць адна.

Ежа

Усе даведнікі ў адзін голас крычалі, што пабываць у Фларэнцыі і не паспрабаваць тутэйшых мясных страў — злачынства. Што ж, я — злачынца. Міма мяне прайшла і лазання, і бутэрброды з трыбухамі, і «прошутто». Не лічачы кебаба — відавочна, не мясцовай стравы — я сілкавалася ў асноўным свежай садавінай, гароднінай і сумесямі салатаў з маленькіх крамачак «Усё па еўра», якія можна было знайсці ў кожным кутку.
На вячэру купіла дыню, маленькую, аранжавую і сакавітую настолькі, што пасля яе давялося лезці ў душ, каб адмыцца ад соку. Упершыню паспрабавала свежы інжыр і ні разу не пашкадавала, што адмовілася ад разнастайнасці мясных страў.

Горад

Пры святле дня сабор Санта Марыя дэль-Ф’ёрэ стаў падобны на карціну, напісаную акварэллю. Але зачараванне крыху пацьмянела з прычыны вялізнага натоўпу людзей. Ды так, што пашкадавала, што не стала ўначы разглядаць «Браму раю». Аўтар гэтых варот — італьянскі скульптар Ларэнца Гіберці, але сваю запамінальную назву яны атрымалі дзякуючы Мікеланджэла. Каля «Брамы раю» нязменна збіраецца натоўп, большасць людзей стаіць толькі ў чарзе, каб патрапіць унутр сабора і падняцца на купал.
Я не паспела купіць квіткі загадзя і вырашыла не марнаваць час на чаканне. Замест гэтага адправілася адразу да яшчэ адной сусветна вядомай славутасці — маста Понтэ В’еко.
Але і тут не варта было цешыць сябе надзеямі. Як і шмат стагоддзяў таму, калі на гэтым мосце — найстарэйшым у горадзе — за прылаўкамі гандлявалі мяснікі, цяпер на Понтэ В’еко ў выхадны дзень было не праштурхнуцца ад наплыву людзей. Толькі мясныя лаўкі — ювелірныя майстэрні і крамачкі з каштоўнымі металамі, а крыклівых гаспадынь, што прыйшлі за свежай баранінай, замянілі такія ж шумныя турысты.
На мост прыемней пазіраць збоку. Нягледзячы на свае памеры і архітэктуру, Понтэ В’еко не падаецца грузным. Ён успрымаецца хутчэй як працяг горада, адна кароткая вуліца, выразаная з масіву дамоў. Асіметрычны, з выпуклымі балкончыкамі дамоў, ён нагадвае жылыя масты з казачнага свету Макса Фрая.
Каб трапіць да арачных вокнаў у сярэдняй секцыі маста, адкуль можна палюбавацца на раку Арно, давялося ладна папрацаваць лакцямі, але і там цісканіна не аслабла, і я паспяшалася перайсці на другі бок ракі, паабяцаўшы сабе вярнуцца сюды ўвечары, калі стане менш людзей. Але адзначу, што «менш людзей» на мосце так і не стала.
…На процілеглым беразе Арно натоўп ладна парадзеў. У нейкі момант заўважыла, што іду па вузкай вулачцы з мноствам паваротаў і зусім адна. Зайшла купіць марожанае і выпадкова знайшла дзіўнае графіці — Венера ў акулярах дайвера. За выхадныя ў Фларэнцыі яшчэ некалькі разоў натыкалася на падобныя працы — героі вядомых карцін у плавальных акулярах, на блакітным або сінім фоне з бурбалкамі. Пасля аказалася, што гэта працы вядомага вулічнага мастака Blub. А праект называецца «L’arte sa nuotare», што ў перакладзе азначае «мастацтва ўмее плаваць». Плавальнымі маскамі абзавяліся многія вядомыя гістарычныя і медыйныя асобы.
У астатнім Фларэнцыя аказалася даволі чыстым горадам, у адрозненне ад Рыма, тут практычна не траплялася распісаных бязглуздымі крамзолямі сцен.
Вуліца была вузкая, а ўсе дзверы на ёй зачынены, верагодна, тут месціліся майстэрні, якія не працавалі ў выхадныя. Але вось наперадзе з’явілася адкрытая крама. Не звярнула б на яе ўвагі, калі б, праходзячы міма, не пачула ціканне гадзінніка і электрычнае патрэскванне. Зазірнула.


І трапіла ў сапраўдную лаўку алхіміка! Па меншай меры, так мне падалося з першага погляду. Нейкія незразумелыя, але вельмі прыгожыя механізмы з карункавымі гадзіннікамі ўнутры, натуральныя камяні пад шклянымі купаламі, драконы з шасцярэнек, птушкі з вачыма з каштоўных камянёў. І разнастайныя кольцы, гледзячы на якія, цяжка паверыць, што чалавек здольны так апрацаваць прыродны матэрыял.
У гэтай лаўцы выпадкова сутыкнулася з рускімі турыстамі і іх гідам. Пачула, што гэта майстэрня вядомага італьянскага ювеліра, скульптара і музыканта Аляксандра Дарі.
Сам майстар, дарэчы, рабіў тут жа, за невялікім сталом у далёкім куце. І зусім не звяртаў увагі на наведвальнікаў.
А майстэрня была падобная хутчэй на музей, чым на звычайную краму. Таму, нягледзячы на тое, што цяпер ведаю: Аляксандр Дарі — ювелір, у маіх успамінах ён назаўжды застанецца алхімікам.
Далей вуліца адчувальна пайшла наверх, і, у рэшце рэшт, я выйшла да падножжа ўзгорка, на вяршыні якога была бачна назіральная пляцоўка. З вышыні Фларэнцыя ўяўлялася пейзажам з паштоўкі. Невысокія дамы, гмах сабора ў цэнтры, рэдкія вежы храмаў і нізкія «акварэльныя» аблокі. Стала бачна, што горад ляжыць у даліне, і я падумала, што, калі б захацела, змагла б за дзень прайсці яго наскрозь і падняцца на пагорак з процілеглага боку.
Але прама цяпер вырашыла не вяртацца ў горад, а пайсці далей, уверх па пагорку. І старадаўнія вуліцы хутка змяніліся невялікімі (а часам вельмі вялікімі і прыгожымі) прыватнымі домікамі. Машын амаль не стала, толькі часам міма ездзілі дзеці на веласіпедах. Замест шуму натоўпу прыйшла вясковая цішыня з рэдкімі воклічамі жыхароў, брэхам сабак і крыкам пеўняў. Чамусьці менавіта наяўнасць курэй уразіла мяне больш за ўсё. Каля плота сядзела дзяўчынка, вырывала з карэннем траву і, прапіхваючы праз сетку, клікала птушак. Маленькае дзіця ў зусім незнаёмай, непадобнай на маю краіне займалася тым жа, чым і я ў дзяцінстве. Нават чалавеку, які не ўспрымае свет стэрэатыпамі, карысна часам вось так нагадаць сабе, наколькі ўсе мы аднолькавыя.
У цэнтр горада вярнулася да заходу. Узяўшы фруктовы мікс у краме, уладкавалася на лаўцы ля царквы Святога Крыжа — Санта-Крочэ — самай буйной у свеце францысканскай царквы. На другім баку плошчы іграў вулічны музыкант. Я асабліва не ўслухоўвалася ў тое, што ён спявае, зацікаўленая хутчэй інструментам — ён іграў банджа. А потым раптам зразумела, што музыка пастаянна паўтарае маё імя. А спяваў ён вось што: «О, Саша, мілая Саша, я так кахаю цябе». Яшчэ адно прыемнае супадзенне: адно з тых, што суправаджала ўсю паездку. А я — рамантык. Магчыма, гэта сама Італія звярталася да мяне праз песню?

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



02 сакавiка 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi  возера Мястра  _06-040 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела