“Крокі” на Мядзельшчыне

У 1970-ыя ў вёсцы Заброддзе, што на Вілейшчыне, пасяліўся мастак Барыс Цітовіч з сям’ёй. Па сваёй ініцыятыве і за ўласныя сродкі добраўпарадкаваў шэраг вайсковых пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны, устанавіў помнікі, пабудаваў капліцу, стварыў музей. Заснаваў Мясцовы дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны “Крокі”. Барыс Цітовіч — лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Больш за тыдзень таму ў Вілейцы адбылося пасяджэнне папячыцельскага Савета і праўлення Мясцовага дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду і музея памяці Першай сусветнай вайны “Крокі”. Сярод іншых дасягненняў названа стварэнне Пастаўскага і Мядзельскага філіялаў фонду (іх кіраўнікам былі ўрачыста ўручаны адпаведныя дакументы).
Пастаўчанін Андрэй Мацур расказаў, што да ўтварэння філіяла ў іх тры гады дзейнічаў валанцёрскі рух “Заходні рубеж”. Гэта была ініцыятыва знізу: актывісты звярнуліся з прапановай у райвыканкам і былі падтрыманы. За тры гады валанцёры прывялі ў адносны парадак 17 воінскіх пахаванняў часоў Першай сусветнай. Мядзельскі філіял — таксама грамадская ініцыятыва. Пра гэта расказалі яго прадстаўнікі Святаслаў Гаўрыс і Валерый Люштык.
Пасля пасяджэння мы пагутарылі з дырэктарам Мядзельскага філіяла дабрачыннага фонду Святаславам ГАЎРЫСАМ.
— Святаслаў, што ў бліжэйшых планах філіяла?
— Планаў шмат. У першую чаргу — дасягненне мэты, дзеля якой і ствараўся фонд — увекавечанне памяці пра герояў, ахвяр і падзеі Першай сусветнай вайны. Сёння на тэрыторыі нашага раёна пашпартызавана 11 месцаў пахавання рускіх воінаў і 9 — германскіх. Ім неабходны догляд: гэта патрэбна не мёртвым, а нам — жывым. Выяўляюцца і не вядомыя раней пахаванні. У гэтым напрамку збіраемся і надалей праводзіць даследчую працу: архіўную і пошукавую. Разлічваем таксама на дапамогу мясцовых жыхароў.
Сёлета — 100 год заканчэння Першай сусветнай вайны, у сувязі з чым у раёне запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Збіраемся ў іх актыўна ўдзельнічаць.
У больш аддаленай перспектыве плануем разам з вілейскімі і пастаўскімі калегамі пракласці гісторыка-турыстычны маршрут. Гэта магчыма: добра захавалася інфраструктура часоў Першай сусветнай, ёсць пад’язныя шляхі. Трэба проста прывесці ўсё ў належны стан, забяспечыць інфармацыяй. Упэўнены, што гэта будзе прыцягальна для турыстаў. Але яшчэ больш важна — для мясцовых людзей: нашы дзеці павінны ведаць, на якой зямлі жывуць. Патрыятычнае выхаванне — таксама адна з мэт дзейнасці фонду.
Будзем ініцыяваць наданне статусу гістарычнага помніка царкве ў аграгарадку Занарач…
— Сапраўды, планы сур’ёзныя. Толькі ці зможа іх рэалізаваць філіял дабрачыннага фонду? Ён жа існуе на грамадскіх пачатках…
— І на грамадскіх пачатках можна зрабіць нямала. Да таго ж, нашы ініцыятывы заўсёды знаходзяць разуменне і падтрымку ў райвыканкаме.
Вялікую работу па пашпартызацыі пахаванняў праводзіць раённы ваенны камісарыят. А парадак на іх падтрымліваем усе разам: і ваенкамат, і сельвыканкамы, і грамадскія арганізацыі (ёсць адпаведнае рашэнне райвыканкама). Усё гэта — не разавыя акцыі, а пастаянная праца.
Спадзяёмся таксама на плённае ўзаемадзеянне з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, міліцыяй, царквой.
— Вы казалі, што разлічваеце і на дапамогу мясцовых жыхароў. Што маеце на ўвазе?
— Лічу, што цікавую і праўдзівую інфармацыю пра вайсковыя пахаванні часоў Першай сусветнай можна атрымаць не толькі ў архівах, але і ад старых людзей. Вядома, ужо няма непасрэдных сведкаў тых падзей. Але, магчыма, нехта ведае пра магілы “салдацікаў той вайны” ад сваіх бабуль і дзядуляў. Усе звесткі пра няўлічаныя пахаванні просім паведамляць нам. Можна ў любы час тэлефанаваць асабіста мне па нумары 8-029 700-96-92 (МТС).
— І якія будуць Вашы дзеянні?
— Механізм адладжаны. Выклікаецца пошукавы батальён, які вызначае межы пахавання са складаннем акта. Гэта — абавязкова. Далей — залежыць ад абставін.
Калі месца пахавання зруйнавана (заарана, зарасло хмызняком і г. д.) і цяпер ніяк не абазначана, але з архіўных дакументаў вядома, што салдаты пахаваны з усімі ўшанаваннямі таго часу, з адпяваннем палкавым святаром — гэта месца трэба пашпартызаваць, абгарадзіць, паставіць адпаведны мемарыяльны знак.
Але нярэдка выяўляюцца астанкі салдат, якія ў свой час не былі пахаваны: напрыклад, загінулі і былі засыпаны зямлёй. Пра іх не ведаюць, па іх ходзяць, грыбы-ягады збіраюць… У такіх выпадках патрабуецца перапахаванне з ушанаваннем і адпяваннем.
— Ці гатовы філіял прыняць у свае шэрагі новых людзей?
— Так! Будзем рады кожнаму, каму гэта цікава. Членства ў фондзе дае шэраг прывілей, у тым ліку магчымасць працаваць у архівах і бібліятэках Беларусі і Расіі. Аднак усіх, хто пажадае далучыцца, адразу пазнаёмім з нормамі заканадаўства (у тым ліку крымінальнага), якія тычацца нашай дзейнасці. Бо нельга дапусціць, каб аўтарытэтам і пасведчаннем фонду скарысталіся людзі, якія маюць карыслівыя мэты — чорныя капальнікі.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.



28 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай dsc_5774-3 на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси